Кірыл Буданаў: Расія пагадзілася прыняць гарантыі бяспекі для Украіны ад ЗША
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны і член украінскай перамоўнай групы з расіянамі Кірыл Буданаў паведаміў, што расійскі бок пагадзіўся прыняць гарантыі бяспекі для Украіны ад ЗША. А поспехі на фронце РФ ён назваў «мізэрнымі». Ідуць 1467-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 158 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 сакавіка.
На Гуляйпільскім кірунку расійцы 45 разоў атакавалі ў раёнах Гуляйполя, Мірнага і ў бок Стараўкраінкі, Зеленага, Дабраполля, Прылук, Залізнічнага, Святапятроўкі, Варвароўкі.
На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны спынілі 25 атак расіян у раёнах Тарэцкага, Новага Шахавага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Удачнага, Котліна, Маладзецкага, Філіі і ў іншых.
На Славянскім, Канстанцінаўскім, Паўднёва-Слабажанскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным.
* * *
Расіяне не атрымалі на полі бою ва Украіне значных поспехаў зімой, нягледзячы на велізарную канцэнтрацыю сіл на фронце, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў у эфіры тэлемарафону.
Буданаў адзначыў, што па выніках зімовай кампаніі тэрытарыяльныя поспехі расіян з’яўляюцца крытычна малымі. «Тэрытарыяльныя дасягненні ў іх мізэрныя. Мабыць, найменшыя ў параўнанні з усімі іншымі перыядамі усіх кампаній супраць Украіны, якія яны праводзілі», — сказаў ён.
Паводле слоў Буданава, РФ змагла паўплываць на ўкраінскае грамадства іншым шляхам. Расіяне здзейснілі шмат тэрактаў супраць крытычнай інфраструктуры, пэўны прагрэс у іх ёсць, наступствы цяпер адчувае кожны ўкраінец. Аднак чым цяплейшае будзе надвор'е, тым менш гэты фактар будзе адыгрываць ролю.
Таксама Буданаў высмеяў заявы РФ аб нібыта захопе шэрагу ўкраінскіх гарадоў. Ён нагадаў пра пяціразовае расійскае «ўзяццё Купянска» і хлусню пра акупацыю іншых населеных пунктаў, адзначыўшы, што гэта проста прапаганда.
«Гэта проста факт. Але ёсць жа таксама факты, што мы ўсё ж пастаянна змагаемся. Гэта таксама факт. Мы не можам гэтага не прызнаваць... Так, няма іх перамогі, але вайна працягваецца. Сітуацыя пагрозлівая, усё гэта разумеюць», — дадаў ён.
* * *
У ноч на 1 сакавіка, Расія запусціла па Украіне беспілотныя лятальныя апараты, з-за чаго ў шэрагу рэгіёнаў абвясцілі паветраную трывогу. У Адэсе і Харкаве прагучалі выбухі. Інфармацыі пра пацярпелых няма.
* * *
* * *
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны і член украінскай перамоўнай групы з расіянамі Кірыл Буданаў у эфіры тэлемарафону «Адзіныя навіны» заявіў, што расійскі бок пагадзіўся прыняць гарантыі бяспекі для Украіны ад ЗША.
«На мінулых перамовах расійскі бок прама сказаў, што гарантыі бяспекі, якія Украіне прапануюць ЗША, яны іх прымуць... Што тычыцца пытання кантролю над дэмілітарызаванай зонай, гэта пытанне да ваеннай падгрупы. Якраз там прагрэс максімальны. Яны прыйшлі да высноў, як будзе працаваць маніторынг, калі скончыцца вайна», — распавёў Буданаў.
Ён пацвердзіў, што спрэчным застаецца пытанне тэрыторый. «Паміж дзвюма абсалютна палярнымі пазіцыямі мы шукаем кампраміс. Мы яшчэ яго да канца не знайшлі. Спадзяюся, што знойдзем. Часу ў нас няшмат на гэта. Урэшце, прыйдзецца канстатаваць: альбо мы знайшлі рашэнне і заканчваем гэтую вайну, альбо... працягваем забіваць адзін аднаго, што мы робім даволі якасна і прафесійна», — сказаў ён.
* * *
Перамовы з РФ па дасягненні міру ва Украіне зводзяцца да завочнага дыялогу з гаспадаром Крамля, а не да вырашэння пытанняў на месцы, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю для нямецкага тэлеканала ZDF.
Ён назваў большасць перамоўшчыкаў з расійскага боку «эсэмэскамі». Паводле яго слоў, на сустрэчах адбываецца проста «абмен жывымі лістамі».
«У расійскім выпадку многія з іх — гэта проста эсэмэскі. Паведамленні ад Расіі, якія потым працуюць на прыём — прымаюць інфармацыю і яе адпраўляюць. Гэткія сабе сучасныя жывыя лісты ад Пуціна нам і потым ад нас Пуціну», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што чалавечае вымярэнне ў гэтых перамовах ёсць толькі тады, калі ў расіян ёсць мандат на нейкае рашэнне.
* * *
Узброеныя сілы Бельгіі пры падтрымцы Францыі ўпершыню перахапілі і ўзялі пад кантроль танкер расійскага «ценевага флоту». Судна канваявалі ў порт Зебругэ для далейшага арышту, заявіў міністр абароны Бельгіі Тэа Франкен у X (Twitter).
Паводле слоў Франкена, бельгійскія вайскоўцы пры падтрымцы абароннага ведамства Францыі высадзіліся на борт нафтавага танкера, які належыць да так званага «ценевага флоту» Расіі. «Аперацыю правяла каманда выключна смелых вайскоўцаў. Цудоўная работа», — адзначыў ён.
Ценевы флот РФ — гэта сетка старых нафтавых танкераў з ананімнымі ўладальнікамі, якія Расія выкарыстоўвае для абыходу заходніх санкцый і цэнавай столі на нафту. Такія суды часта не маюць належнага страхавання і адключаюць сістэмы ідэнтыфікацыі. Раней танкеры «ценевага флоту» захоплівалі пераважна ЗША.