Любыя перамовы з РФ стануць немагчымымі, калі «суд» над украінцамі адбудзецца ў Марыупалі — Зяленскі

Пра гэта прэзідэнт сказаў у вячэрнім відэазвароце.Паводле яго слоў, цяпер у СМІ дастаткова інфармацыі аб тым, што ў Марыупалі рыхтуюць дэкарацыі для «суда» над украінскімі вайскоўцамі, якія знаходзяцца ў палоне ў акупантаў.

zjalenski_2_1.jpg

«Калі гэты гнюсны суд адбудзецца... Ніякай размовы больш не будзе. Наша дзяржава ўсё сказала», — падкрэсліў прэзідэнт.

Што папярэднічала?
6 жніўня Марыупальскі гарсавет паведаміў пра планы расійцаў пакараць смерцю абаронцаў мясцовай філармоніі.
Пасля гэтага сваякі абаронцаў «Азоўсталі» таксама звярнуліся ў ААН і МКЧК, каб не дапусціць «трыбунала» над азоўцамі. Сілы абароны Украіны і шэраг украінскіх улад звярнуліся да краін Захаду і міжнародных арганізацый: яны заклікалі свет не дапусціць так званага суда ў Марыупалі.
Пра планы акупантаў правесці «суд» над палоннымі абаронцамі «Азоўсталі» ў часова захопленым Марыупалі таксама паведамілі ва ўкраінскай разведцы. Паводле аднаго са сцэнарыяў, акупанты могуць таксама нанесці ракетны ўдар па месцы зняволення.
Нагадаем, 29 ліпеня стала вядома, што ў калоніі ў пасёлку Аленаўка Данецкай вобласці, дзе ўтрымліваюцца ўкраінскія зняволеныя, прагрымеў выбух. Ёсць загінулыя і параненыя. Расійскія прапагандысты абвінавацілі ў нападзе Украіну, аднак эксперты называюць гэту версію падзей выдумкай.
Украінская разведка заявіла, што выбухі ў Аленаўцы здзейснілі найміты ПВК «Вагнер» нібыта па асабістай камандзе намінальнага ўласніка Яўгена Прыгожына. Паводле звестак разведкі, арганізацыя і ажыццяўленне выбуху не ўзгадняліся з кіраўніцтвам Мінабароны РФ.