«Місіс Крым»-2022 праспявала «Червону каліну». З ёй запісалі «пакаяльнае відэа» і аштрафавалі
«Місіс Крым»-2022 Вольга Валеева аштрафавана судом на 40 тысяч расійскіх рублёў за выкананне ўкраінскай песні «Червона каліна», паведамляе РІА «Новости».
Сяброўка
Валеевай, разам з якой яны выконвалі песню, атрымала 10 сутак арышту. Пакаранне для Валеевай было менш строгім, бо ў яе ёсць
непаўналетнія дзеці.
Жанчын
прызналі вінаватымі ў здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў па двух
артыкулах — аб дыскрэдытацыі Узброеных сіл РФ (20.3.3 КаАП РФ) і аб прапагандзе
сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый (20.3 КаАП РФ).
У
тэлеграм-канале МУС Крыма таксама з'явіўся відэазапіс, дзе жанчыны прыносяць
прабачэнні за выкананне песні.
Валеева і
яе сяброўка выконвалі песню «Червона каліна», седзячы на балконе — адпаведнае
відэа яны выклалі ў Instagram, дзе яно прыцягнула шырокую ўвагу. Сама Валеева
заяўляла, што песня выконвалася без якога-небудзь намеру.
У сярэдзіне
верасня ў Крыме прыцягнулі да адказнасці шасцярых арганізатараў і гасцей
вяселля, дзе праспявалі «Червону каліну»: яны атрымалі штрафы і арышты на
тэрмін да 15 сутак. У жніўні на паўвостраве арыштавалі дыджэя, які ўключыў у
бары кліп на песню «Дзікае поле» з выявамі ў падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў. Наведвальніка, які замовіў песню, аштрафавалі на 50 тысяч рублёў.
Песня «Червона каліна» пасля расійскага ўварвання стала адным з сімвалаў
Украіны. Яе выконвалі многія ўкраінскія артысты, а таксама легендарны гурт «Pink Floyd».
Расійскія дзяржаўныя СМІ пішуць, што песня «лічыцца гімнам украінскіх
нацыяналістычных фарміраванняў, у тым ліку забароненых у РФ».
У Беларусі за спевы па-ўкраінску таксама рэпрэсуюць. Летам за выкананне песні «Обіймі» гурта «Акіян Эльзы» схапілі спявачку Мэрыем Герасіменка. Пасля «сутак» на яе завялі крымінальную справу.