Канада прызнала дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам

У парламенце Канады заявілі аб "дастатковых доказах сістэматычных і масавых ваенных злачынстваў супраць чалавецтва", якія здзяйсняюцца ва Украіне вайскоўцамі Расіі.

Парламент Канады. Фота: glavcom

Парламент Канады. Фота: glavcom

Парламент Канады аднагалоснай пастановай у сераду, 27 красавіка, прызнаў расійскія атакі ва Украіне генацыдам, паведамляе korrespondent.net.

Галасаванне было ініцыяванае пасля таго, як сябар парламента Хізер Макферсан прадставіла хадайніцтва аб прызнанні Палатай прадстаўнікоў таго, што "Расійская Федэрацыя здзяйсняе акты генацыду супраць украінскага народа".

Сябры канадскага парламента ў сераду таксама заявілі пра "дастатковых доказах сістэматычных і масавых ваенных злачынстваў супраць чалавецтва", якія здзяйсняюцца ва Украіне ВС РФ пад кіраўніцтвам прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна і іншых чальцоў Дзярждумы.

Як гаворыцца ў хадайніцтве Палаты абшчын Канады, ваенныя злачынствы Расіі ўключаюць:

  • масавыя зверствы,
  • сістэматычныя выпадкі наўмысных забойстваў украінскіх мірных жыхароў,
  • апаганьванне трупаў,
  • гвалтоўнае перасоўванне ўкраінскіх дзяцей,
  • катаванне,
  • фізічную шкоду,
  • псіхічную шкоду,
  • згвалтаванні.

Аналагічныя пастановы прыняла Вярхоўная Рада Украіны, а таксама парламенты Эстоніі і Латвіі.