МАГАТЭ страціла сувязь з інфармацыйнай сістэмай Чарнобыльскай АЭС
Чарнобыльская атамная электрастанцыя больш не перадае дадзеных атамнаму нагляду ААН, заявілі ў Міжнародным агенцтве атамнай энергетыкі (МАГАТЭ).
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі «сказаў пра страту дыстанцыйнай перадачы дадзеных ад сістэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
«Агенцтва вывучае стан сістэм маніторынгу гарантый бяспекі ў іншых месцах Украіны і неўзабаве прадставіць дадатковую інфармацыю».
МАГАТЭ выкарыстоўвае азначэнне «гарантыі» для апісання тэхнічных захадаў, якія яно прымяняе да ядзерных матэрыялаў і дзейнасці з мэтай стрымлівання распаўсюджвання ядзернай зброі шляхам ранняга выяўлення незаконнага выкарыстання такога матэрыялу.
Больш за 200 тэхнічных супрацоўнікаў і ахоўнікаў застаюцца заблакаваныя на аб’екце, яны працуюць 13 дзён запар з моманту расійскага захопу станцыі. Непрацоўная станцыя знаходзіцца ў зоне адчужэння, у якой размяшчаюцца выведзеныя з эксплуатацыі рэактары, а таксама радыёактыўныя адкіды. Больш за 2000 супрацоўнікаў па-ранейшаму працуюць на станцыі, паколькі яна патрабуе пастаяннага ўпраўлення, каб прадухіліць чарговую ядзерную катастрофу.
Агенцтва ААН заклікала Расію дазволіць работнікам змяняцца, бо адпачынак і рэгулярныя змены маюць вырашальнае значэнне для бяспекі аб’екту.
24 лютага Расія ўварвалася ва Украіну і захапіла Чарнобыльскую АЭС, месца буйной атамнай катастрофы 1986 году, у выніку якой загінулі сотні людзей, у сотняў тысяч непапраўна пагоршылася здароўе, а радыёактыўнае забруджванне распаўсюдзілася на захад па ўсёй Еўропе.