Марка Рубіё: Агульнае пагадненне па гарантыях бяспекі для Украіны ўжо дасягнута

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё распавёў пра дэталі дасягнутага пагаднення па гарантыях бяспекі для Украіны, і пра складанасці мірных перамоў, якія засталіся. У той жа час СМІ пішуць, што Еўропа ўжо менш разлічвае на ЗША ў пытаннях як дапамогі Украіне, так і ўласнай абароны. Ідуць 1436-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 117 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы расіян паблізу Радзінскага, Пакроўску, Мірнаграду, Котліна, Маладзецкага, Філіі, Дачнага.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку УСУ адбілі 15 атак расіян.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 14 разоў атакавалі каля Ваўчанску, Старыцы, Прыліпак і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 12 атак арміі РФ у раёне Гуляйполя, Мірнага і ў бок Дабраполля.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 9 атак паблізу Канстанцінаўкі, Прадцечына, Плешчыеўкі, Сафіеўкі і ў бок Новапаўлаўкі.

* * *

Расіяне атакавалі беспілотнікамі прыватны сектар Вальнянска Запарожскай вобласці. У выніку атакі трое чалавек загінулі, яшчэ адзін атрымаў раненні.

Аб’ект інфраструктуры ў Адэсе пацярпеў у выніку расійскага ўдару ўначы 29 студзеня. Інфармацыя пра пацярпелых не паступала.

У вячэрнім звароце 28 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Расія рыхтуе новы масіраваны ўдар па Украіне.

«Ведаем і пра тое, што расіяне рыхтуюцца да новага ўдару. Разведка дае інфармацыю па гэтай тэме, трэба, каб цяпер Амерыка, Еўропа, усе партнёры разумелі, як гэта дыскрэдытуе дыпламатычныя перамовы», — сказаў Зяленскі.

«Трэба думаць усім, хто сапраўды хоча міру, як забяспечыць, каб не да новых масіраваных атак расіяне рыхтаваліся, а да заканчэння вайны. У свету ёсць сіла, каб гэта забяспечыць. Трэба толькі карыстацца гэтай сілай — дзеля міру», — сказаў прэзідэнт Украіны.

* * *

619310475_1247961714183571_4380882740247780858_n.jfif

* * *

Агульнае пагадненне па гарантыях бяспекі для Украіны ўжо дасягнута, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, выступаючы перад камітэтам Сената па міжнародных адносінах.

«Сёння шмат размоў пра гарантыі бяспекі і гэта тое, па чым сёння ёсць агульнае пагадненне, калі казаць пра Украіну, але гэтыя гарантыі бяспекі ў асноўным прадугледжваюць разгортванне невялікага кантынгенту еўрапейскіх войскаў, у першую чаргу французскіх..., а затым і падтрымку з боку ЗША», — сказаў амерыканскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, гарантыі бяспекі Украіны будуць падтрымлівацца Злучанымі Штатамі, але «на зямлі» будуць толькі еўрапейскія вайскоўцы.

«На практыцы гэтыя гарантыі бяспекі зводзяцца да размяшчэння абмежаванага кантынгенту еўрапейскіх войскаў — галоўным чынам французскіх і брытанскіх — і да амерыканскіх гарантый бяспекі», — патлумачыў Рубіё.

* * *

Наступны раунд перамоў па мірным плане будзе праходзіць на двухбаковым узроўні, магчыма, з удзелам прадстаўнікоў ЗША. Нявырашаным засталося пытанне тэрыторыі, сказаў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё падчас выступлення ў Камітэце Сената па міжнародных адносінах.

Раней Масква неаднаразова патрабавала ад Кіева вываду яго войскаў з украінскага Данбаса.

«І я ведаю, што вядзецца актыўная праца, каб паспрабаваць высветліць, ці можна ўзгадніць бачанне абодвух бакоў па гэтым пытанні. Гэта ўсё яшчэ мост, які мы не перайшлі. Але па меншай меры нам удалося звузіць кола пытанняў да аднаго цэнтральнага. І гэта, верагодна, вельмі складанае пытанне. Але, тым не менш, праца над ім працягваецца», — сказаў Рубіё.

Дзяржсакратар ЗША распавёў, што наступныя перамовы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах будуць тычыцца гэтага пытання, і будуць двухбаковымі — паміж Кіевам і Масквой. У іх, магчыма, прымуць удзел прадстаўнікі ЗША, але не спецпасланнік амерыканскага прэзідэнта Стыў Уіткаф і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер.

Рубіё адзначыў, што Украіне і Расіі лягчэй «знаходзіць гнуткасць» у некаторых пытаннях, калі іх не абмяркоўваюць публічна, паколькі гэта стварае ўнутраны палітычны ціск у абедзвюх краінах.

«Ва Украіне сама ідэя таго, што вы ўвогуле разглядалі б тэрытарыяльныя змены пасля ўсяго, што адбылося падчас вайны, гэта складана. А ў выпадку Расіі, яны ўжо два з паловай гады кажуць свайму насельніцтву, што яны перамагаюць у гэтай вайне з вялікай перавагай. Так што людзі будуць пытацца: чаму мы аддаем зямлю, калі так моцна перамагаем?» — патлумачыў Рубіё.

* * *

Еўропа здольная за некалькі месяцаў замяніць разведданыя ЗША для Украіны, піша Financial Times.

Выданне адзначае, што з моманту вяртання Дональда Трампа ў Белы дом удзел ЗША ва ўкраінскім пытанні быў адным з галоўных прыярытэтаў для еўрапейскіх лідараў. Крыніцы казалі, што калі ЗША кінуць Кіеў, то гэта стане цяжкім ударам для знясіленай украінскай арміі, і толькі падштурхне кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна да дасягнення сваёй максімалісцкай мэты — падпарадкавання Украіны.

Аднак цяпер наступствы сыходу ЗША падаюцца не такімі крытычнымі, як здавалася год таму, калі адміністрацыя Трампа на невялікі прамежак часу прыпыніла абмен разведвальнай інфармацыяй і пастаўкі зброі.

Як кажуць украінскія і еўрапейскія чыноўнікі, у той момант падключыліся іншыя саюзнікі, выкарыстоўваючы ўласныя рэсурсы. Акрамя таго, у студзені 2026 года прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што цяпер яго краіна прадстаўляе Украіне дзве траціны разведвальнай інфармацыі.

«Залежнасць Украіны ад амерыканскай разведкі можа быць значна зніжана на працягу некалькіх месяцаў», — заявіў заходні чыноўнік.

* * *

Пасля размовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Парыж адправіць Украіне дадатковыя знішчальнікі ў 2026 годзе.

«Абмеркавалі, як узмацніць нашую энергетычную ўстойлівасць. У бліжэйшы час Украіна атрымае ад Францыі генератары. Таксама ў гэтым годзе будуць дадатковыя пастаўкі французскіх самалётаў, ракет для сістэм СПА і авіябомбаў. Дзякуй!» — напісаў Зяленскі ў Х.

Раней паведамлялася, што Украіне могуць перадаць партыю ракет французскай вытворчасці для СПА, а таксама знішчальнікі Mirage 2000-5.