ISW: Расія стварае ўмовы для выкарыстання Беларусі ва ўласных ваенных мэтах

У ISW адзначаюць, што пакуль няма прыкмет, што беларускія войскі могуць пачаць наземнае ўварванне ва Украіну, але Расія можа выкарыстаць РБ для больш дакладнага ўдару дронамі. А ў Еўропе пралічваюць мажлівасці і матывацыю РФ напасці на краіны ЕС. Ідуць 1554-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

512712507_1077592421220502_6593533720571295531_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 296 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 53 штурмы расіян у раёнах Ніканораўкі, Котліна, Гарохава, Новааляксандраўкі, Ррадзінскага, Пакроўску, Грышына, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 35 атак у раёнах Дабраполля, Злагоды, Гуляйполя, Салодкага, Прылук, Залізнічнага, Стараўкраінкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Русіна Яру і ў бок Мікалайполля, Вольнага і Кучарава Яру.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 13 разоў атакавала пазіцыі УСУ у раёнах Старыцы, Ваўчанску, Вільчы, Гранаў, Ліману, Калодзезнага.

На Ліманскім кірунку расіяне 12 разоў спрабавалі ўклініцца ў абарону УСУў бок Лімана, Дробышава, Дзібровы і ў раёне Ямпаля.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку зафіксавана дзевяць штурмаў расійцаў.

* * *

У ноч на 27 траўня Расія атакавала Украіну 163 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас ды дронамі-імітатарамі тыпу «Пародзія». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 150 БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронаў іншых тыпаў на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Пяць чалавек загінулі і яшчэ двое атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па Мікалаеўцы, што ў Краматорскім раёне Данецкай вобласці.

Ноччу 27 траўня расійскія войскі масіравана атакавалі Чарнігаў, у выніку чаго было пашкоджана адно з прадпрыемстваў, склады, дамы і транспарт.

Шэсць чалавек, сярод якіх непаўналетні юнак, атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў па Днепрапетровскай вобласці.

Губернатар Растоўскай вобласці РФ і так званы губернатар часова акупаванага Крыма заявілі пра атаку на рэгіёны, у прыватнасці нібыта і ракетамі; у Таганрозе быў бачны дым над тэрыторыяй авіязавода, у Севастопалі пад ударам мог быць штаб ВПС Чарнаморскага флоту РФ.

* * * 

706483519_1343475367965538_3148754591882560537_n.jpg

* * *

Па стане на сёння Расія не здольная правесці буйны наступ супраць NATO, але можа ажыццявіць дыверсійныя дзеянні ці правакацыі, да якіх Альянс павінен быць гатовы. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, паведамляе польскае знешнепалітычнае ведамства.

Паводле слоў міністра, Расія ўяўляе для Польшчы пагрозу і да гэтага варта ставіцца сур’ёзна.

«Сёння Расія не здольная правесці буйны наступ супраць NATO, а калі б яна рыхтавалася да гэтага, мы б гэта ўбачылі — у нас ёсць спадарожнікавая разведка. Мы бачылі канцэнтрацыю ста тысяч салдат вакол Украіны, якая нарастала месяцамі», — заявіў Сікорскі.

Аднак кіраўнік МЗС Польшчы падкрэсліў, што намеры расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна сур’ёзнейшыя, чым чакала Заходняя Еўропа, таму ніхто не будзе гэтага недаацэньваць.

«Расія здольная на дыверсійныя дзеянні ці правакацыі, якія не дасягаюць узроўню сапраўднага ўварвання. Да такіх дзеянняў NATO таксама павінна быць гатовая», — падкрэсліў польскі міністр.

* * *

Расія можа выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ўдараў дронамі па трасе М-06 Кіеў — Чоп, якая праходзіць праз заходнія вобласці Украіны, уключаючы ключавыя маршруты паставак з Польшчы, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што Расія можа выкарыстаць заявы Беларусі пра выпадкі прысутнасці ўкраінскіх беспілотнікаў у сваёй паветранай прасторы, каб апраўдаць выкарыстанне беларускай тэрыторыі для ажыццяўлення па Украіне «ўдараў у адказ».

Тэрыторыя Беларусі дазволіць Расіі ажыццяўляць бесперапынныя ўдары дронамі па ўкраінскіх наземных лініях сувязі (ЛНС) на захадзе і паўночным захадзе Украіны, якія расійскія беспілотнікі пакуль не могуць лёгка паразіць з дакладнасцю і вялікай карыснай нагрузкай.

Магчымасць расійскіх войскаў выкарыстаць тэрыторыю Беларусі можа дазволіць расійскім «Шахедам» і больш танным беспілотнікам «Маланка» атакаваць аўтамагістраль М-06, якая праходзіць праз заходнія ўкраінскія вобласці, уключаючы ключавыя маршруты паставак з Польшчы ва Украіну, а таксама чыгунку, якая злучае дзве краіны.

Аналітыкі адзначылі, што расіяне ўжо атакуюць заходнія ўкраінскія вобласці са сваёй тэрыторыі, але запуск дронаў з Беларусі дазволіць расійскім войскам выкарыстоўваць дыстанцыйна кіраваныя беспілотнікі «Шахед» і «Маланка», што павысіць іх дакладнасць і здольнасць паразіць рухомыя мэты ўздоўж украінскіх ЛНС.

«Заявы Беларусі і нядаўнія папярэджанні Украіны адносна Беларусі сведчаць пра тое, што Расія стварае інфармацыйныя ўмовы для далейшага выкарыстання Беларусі ва ўласных ваенных мэтах, у прыватнасці для ўдараў па стратэгічна важных аб’ектах глабальнага нагляду ў тыле заходняй Украіны», — дадалі ў ISW.

Пры гэтым у ISW адзначаюць, што пакуль няма прыкмет, што беларускія войскі могуць пачаць наземнае ўварванне ва Украіну.

Спецыялісты ISW не назіралі і не пацвярджалі ніводнага нарошчвання ўзброеных сіл Беларусі на беларуска-ўкраінскай мяжы, якое было б дастатковым для наземнага ўварвання.

«Расіі таксама не хапае рэзерваў, неабходных для падтрымкі беларускіх войскаў у выпадку наземнага ўварвання ва Украіну», — падкрэсліваюць аналітыкі.

* * *

Расія зайшла ў тупік у вайне супраць Украіны. Таму ў еўрапейскіх сталіцах расце апасенне, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін паспрабуе ператасаваць карты, пашырыўшы канфлікт на Еўропу, піша The Wall Street Journal.

Некалькі еўрапейскіх чыноўнікаў, адказных за нацыянальную бяспеку, папярэдзілі, што Расія можа паспрабаваць праверыць згуртаванасць NATO, нанёсшы ўдар па адной з балтыйскіх краін, шведскіх ці дацкіх астравах у Балтыйскім моры або тэрыторыі Альянсу ў Арктыцы.

Акрамя таго, нядаўнія пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа выйсці з NATO і яго крокі па скарачэнні амерыканскіх войскаў, дыслакаваных у Еўропе, узмацняюць пагрозу.

Высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі апасаюцца, што Расія можа ўбачыць магчымасць для ўзмацнення сваіх пазіцый у бліжэйшыя 12 месяцаў, паколькі нафтавы крызіс, выкліканы вайной з Іранам, створыць дадатковыя палітычныя ўзрушэнні ў Еўропе, падтрымліваючы ўльтраправыя партыі, якія імкнуцца да аднаўлення закупак расійскай нафты і газу і спынення дапамогі Украіне.

Паводле слоў прадстаўнікоў еўрапейскіх разведвальных і ваенных ведамстваў, няма ніякіх прыкмет таго, што Расія сапраўды перакідвае войскі ці тэхніку для арганізацыі нападаў на краіны Балтыі ці іншыя тэрыторыі за межамі Украіны. Аднак Пуціну ў бліжэйшыя месяцы давядзецца сутыкнуцца з няпростым выбарам. Паводле ацэнак заходніх разведвальных службаў, расійскія войскі страчваюць амаль 35 000 салдат у месяц, што перавышае магчымасці Крамля па наборы асабовага складу. Працяг вайны ва Украіне ў цяперашніх тэмпах неўзабаве стане немагчымым без прымянення прымусовай мабілізацыі, і Пуціну неабходна неяк апраўдаць гэты крок.

«Калі вы проста мабілізуецеся для гэтай вайны, то вы дасце сігнал, што насамрэч не выйграеце гэтую вайну. Таму наступае момант, калі ім неабходна эскаліраваць сітуацыю, каб апраўдаць мабілізацыю. І гэта вельмі небяспечны момант. Канешне, ніхто не бачыць, што творыцца ў галаве Пуціна, але гэта можа быць разлікам для прасоўвання наперад і змены лінейнасці гэтай вайны», — адзначае высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кая Калас.

Выданне лічыць, што расійскія войскі, верагодна, паказалі б значна лепшыя вынікі супраць еўрапейскіх армій, чым супраць Украіны, асабліва калі ЗША не паспяшаюцца на дапамогу.