Кіраўнік Генштаба Чэхіі: Пуцін можа развязаць вайну ў Еўропе ў найбліжэйшыя 3-6 гадоў

Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін можа пачаць вайну на еўрапейскім кантыненце ўжо ў найбліжэйшыя 3-6 гадоў, заявіў кіраўнік Генштаба чэшскай арміі Карэл Ржэгка. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі прапануе дапамогу краінам Персідскай затокі. А на фронце Расія не ведае рэальнага становішча спраў з-за «прыпісак». Ідуць 1469-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

543417232_1132056999107377_43855012322236389_n.jpg

На працягу мінулых сутак на фронце ва Украіне зафіксавана 152 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 сакавіка.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 40 атак акупантаў у раёнах Гуляйполя, Зялёнага і ў бок Залізнічнага, Варвароўкі, Святапетроўкі, Гуляйпольскага, Стараўкраінкі.

На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 23 штурмавыя дзеянні расиян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і ў бок Навапаўлаўкі і Шаўчэнка.

На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па 13 баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

Партызанскі рух «АТЭШ» правёў дыверсіі на чыгунцы ў акупаваным Луганску, якая была адзіным стабільным шляхам лагістыкі расіян з РФ на перадавую. Былі знішчаны дзве рэлейныя шафы ў розных частках горада, што выклікала сістэмны збой у кіраванні рухам цягнікоў.

«Удар нанесены па галоўнай артэрыі забеспячэння акупантаў. Гэтая галіна звязвае Расію з Луганскам, ідзе праз Дэбальцава і Папасную і выходзіць на Пакроўскі кірунак. Фактычна гэта адзіны стабільны маршрут для дастаўкі войскаў, боепрыпасаў, паліва і тэхнікі з РФ на перадавую», — гаворыцца ў паведамленні руху.

Пасля дыверсіі рух на участках спыніўся, цягнікі загразлі, графікі сарваліся. Расіяне вымушаны кіраваць цягнікамі ўручную, што ў разы зніжае прапускную здольнасць. Ваенныя эшалоны ворага назапашваюцца на пад’ездах да горада і не могуць рухацца далей. У выніку зрываюцца пастаўкі паліва і боепрыпасаў на Пакроўскі кірунак, а альтэрнатыўныя маршруты перагружаныя і не спраўляюцца з аб’ёмамі.

* * *

646513319_1275767841402958_6598103705346435399_n.jfif

* * *

Украіна атрымала дакументы з планамі расіян на 2026-2027 гады. Мэты не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, заявіў журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Мы атрымалі планы 2025-2027 гадоў. Трохі састарэлыя 25-га года. Бачым, што яны не выканалі свае мэты… Разумеем, што яны хочуць», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Паводле яго слоў, расіяне ўсё так жа хочуць акупаваць Данецкую і Луганскую вобласці. Пры гэтым расіяне не плануюць пакідаць спробы прасоўвання на Запарожскім і Дняпроўскім кірунку. Пры гэтым яны «глядзяць» і на Адэскі раён.

«Але гэтыя карты пакуль нічога агульнага з рэальнасцю не маюць, таму што яны не могуць выканаць заданне», — звярнуў увагу Зяленскі.

Паводле яго слоў, наступальная аперацыя, яку армія РФ рыхтавала на вясну, залежала ад дасягненняў на канец 2025 года. Аднак расіяне не справіліся з пастаўленай яго камандаваннем задачай.

«Іх карты не супадаюць з рэальнасцю — дзе знаходзяцца нашы сілы і дзе іх сілы. Яны не могуць пачаць сакавіцкі наступ менавіта той, які яны хацелі», — адзначыў Зяленскі.

* * *

Бяспецы ўсёй Еўропы ў найбліжэйшай будучыні пагражае агрэсіўная палітыка расійскага камандавання. Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін можа пачаць вайну на еўрапейскім кантыненце ўжо ў найбліжэйшыя 3-6 гадоў, заявіў кіраўнік Генштаба чэшскай арміі Карэл Ржэгка ў інтэрв’ю Aktuálně.

«Сітуацыя з бяспекай няпростая і не палепшыцца ў найбліжэйшай будучыні. Агрэсіўная палітыка Расіі ў найбліжэйшай будучыні будзе прамой і канкрэтнай пагрозай для грамадзян Чэшскай Рэспублікі і бяспекі ўсяго еўрапейскага кантынента», — сказаў генерал.

Вайсковец спасылаецца на даныя разведвальных службаў саюзнікаў, якія сведчаць аб тым, што Крэмль можа пачаць наступную вайну ў Еўропе на працягу трох-шасці гадоў.

Ржэгка таксама лічыць, што Пуцін відавочна не хоча міру з Украінай, і свет павінен рыхтавацца да больш працяглага канфлікту, «які, верагодна, не скончыцца нават пры ўмове дасягнення часовага спынення агню».

«Узброены канфлікт у Еўропе не з’яўляецца немагчымым, і верагоднасць яго ўзнікнення зваротна прапарцыянальная нашай рашучасці абараняцца і інвеставаць у абарону і ў адзінства з нашымі саюзнікамі», — адзначае Ржэгка.

* * *

Украіна можа дапамагчы краінам Блізкага Усходу знішчаць іранскія «шахеды» ў выпадку, калі арабскія лідары пераканаюць Маскву заключыць перамір’е, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Bloomberg.

Зяленскі адзначыў, што ААЭ, Саудаўская Аравія і Катар, без сумневу, маюць добрыя эканамічныя адносіны з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.

«Я б прапанаваў наступнае: лідары Блізкага Усходу маюць добрыя адносіны з расіянамі. Яны могуць папрасіць расіян усталяваць месячнае перамір’е», — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, пасля ўстанаўлення перамір’я Украіна накіруе «найлепшых аператараў сістэм перахопу дронаў у краіны Блізкага Усходу». Прэзідэнт удакладніў, што перамір’е таксама можна аб’явіць на два месяцы або два тыдні, каб Украіна «магла дапамагчы краінам Блізкага Усходу абараніць грамадзянскае насельніцтва».