Эксперт: Захоп Кіева — больш не галоўная мэта расійскага войска

Наступ на Кіеў цяпер другасны для Масквы, і асноўныя намаганні расійскіх войскаў будуць накіраваныя не на яго. Прынамсі, так мяркуе навуковы супрацоўнік лонданскага абаронна-аналітычнага цэнтра Каралеўскага інстытута аб'яднаных узбраенняў Джэк Уотлінг, піша ВВС.

Фота go2road.blogspot.com

Фота go2road.blogspot.com

Расійскія войскі, якія спрабавалі арганізаваць наступ на сталіцу Украіны, патрапілі ва ўразлівае становішча і далі ўкраінцам магчымасць паспяхова контратакаваць.

Як адзначае Уотлінг, расійскія падраздзяленні цяпер адыходзяць на пазіцыі, якія больш зручныя для абароны, вайскоўцы цяпер больш кансалідаваныя, але будуць працягваць выкарыстоўваць артылерыю для прадухілення ўкраінскіх контратак на гэтыя пазіцыі.

Тыя расійскія падраздзяленні, якія цяпер знаходзяцца ў раёне Кіева, наўрад ці будуць адпраўленыя адразу на Данбас, лічыць аналітык, паколькі іх байцы вельмі стомленыя.

З-за вялікіх лагістычных праблем у пачатку вайны "расіянам было вельмі цяжка замацавацца" на тых межах, якія яны планавалі ўтрымаць падчас кампаніі, але цяпер гэта мяняецца, падкрэслівае Уотлінг.

"Мы назіраем значнае ўзмацненне — як у сферы камандавання, так і кіравання, у тым, наколькі дакладней яны сталі каардынаваць свае артылерыйскія ўдары. Так што, здаецца, яны замацоўваюцца там, дзе зараз знаходзяцца, і прыходзяць да разумення таго, як правільна забяспечваць і падтрымліваць свае войскі".