Эксперты: У «новым» расійскім «Арэшніку» выкарыстоўваюцца тэхналогіі часоў Юрыя Гагарына

Эксперты паказалі часткі расійскай ракеты «Арэшнік», якой быў нанесены ўдар па Львове. Расказы пра «сучаснасць» гэтай зброі аказаліся моцна перабольшаныя. Прыкладна так, як перабольшваюцца і расійскія поспехі ва Украіне. Ідуць 1418-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з internazionale.it

Ілюстрацыйнае фота з internazionale.it

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 173 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Зацішак, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Ніканораўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 23 атакі расіян у раёнах Гуляйполя, Варвараўкі, Зяленага, Даражнянкі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак каля Злагоды, Рыбнага, Салодкага, Січневага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ 13 разоў атакавала ў раёнах Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Шчарбінаўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 10 разоў, намагаючыся прасунуцца ў кірунку Дружалюбаўкі і ў раёнах Дробышава, Сярэднягя, Навасёлаўкі, Зарэчнага.

* * *

Расійскія войскі працягваюць кантраляваць населены пункт Грабоўскае ў Сумскай вобласці, аднак пашырыць зону баявых дзеянняў ім не ўдалося, паведаміў у эфіры тэлемарафону прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

«Калі казаць пра Сумскую вобласць і ў тым ліку па кірунку населенага пункта Варачына, там раней праціўнік спрабаваў штурмаваць пазіцыі падраздзяленняў ДПСУ. Таксама ён здзяйсняў падобныя дзеянні нядаўна і па кірунку населенага пункта Міраполле», — адзначыў Дземчанка.

Паводле яго слоў, дзякуючы дзеянням украінскіх вайскоўцаў расіяне не змаглі пашырыць свой кантроль на іншых кірунках, і цяпер утрымліваюць толькі асобныя пазіцыі. Сітуацыя на Сумшчыне застаецца кантраляванай, украінскія абаронцы працягваюць наносіць кропкавыя ўдары па праціўніку, каб стрымліваць яго прасоўванне.

* * *

Расійскія вайскоўцы працягваюць спробы прарваць абарону ў раёне Купянска, засяроджваючы сілы на ўсходнім беразе ракі Аскол у Харкаўскай вобласці. Яны спрабуюць выціснуць адтуль Сілы абароны Украіны, але іх намаганні не прыносяць заўважнага выніку, распавёў у эфіры тэлеканала «Мы — Украіна» начальнік упраўлення камунікацый Групоўкі аб'яднаных сіл Віктар Трэгубаў.

Ён адзначыў, што сама рака Аскол не адыгрывае стратэгічнай ролі ў ваколіцах Купянска, бо кантроль абодвух берагоў застаецца за ўкраінскімі абаронцамі. Аднак на поўнач ад горада расійскія вайскоўцы спрабуюць яе пераадолець. «Яны спрабуюць праз яе перапраўляцца цяпер, калі ёсць лёд. І, на жаль, гэта часам удаецца», — адзначыў Трэгубаў.

У самім Купянску працягваецца аперацыя па вызваленні горада: сілы абароны аслабляюць пазіцыі арміі РФ. Паводле інфармацыі Трэгубава, колькасць расійскіх вайскоўцаў у горадзе на гэты момант не перавышае некалькіх дзясяткаў, і аперацыя па вызваленні знаходзіцца на фінальным этапе.

* * *

У ноч на 11 студзеня гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра трапленне расійскага дрона тыпу «Маланка» ў інфраструктурны аб'ект горада.

* * *

615264930_1233688105610932_3491262812620846971_n.jfif

* * *

Савет бяспекі ААН па патрабаванні Украіны 12 студзеня скліча экстраннае пасяджэнне па расійскіх атаках, у тым ліку з прымяненнем балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік». На пасяджэнні будзе разгледжана пытанне аб грубых парушэннях Расіяй Статута ААН, паведаміў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы Х.

Сібіга адзначыў, што расійскія атакі падрываюць міжнародную бяспеку і мірныя намаганні Злучаных Штатаў, еўрапейскіх дзяржаў і іншых партнёраў. Міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць неадкладна, каб узмацніць ціск на агрэсара і аднавіць працяглы мір, дадаў ён.

* * *

Расійская ракета «Арэшнік», выкарыстаная для ўдару па Украіне ў ноч на 9 студзеня, выраблена з выкарыстаннем маральна састарэлых савецкіх кампанентаў, распавёў у інтэрв'ю CNN кіраўнік лабараторыі ваенных даследаванняў Кіеўскага навукова-даследчага інстытута судовых экспертыз Андрэй Кульчыцкі.

На думку эксперта, вынікі аналізу рэшткаў ракеты абвяргаюць сцвярджэнні Крамля аб сучаснасці гэтага віду ўзбраення. Было ўстаноўлена, што сярод яе асколкаў утрымліваюцца электралямпы і гіраскоп савецкай вытворчасці. «Вось гіраскоп з "Арэшніка". Яшчэ Юра Гагарын з такім лётаў», — паказаў Кульчыцкі.

Іншы супрацоўнік лабараторыі паказаў мікрасхемы з ракеты і дадаў, што ўсе знойдзеныя элементы з'яўляюцца састарэлымі яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

Раней аналітыкі з Пентагона і незалежныя ваенныя эксперты прыйшлі да высновы, што «Арэшнік» з'яўляецца мадыфікаванай версіяй ракетнага комплексу РС-26 «Рубеж», чыю распрацоўку ў Расіі афіцыйна спынілі некалькі гадоў таму. У аснове гэтай сістэмы ляжыць платформа РС-24 «Ярс», якая выкарыстоўваецца ўжо амаль 20 гадоў — з 2007 года.

* * *

Спецпасланец прэзідэнта ЗША Трампа генерал Кіт Келаг выказаў меркаванне, што менавіта расійскі кіраўнік з'яўляецца асноўнай перашкодай на шляху да мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне. Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін наўрад ці пагодзіцца на ўдзел еўрапейскіх міратворцаў, нават пры ўмове надання гарантый бяспекі з боку ЗША, паведамляе ITV News.

Келаг назваў расійскага дыктатара «каменем спатыкнення», які становіцца ўсё больш непераадольным, калі Пуцін будзе працягваць лічыць, што сітуацыя складваецца на яго карысць.

«На самай справе ён не перамагае… Я лічу, што Стыў Уіткаф данёс гэтае паведамленне. Але ці прымае гэта Пуцін? Я так не думаю», — адзначыў Кіт Келаг.