Капусцін: У Расіі чакаюць на ўсеагульную мабілізацыю і палохаюцца

Камандзір і заснавальнік Расійскага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс «White Rex» Капусцін лічыць, што кантрактная мадэль арміі РФ ужо вычарпала сябе. Таму застаецца мабілізацыя, якая закране і вялікія гарады. Ідуць 1601-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак зафіксавана 257 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Грышына, Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і ў бок Дарожнага, Сяргееўкі, Новга Шахава, Мірнага, Новапаўлаўкі.

На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 25 разоў у бок Рай-Аляксандраўкі, Піскунаўкі і ў раёнах Закітнага, Крывой Лукі, Рэзнікоўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру і ў бок Доўгай Балкі, Сцяпанаўкі, Вольнага і Кучарава Яру.

На Ліманскім кірунку армія РФ 18 разоў атакавала ў бок Новага Міру, Стэпавага, Дробышава, Азёрнага, Ліману, Дзіброва, Ставак, Навасёлаўкі, Новаміхайлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак у бок Уздвіжаўкі, Аленаканстанцінаўкі, Стараукраінкі, Гуляйпольскага, Цвятковага, Варвараўкі і Чароўнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 13 разоў атакавалі ў раёне Старыцы, Ваўчанска і ў бок Гоптаўкі, Караічнага, Ліману, Графскага, Малаой Воўчы, Адраднага.

* * *

У Адэскім раёне расійскія дроны паразілі верхнія паверхі шматпавярховага дома, таксама пашкоджаны дах будаўнічага супермаркета.

Раніцай 13 ліпеня расійскія войскі атакавалі Адэсу, ёсць траплянні па аўтатранспартным прадпрыемстве, трое чалавек пацярпелі.

Шэсць чалавек атрымалі раненні ў выніку абстрэлу Запарожжа, пашкоджаны шматпавярховыя дамы, аўтамабілі і адна з бальніц.

У Чарнігаве і вобласці ў выніку атак арміі РФ засталіся без электрычнасці амаль 70 тысяч абанентаў.

У ноч на 13 ліпеня беспілотнікі нанеслі ўдары па некаторых рэгіёнах Расіі. Пад атаку трапіла нафтабаза ў хутары Вязнікі Стаўрапольскага краю. Дроны збівалі і ў раёне Масквы.

* * * 

746042157_1386857789953956_8863860047178716329_n.jfif

* * *

Усё больш прыкмет паказваюць на тое, што неўзабаве расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін аб’явіць усеагульную мабілізацыю ў РФ, заявіў камандзір і заснавальнік Расійскага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс «White Rex» Капусцін у эфіры «24 Канала».

Па словах Капусціна, у Расіі ўсведамляюць, што кантрактная мадэль ужо вычарпала сябе. «Галоўнай крыніцай кантрактнікаў былі менавіта рэгіёны, а жыхары буйных гарадоў, як Масква ці Піцер, мякка кажучы, не вельмі ахвотна ідуць ваяваць», — кажа камандзір РДК.

Капусцін дадаў, што ў рэкрутынгу некаторыя рэгіёны РФ прапаноўвалі выплаты па кантракце ў памеры ад 2 да 4 мільёнаў рублёў. Аднак доўга фінансаваць такую кампанію Крэмль не зможа. Нягледзячы на гэта, Пуцін нават не задумваецца аб заканчэнні вайны. Выйсце ў дыктатара толькі адно — усеагульная мабілізацыя.

«Калі людзі не ідуць на вайну за грошы, значыць іх мабілізуюць. Таму расійскае грамадства цяпер у значнай ступені жыве ў прадчуванні катастрофы, якая насоўваецца. Я перакананы, так гэта і будзе, таму што чарговая хваля татальнай мабілізацыі, якая, верагодна, цяпер закране вялікія гарады, стане значнай праблемай», — папярэдзіў Капусцін.

* * *

Улады рэгіёнаў Расіі патрабуюць ад бізнесу надаць людзей на вайну супраць Украіны. Калі прадпрыемствы не гатовыя гэтага рабіць, тады прапануецца адкупіцца, паведамляе тэлеканал «Дождь».

«Дождь» атрымаў «План адбору кандыдатаў на службу па кантракце ў 2026 годзе» для Муйскага раёна Бураціі. Па словах крыніц, такая схема працуе па ўсёй тэрыторыі Расіі.

У «плане» паказана, колькі чалавек працуе ў кампаніі, якая ў ёй колькасць мужчын ад 20 да 60 гадоў і колькі трэба адправіць на вайну супраць Украіны. Для бізнесу, які не гатовы адпраўляць супрацоўнікаў на вайну, прадугледжана магчымасць заключэння кантракта з нейкай фірмай на «падбор кандыдатаў» для так званай «СВА». Кошт паслугі складае 100 тысяч рублёў, што для мясцовага бізнесу лічыцца велізарнай сумай.

Пад гэтыя патрабаванні трапілі і бюджэтныя прадпрыемствы. У прыватнасці, раённая бальніца павінна надаць двух супрацоўнікаў, пры тым, што ў Бураціі назіраецца недахоп медперсаналу.

* * *

Украіна можа атрымаць шанец не толькі самастойна вырабляць ракеты Patriot, але і ўдасканаліць працэс, дзякуючы ўласнаму баявому вопыту, піша Bloomberg.

Выданне спасылаецца на словы члена Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША Майкла Маккола. Ён адзначыў, у амерыканскай кампаніі Lockheed Martin ёсць усе падставы падтрымаць перадачу Украіне ліцэнзіі на вытворчасць ракет-перахопнікаў для сістэм Patriot, калі такое рашэнне прыме адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Кангрэсмен расказаў, што падчас паездкі ва Украіну азнаёміўся з развіццём украінскіх беспілотных тэхналогій і магчымасцямі абароннай прамысловасці. Менавіта гэта, па яго словах, змяніла яго ацэнку патэнцыялу ўкраінскай вытворчасці.

«Я думаю, што ўкраінцы могуць пабудаваць гэтую сістэму хутчэй, а можа нават лепш», — заявіў ён. Маккол выказаў здагадку, што ад супрацоўніцтва можа выйграць амерыканскі вытворца. «Lockheed магла б павучыцца ў ўкраінцаў наконт іх уласных перахопнікаў — як іх удасканаліць, як вырабляць іх хутчэй», — адзначыў ён.

* * *

Германія фінансуе заказ на 50 тысяч ударных беспілотнікаў для Украіны. Гэта адзін з самых вядомых закупачных заказаў на дроны ад заходняга ўрада для Кіева, піша Reuters.

Гаворка ідзе пра FPV-дроны Shrike, якія вырабляе буйны ўкраінскі вытворца SkyFall. Беспілотнікі працуюць на праграмным забеспячэнні амерыканскай абаронна-тэхналагічнай кампаніі Auterion — прызначаны для аўтаномнага адсочвання і паражэння рухомых мэт на завяршальным этапе палёту.

Па словах гендырэктара Auterion Ларэнца Майера, кошт кантракта складае каля 90 мільёнаў еўра (103 мільёны долараў), а фінансуе яго еўрапейская краіна. Частку дронаў ужо перадалі ўраду Украіны, астатнія павінны адправіць у гэтым годзе.

У SkyFall пацвердзілі ўдзел Германіі, аднак адмовіліся каментаваць дэталі закупкі. Міністэрства абароны Германіі ад каментарыяў устрымалася, спасылаючыся на аператыўную бяспеку. Украінскае Мінабароны таксама не каментавала пагадненне.