Марк Рутэ: За месяц ва Украіне Расія губляе больш салдат, чым СССР згубіла за 10 гадоў у Афганістане
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе апрылюдніў жудасныя страты Расіі ва Украіне. А былы спецпасланнік Трампа генерал Кіт Келаг упэўнены, што ва Украіны ўвесну і летам ёсць шанцы перахапіць ініцыятыву на фронце. А Беларусь размясціла СПА каля нафтавых заводаў. Ідуць 1429-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота kp.ru
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 154 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў у раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 36 атак расіян у раёнах Гуляйполя, Салодкага і ў бок Дабраполля, Зялёнага, Прылук, Варвароўкі і Святапетраўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёнах Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Сафіеўкі і ў бок Канстанцінаўкі і Іванаполля.
На Купянскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па восем боесутыкненняў на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках адбылося па сем атак на кожным.
* * *
Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState, Сілы абароны Украіны зачысцілі ад расіян вёску Сухецкае Мірнаградскай грамады Пакроўскага раёна Данецкай вобласці.
Разам з тым DeepState піша, што расіяне прасунуліся ў Мірнаградзе Пакроўскага раёна Данецкай вобласці і ў Даражнянцы Полагаўскага раёна Запарожскай вобласці.
Раней падраздзяленні Сіл абароны Украіны ў зоне адказнасці Групоўкі войскаў «Усход» заявілі, што працягваюць кантраляваць паўночныя часткі Пакроўска і Мірнаграда.
* * *
У Купянску Харкаўскай вобласці працягваецца зачыстка ад расійскіх войск, большая частка якіх засяроджана ў адным з кварталаў у цэнтры горада, паведаміў начальнік упраўлення камунікацыі Аб’яднаных сіл Украіны Віктар Трэгубаў.
«Большая частка расіян засяроджана ў цэнтры горада ў адным квартале шматпавярховак. Таму цяпер гаворка ідзе пра тое, каб завяршыць зачыстку непасрэдна гэтага квартала і пажадана без ахвяр з боку ўкраінскіх вайскоўцаў», — сказаў Трэгубаў.
Паводле яго, усе спробы расіян дабрацца да горада, каб аднавіць зносіны па сушы, безвыніковыя. «А гэта азначае, што гэтыя людзі [расіяне] не атрымліваюць папаўнення», — канстатаваў ён.
* * *
Увечары ў сераду, 21 студзеня, расійскія войскі нанеслі два ўдары па Запарожжы, у выніку якіх у горадзе былі пашкоджаны жылыя дамы і разбураны гандлёвы цэнтр «Эпіцэнтр». Кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў таксама паведаміў пра параненых грамадзянскіх, колькасць не ўдакладняецца.
У Краснадарскім краі Расіі ўвечары 21 студзеня пад паветраны ўдар трапіў порт Тамань, дзе гараць чатыры тэрміналы з нафтапрадуктамі, паведаміў мясцовы губернатар Веньямін Кандрацьеў. Ён заявіў пра двух загінулых і некалькіх пацярпелых.
* * *

* * *
Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў у Telegram паведаміў, што ўкраінская дэлегацыя ў Давосе правяла сустрэчы з прадстаўнікамі амерыканскай інвесткампаніі BlackRock, прэм’ер-міністрамі Нарвегіі і Катара і перамоўшчыкамі ЗША.
Паводле яго слоў, BlackRock залучана ў планы аднаўлення Украіны.
Падчас сустрэчы з Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткафам абмяркоўвалі эканамічнае развіццё, аднаўленне пасля вайны і гарантыі бяспекі. «Праінфармавалі партнёраў пра чарговыя расійскія абстрэлы грамадзянскай інфраструктуры, у прыватнасці сітуацыю ў Кіеве, дзе з-за ўдараў мільёны людзей засталіся без святла і цяпла», — адзначыў Умераў.
* * *
Былы спецпасланнік прэзідэнта ЗША, генерал Кіт Келаг лічыць, што калі Украіна перажыве гэтую зіму, перавага ў вайне будзе на яе баку, а не на баку Расіі. Пра гэта ён сказаў падчас панэльнай дыскусіі ва Украінскім доме ў Давосе.
Келаг выказаў упэўненасць, што Расія не выйграе вайну ва Украіне. Ён лічыць, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін на фоне таго, што Расія панесла вялікія страты, шукае шлях, як «годна выйсці з сітуацыі, бо разумее: гэтую вайну ён не выйграе».
«Я разумею, што гэта цяжкая зіма. Я разумею, што адбываецца ў Кіеве, ведаю пра тэмпературы. Але я шчыра веру: калі Украіна перажыве гэтую зіму — студзень, люты — і мы ўвойдзем у сакавік і красавік, перавага будзе на вашым баку, на баку Украіны, а не Расіі», — лічыць Келаг.
Ён абгрунтаваў гэта тым, што перадавыя і добра навучаныя падраздзяленні арміі РФ ужо знішчаныя, а армія РФ страціла больш за 20 генералаў.
На думку былога спецпасланніка Трампа, праблема ў тым, што Пуцін «псіхалагічна ўжо дайшоў да пункту, калі проста не можа адпусціць сітуацыю». «Калі ён адпусціць, ён прызнае, што гэта была параза, што ўсё, што ён зрабіў, — правал», — падагульніў Келаг.
Ён выказаў надзею на «добры вынік», паколькі «мы набліжаемся да, магчыма, фінальных этапаў мірных перамоў».
«Ва Украіне можа запанаваць мір. І я спадзяюся, што да Дня Незалежнасці гэтым летам на гэтай зямлі будзе мір», — рэзюмаваў былы спецпасланнік.
* * *
У снежні ў баях супраць Украіны гінула 1000 расійскіх салдат у дзень. Пра гэта ў сераду, 21 студзеня, заявіў генсек NATO Марк Рутэ, падкрэсліўшы, што гаворка менавіта пра загінулых, а не пра параненых. Тэкст яго выступу на панэльнай дыскусіі ў межах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе прыводзіць сайт NATO.
«І так, гэта праўда, што ў снежні расіяне гублялі 1000 у дзень — не цяжка параненых, а мёртвых. Гэта больш за 30 000 за снежань. У 1980-х гадах у Афганістане савецкія войскі страцілі 20 000 за 10 гадоў. Зараз яны губляюць 30 000 за месяц», — сказаў Рутэ.
Ён таксама адзначыў, што нягледзячы на ўсю ўвагу еўрапейцаў да вырашэння пытання па Грэнландыі, ён лічыць, што галоўнае пытанне зараз усё роўна не востраў, а менавіта Украіна.
«У той час як мы гаворым, расійскія ракеты і расійскія дроны атакуюць энергетычную інфраструктуру Украіны. Мы ведаем, што цяпер у Кіеве мінус 20 градусаў. Мы ведаем, што Украіна можа забяспечыць толькі 60 працэнтаў уласных патрэб у электраэнергіі», — сказаў Рутэ.
Ён дадаў, што нягледзячы на страты, Расійская Федэрацыя працягвае ўзмацняць атакі і наступальныя дзеянні ва Украіне.
«Увага да Украіны павінна быць нашым прыярытэтам нумар адзін, а потым мы можам абмяркоўваць усе пытанні, уключаючы Грэнландыю. Але на першым месцы павінна быць Украіна, паколькі гэта мае вырашальнае значэнне для бяспекі Еўропы і ЗША», — рэзюмаваў ён.
* * *
На тэрыторыі Мозырскага нафтаперапрацоўчага завода ў Беларусі з лета 2025 года размешчана сістэма супрацьпаветранай абароны, якая, паводле спадарожнікавых здымкаў, верагодна, з’яўляецца расійскім зенітна-ракетным комплексам «Тор», паведамляе ўкраінскі праект «Схемы».
Паводле звестак журналістаў, абсталяванне пазіцый для сістэмы СПА на тэрыторыі прадпрыемства пачалося яшчэ ў студзені 2025 года, а ўжо ў жніўні там з’явіўся сам зенітна-ракетны комплекс.
«Мы бачым, што аб’ект мае цень, характэрны для браніраванай машыны з вежай і шасі. Яго даўжыня і шырыня цалкам супадаюць з параметрамі ЗРК "Тор". Хутчэй за ўсё, гэта сучасны "Тор-М2", які вырабляецца, у прыватнасці, на шасі Мінскага завода колавых цягачоў», — патлумачыў авіяэксперт Анатоль Храпчынскі.
Адзначаецца, што рашэнне аб размяшчэнні СПА на тэрыторыі НПЗ магло быць прынята самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай мінімізаваць рызыкі дыверсій, у тым ліку і з боку Расіі.
Шэраг СМІ раней паведамлялі, што Расія перадала Беларусі не менш за 15 сістэм СПА «Тор-М2».
Мозырскі НПЗ размешчаны прыкладна ў 30 кіламетрах ад мяжы з Украінай і вырабляе бензін, дызельнае паліва і іншыя нафтапрадукты. З кастрычніка 2022 года прадпрыемства знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі.
Камандуючы Сіл беспілотных сістэм УСУ маёр Роберт Броўдзі раней заяўляў, што Мозырскі НПЗ з’яўляецца адным з пастаўшчыкоў нафтапрадуктаў у Расію, у тым ліку праз нафтаправод «Дружба», часткай інфраструктуры якога з’яўляецца завод.
Яшчэ мінулай зімой непадалёк ад Мазыра фіксаваліся палёты невядомых беспілотнікаў, верагодна, гэта былі расійскія дроны тыпу «Шахед». У прыватнасці, у студзені 2025 года ў Мазырскім раёне СПА Беларусі збіла расійскі дрон. Паводле звестак СМІ, «Шахед» заляцеў у беларускую паветраную прастору на фоне расійскай атакі на Украіну.