Кампанія Intel цалкам спыніла бізнес у Расіі
Карпарацыя Intel — адзін з найбуйнейшых вытворцаў мікрачыпаў і камп'ютарнай тэхнікі — абвясціла аб поўным прыпыненні сваёй дзейнасці на расійскім рынку.
«Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя аперацыі ў Расіі. Гэта вынікае за нашым папярэднім рашэннем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расіі і Беларусі», — гаворыцца ў рускамоўнай заяве на сайце кампаніі, паведамляе АФН са спасылкай на ВВС.
Англамоўная версія заявы значна больш шматслоўная і адкрываецца фразай: «Intel, як і ўся сусветная супольнасць, асуджае вайну Расіі супраць Украіны і заклікае да хутчэйшага аднаўлення міру».
«Нашы думкі з усімі, каго закранула гэтая вайна — асабліва з жыхарамі Украіны і суседніх краін, а таксама з усімі, у каго ў гэтым рэгіёне знаходзяцца сем'і, сябры і блізкія — дзе б ні знаходзіліся яны самі», — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
«У складанай сітуацыі мы прыкладаем усе намаганні, каб падтрымаць усіх нашых супрацоўнікаў — у тым ліку і 1200 чалавек, якія працуюць у нашым расійскім падраздзяленні», — працягвае кіраўніцтва Intel, запэўніваючы, што прыняты ўсе неабходныя меры, каб мінімізаваць шкоду, якую часовы сыход з расійскага рынку можа нанесці іншым падраздзяленням кампаніі.