Эмануэль Макрон не спадзяецца на хуткае заканчэнне вайны ва Украіне і плануе мабілізацыю
Пакуль усе абмяркоўваюць інаўгурацыю Трампа, вайна ва Украіне не сцішваецца. І яна не сцішыцца, бо працяг вайны — гэта пазіцыя Расіі. Гэта прызнае нават той самы Дональд Трамп, не кажучы ўжо пра розных аналітыкаў. Таму, каб змяніць пазіцыю Расіі, Украіна павінна быць моцнай, лічыць прэзідэнт Францыі. Ідзе 1063-ці дзень вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
За мінулыя суткі, 20 студзеня, на лініі фронту ва Украіне адбылося 152 баявыя сутыкненні. Амаль палова баёў была зафіксавана на Пакроўскім кірунку, адлюстравана 73 атакі, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 17 нападаў непадалёк Тарэцка, Крымскага, Шчарбінаўкі. На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 15 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Новаегораўкі, Макееўкі, Цернаў. На Краматорскім кірунку адбылося 9 боесутыкненняў у раёне Часавага Яра і Ступачак.
У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 11 нападаў расійцаў.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Тарэцка, Пакроўска і Курахава ў Данецкай вобласці.
Войскі РФ нядаўна прасунуліся ў Тарэцку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 і 20 студзеня, паказваюць, што акупанты прасунуліся ў межах паўднёвай і паўночнай частак горада.
Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 19 студзеня сведчаць аб тым, што расійцы прасунуліся да шахты №2 на поўнач ад Котліна (на захад ад Пакроўска) і ў паўднёвай частцы Котліна.
Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў УСУ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў заявіў, што расійцы паменшылі колькасць франтальных удараў пяхоты на Пакроўскім кірунку з-за недахопу асабовага складу, і спрабуюць увайсці ў Пакроўск з захаду.
Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Курахоўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 19 і 20 студзеня сведчаць, што яны прасунуліся на поўдзень ад Петрапаўлаўкі і на паўднёвы ўсход ад Канстанцінопаля.
У Мінабароны РФ 20 студзеня заявілі пра захоп вёскі Шаўчэнкі (на паўночны захад ад Курахава), пры гэтым у ISW ацэньваюць, што расійцы акупавалі гэты населены пункт яшчэ 3 студзеня.
* * *
Армія РФ пачала часцей атакаваць Сумскую і Чарнігаўскую вобласці авіяцыйнымі бомбамі, паведаміў прадстаўнік аператыўнага камандавання «Поўнач», палкоўнік Вадзім Мыснік. Паводле яго слоў, такім чынам расійцы спрабуюць развеяць сілы абароны Украіны і прымусіць украінскія войскі абараняць усю памежную зону.
* * *
У ноч на 21 студзеня Расійская Федэрацыя (РФ) атакавала Украіну 131-м беспілотным лятальным апаратам (БпЛА) тыпу Shahed і дронамі-імітатарамі. Таксама расіяне запусцілі 4 балістычныя ракеты «Іскандэр-М», паведамілі ў Паветраных сілах УСУ.
Пацверджана збіццё 72 беспілотнікаў. Яшчэ 59 дронаў былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў. У Палтаўскай і Чаркаскай абласцях пашкоджаны ўстановы, гаспадарчыя пабудовы, прыватныя дамы. Спецыяльныя службы ліквідуюць наступствы, папярэдне без ахвяр і пацярпелых.
* * *
* * *
У ноч на 21 студзеня беспілотнікі атакавалі аб'екты ваеннай і крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі Расіі, у прыватнасці, Смаленскі авіяцыйны завод, які вырабляе штурмавікі Су-25. Як заявіў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка Смаленскі авіяцыйны завод цесна звязаны з іншымі прадпрыемствамі абароннага комплексу РФ, пастаўляючы кампаненты або прымаючы ўдзел у кааперацыі для стварэння сучасных авіяцыйных сістэм.
Таксама былі атакаваныя нафтаперапрацоўчы завод у горадзе Ярцава Смаленскай вобласці і нафтаперапрацоўчая база ў горадзе Ліскі Варонежскай вобласці.
Міністэрства абароны РФ заявіла пра нібыта знішчэнне 55 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй шасці абласцей.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы да мірных перамоваў па Украіне, пытанне ў пазіцыі Расіі, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў у Авальным кабінеце Белага дома.
«Зяленскі хоча заключыць дамоўленасць» — сказаў Трамп. Пуцін, на ягоную думку, таксама павінен быць гатовы да пагаднення, бо «ён разбурае Расію, не заключаючы дамоўленасць».
«Думаю, Расія мае вялікія праблемы. Паглядзіце толькі на інфляцыю ў Расіі... Я б спадзяваўся, што ён хоча заключыць здзелку», — дадаў Трамп. Пры гэтым Трамп заявіў, што плануе сустрэцца з Пуціным. Ён не раскрыў дэталяў адносна магчымых тэрмінаў такой сустрэчы, адзначыўшы, што «гэта можа адбыцца досыць хутка».
* * *
У той жа час амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Уладзімір Пуцін, заяўляючы аб сваёй гатоўнасці да перамоваў з ЗША адносна вайны ва Украіне вылучае загадзя непрымальныя патрабаванні.
У справаздачы ISW гаворыцца, што Пуцін склікаў пасяджэнне Рады бяспекі Расіі 20 студзеня, на якім ён разам з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым пацвердзілі гатоўнасць Расіі да мірных перамоваў з новай адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Але падкрэсліў, што любое мірнае ўрэгуляванне павінна грунтавацца на «ліквідацыі першапрычын» канфлікту, што, з ягоных слоў, уключае выкананне жорсткіх патрабаванняў Расіі.
«Высокапастаўленыя чыноўнікі Крамля, у прыватнасці Пуцін і Лаўроў, на працягу апошніх тыдняў неаднаразова падкрэслівалі, што Крэмль адмаўляецца разглядаць любыя кампрамісы адносна патрабаванняў Пуціна, вылучаных у канцы 2021 – пачатку 2022 года. Гэтыя патрабаванні ўключаюць пастаянны «нейтральны» статус Украіны, яе неўступленне ў NATO, строгія абмежаванні на колькасць украінскага войска і адхіленне ўкраінскага ўрада ад улады», — пішуць аналітыкі.
Пуцін таксама заявіў, што ў 2021 годзе прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прапаноўваў адкласці ўступленне Украіны ў NATO на 10-15 гадоў, але нават гэта не прадухіліла расійскае ўварванне, якое, з ягоных слоў, было «непазбежным праз дзеянні NATO».
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у звароце да французскіх узброеных сіл заявіў, што поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны не скончыцца «заўтра ці паслязаўтра», нягледзячы на абяцанні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа хутка яе завяршыць.
Ён падкрэсліў, што важна даць Украіне «сродкі, каб выстаяць, і ўступіць у любыя будучыя перамовы з пазіцыі сілы». «Выклікам на наступны дзень пасля таго, як спыняцца баявыя дзеянні, будзе даць Украіне гарантыі супраць любога вяртання да вайны на яе тэрыторыі, а таксама гарантыі нашай уласнай бяспекі», – сказаў прэзідэнт Францыі.
У прамове Макрон таксама папрасіў урад і войска падаць да траўня прапановы адносна таго, як мабілізаваць больш маладых добраахвотнікаў, каб падтрымаць Узброеныя сілы ў выпадку неабходнасці.
Нагадаем, што Вялікабрытанія і Францыя абмяркоўвалі магчымасць накіравання ва Украіну сваіх міратворцаў у выпадку спынення агню.