«Наша праца — адзіная афіцыйная беларуская прысутнасць». Ва Украіне пачало працу прадстаўніцтва Офіса Ціханоўскай

Былы дыпламат Валерый Кавалеўскі паведаміў «экстрэмісцкаму» ў Беларусі амерыканскаму радыё, што ва Украіне створанае афіцыйнае прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай, і яно будзе працаваць на сталых умовах.

Кіраўнік Цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве Павал Кухто і Валер Кавалеўскі. Фота Pasha Kritchko


«Цяпер ёсць адміністрацыйныя задачы — мы арганізуем офіс прадстаўніцтва, шукаем памяшканне, і апроч гэтага пачынаем працу над тым, каб лепш зразумець, што адбываецца ў беларускай супольнасці, у беларускай дыяспары, якія праблемы, і што мы можам зрабіць цяпер для вырашэння тых праблем, якія стаяць перад беларусамі», — сказаў Валерый Кавалеўскі.

Найперш, паводле яго словаў, вядзецца пра заблакаваныя банкаўскія рахункі беларусаў, пра міграцыйныя пытанні, пра змену адукацыйных праграм у школах Украіны і выключэнне з іх твораў беларускіх пісьменнікаў, а таксама аб змяненні беларускіх назваў.

«Мусім зразумець, які ў нас фронт працы і пачынаць займацца гэтым праз сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных ведамстваў, з грамадзянскай супольнасцю, з экспертамі, медыя. Ужо першыя крокі былі зробленыя. Пакуль мы гаворым аб працоўным узроўні, аб усталяванні дачыненняў, аб тым, што мы выходзім на інстытуты, на агенцтвы, на пэўныя ўстановы і завязваем з імі кантакты, каб пачынаць распрацоўваць рашэнні існуючых праблем», — удакладніў ён.

Разам з тым, сказаў Валерый Кавалеўскі, на парадку дня прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай будуць і больш складаныя пытанні міжнароднага характару.

«Мы гаворым пра інфармацыйны абмен і абмен пазіцыямі ў разуменні таго, што прасоўвае кожны з бакоў — беларускі і ўкраінскі — на міжнароднай арэне, нейкае спалучэнне нашых намаганняў там, дзе гэта магчыма, каардынацыя, магчыма, нават супольныя дзеянні па парадку дня сённяшняга».

Найперш, паводле Кавалеўскага, гаворка ідзе аб супрацоўніцтве ў пытанні санкцый.

«Вось, напрыклад, ідэя, агучаная генеральным сакратаром ААН, зняць санкцыі з Беларусі і з Лукашэнкі-Пуціна, я б так сказаў, — гэта тая тэма, па якой мы можам разам папрацаваць. Бо ні Беларусі, ні Украіне не цікава бачыць, як два дыктатары — Пуцін і Лукашэнка — атрымліваюць перадых і дадатковыя рэсурсы. Першы для таго, каб узмацняць агрэсію супраць Украіны, а другі, каб узмацняць рэпрэсіі супраць беларусаў. Таму мы, вядома, будзем гэтаму супрацьстаяць, і правільна было б гэта рабіць разам з Украінай, якая таксама зацікаўленая ў зняцці блакады з чарнаморскіх партоў, каб больш эфектыўна пастаўляць збожжа на сусветныя рынкі», — патлумачыў Валерый Кавалеўскі.

Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай падкрэсліў, што яе прадстаўніцтва працуе толькі трэці дзень, але «будзе спрабаваць рухацца як мага хутчэй».

«Для нас важна зразумець, якія праблемы ў беларусаў тут, ва Украіне, і што мы павінны зрабіць, каб вырашыць гэтыя праблемы. Бо дакладна, калі б лукашэнкаўская амбасада тут была, ці калі яна вернецца сюды, то яна гэтымі праблемамі займацца не будзе. Ёй важна прасоўваць прапаганду пра рэжым і светлую будучыню пры Лукашэнку, што ён міратворац і гэтак далей. Таму гэта вельмі важныя пытанні. Інтарэсы беларусаў ва Украіне — адно з нашых прыярытэтных пытанняў. Лукашэнкаўская амбасада выехала, таму наша праца на сённяшні дзень — гэта адзіная афіцыйная беларуская прысутнасць», — патлумачыў Валерый Кавалеўскі.

24 траўня дэлегацыя Офіса Ціханоўскай на чале з Валерыем Кавалеўскім перадала беларускім добраахвотнікам з палка Каліноўскага і палка «Пагоня» аўтатранспарт, а таксама медыкаменты і прадукты. Гэтую дапамогу сабралі беларусы і мэрыя Вільні, пра што дамовілася Святлана Ціханоўская з мэрам Вільні Рэмігіюсам Шымашусам у красавіку 2022 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: