Галоўны рабін Масквы адмовіўся падтрымаць вайну ва Украіне і мусіў пакінуць РФ
Расійскія ўлады «аказвалі ціск» на галоўнага рабіна Масквы Пінхаса Гольдшміта. Ён адмовіўся публічна падтрымаць «спецаперацыю» ва Украіне — і з'ехаў з краіны.
Галоўны рабін Масквы Пінхас Гольдшміт пакінуў Расію з-за патрабавання ўладаў РФ публічна падтрымаць вайну ва Украіне. Пра гэта паведаміла ў Twitter журналістка Авіталь Чыжык-Гольдшміт, якая з'яўляецца нявесткай рабіна.
«Нарэшце я магу падзяліцца тым, што на маіх сваякоў, галоўнага рабіна Масквы Пінхаса Гольшміт і рэбецін Дару Гольдшміт, улада аказвала ціск з мэтай публічнай падтрымкі «спецаперацыі» ва Украіне — і яны адмовіліся», — напісала яна.
Па словах журналісткі, Гольдшміт з жонкай прыляцелі ў Венгрыю праз два тыдні пасля пачатку вайны ва Украіне. Спачатку яны падарожнічалі па Усходняй Еўропе, каб сабраць сродкі на дапамогу бежанцам, а пазней сям'я паляцела ў Ізраіль, таму што бацьку рабіна шпіталізавалі ў Ерусаліме.
Чыжык-Гольдшмідт падкрэсліла, што з моманту адмовы ад публічнай падтрымкі «спецаперацыі» бацькі яе мужа «знаходзяцца ў выгнанні з супольнасці, у якой яны любілі, будавалі і выхоўвалі сваіх дзяцей больш за 33 гады».