Нешта ўдумалі? Пуцін даручыў Шайгу спыніць агонь на Раство

Пуцін даручыў увесці з 12:00 6 студзеня да 24:00 7 студзеня рэжым спынення агню «па ўсёй лініі баявога судакранання ў зоне СВА».

photo_2023_01_05_12_12_14.jpg

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін даручыў міністру абароны РФ Сяргею Шайгу ўвесці рэжым спынення агню на Раство, пішуць расійскія СМІ.

Як пісаў «НЧ», сёння ж прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у размове з Пуціным заявіў, што заклікі да міру і дыялогу павінны быць падтрыманы аднабаковым спыненнем баявых дзеянняў і справядлівым урэгуляваннем рознагалоссяў.

Пасля гэтага раптоўна пра спыненне агню на свята пачаў казаць Патрыярх Кірыл, які заклікаў Расію і Украіну спыніць агонь і ўсталяваць перамір'е.

У прэс-службе Крамля паведамілі: «Улічваючы зварот Свяцейшага Патрыярха Кірыла, даручаю міністру абароны РФ увесці з 12:00 6 студзеня да 24: 00 7 студзеня рэжым спынення агню па ўсёй лініі баявога судакранання бакоў ва Украіне».

Пры гэтым Пуцін заклікаў Украіну таксама ўвесці рэжым спынення агню на Раство: «Зыходзячы з таго, што ў раёнах баявых дзеянняў пражывае вялікая колькасць грамадзян, якія вызнаюць праваслаўе, заклікаем украінскі бок абвясціць рэжым спынення агню і даць ім магчымасць наведаць службы ў Калядную куццю, а таксама ў Дзень Раства Хрыстова», — заявіў Пуцін.



На заклік патрыярха РПЦ адрэагаваў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк. Ён падкрэсліў, што заява РПЦ аб перамір'і з'яўляецца цынічнай пасткай і элементам прапаганды.


Украінскі палітолаг і блогер Алег Панамар адзначыў, што Расіі патрэбна паўза для таго, каб падрыхтаваць і перакінуць на фронт мабілізаваных. Нездарма пра гэта з самай раніцы пачалі адначасова казаць прэзідэнт Турцыі і кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы патрыярх Кірыл (Гундзяеў), які раней адкрыта ўхваліў вайну РФ супраць Украіны. «Я ўпэўнены, што і Украіна, і саюзнікі ведаюць, для чаго Расіі паўза і на гэтыя ініцыятывы «міратворцаў» не пойдуць, — піша Панамар і дадае: — Назіраем, хто яшчэ ў гэтыя дні будзе заклікаць да перамір'я».

Паводле ўкраінскай службы РБК, www.ponomaroleg.com, www.pravda.com.ua