Няма ані спынення агню, ані санкцый ЗША: Пуцін «забалбатаў» Трампа?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп высока ацаніў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, хаця ніякіх дасягненняў на ёй не адбылося. Нягледзячы на тое, што раней Трамп ледзьве не абяцаў выйсці з гэтых перамоваў з пагадненнем пра спыненне агню ва Украіне. Імаверна, Пуцін проста «забалбатаў» Трампа. Застаецца чакаць, калі Трамп зноў расчаруецца ў кіраўінку РФ. Ідуць 1270-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages
За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 139 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 16 жніўня.
Траціна боесутыкненняў па-ранейшаму адбываецца на Пакроўскім кірунку, там абаронцы Украіны спынілі 45 штурмаў расіян ў раёнах Палтаўкі, Уладзіміраўкі, Фёдараўкі, Новаэканамічнага, Радзінскага, Сухецкага, Пакроўску, Зверава, Удалага, Дачнага, Новаўкраінкі, Лісоўкі і іншых.
На Ліманскім і Новапаўлаўскім кірунку расійцы атакавалі па 21 разу на кожным.
Па шэсць атак расіян на кожным зафіксавана на Северскім і Тарэцкім кірунках.
Па пяць атак на кожным адбылося на Паўднёва-Слабажанскім, Купянскім і Прыдняпроўскім кірунках.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося сем баявых сутыкненняў.
* * *
За апошнія трое сутак Сілы абароны Украіны спынілі і заблакавалі прарыў расійцаў каля Дабраполля. Вядзецца зачыстка шэрагу населеных пунктаў, куды расійцам удалося дабрацца, паведамляе 1-шы корпус Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў».
«У выніку пошукава-ударных дзеянняў зачышчаныя наступныя населеныя пункты: Грузскае, Рубежнае, Новавадзаное, Пятроўка, Вясёлае, Залаты Калодзеж», — сказана ў паведамленні.
Расійскія войскі ў выніку баявых дзеянняў панеслі вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. «Правядзенне стабілізацыйных дзеянняў на Дабрапольскім кірунку працягваецца», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
DeepState пацвярджае, што Сілы абароны Украіны адкінулі расійцаў паблізу 7 населеных пунктаў на Дабрапольскім кірунку: паблізу Рубежнага, Залатога Колодзежа, Вясёлага, Вольнага, Шахавага, Ніканораўкі і Сухецкага.
* * *
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ацэньвае, што Расійскай Федэрацыі трэба больш за чатыры гады для таго, каб цалкам захапіць чатыры вобласці Украіны. «Улічваючы тэмпы паступовага прасоўвання Расіі на полі бою ў 2025 годзе, для таго, каб захапіць 100% тэрыторыі чатырох украінскіх абласцей, расійскім сілам спатрэбілася б прыкладна яшчэ 4,4 года», — гаворыцца ў паведамленні.
Калі вайна працягнецца яшчэ больш за 4 гады з цяперашнім узроўнем страт, Расія атрымае яшчэ блізу 1,93 млн новых забітых і параненых. Гэта дадаткова да ўжо прыкладна 1,06 млн ад 2022 года, сярод якіх каля 250 тысяч забітых ці зніклых без вестак, лічыць брытанская разведка.
* * *
У ноч на 16 жніўня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай Іскандэр-М і 85-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 61 БПЛА.
Расійскія войскі ўначы 16 жніўня атакавалі тэрыторыю Днепрапятроўскай вобласці ўдарнымі беспілотнікамі. У выніку абстрэлаў паўстала некалькі пажараў на тэрыторыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Абышлося без загінулых і пацярпелых.
Раніцай 16 жніўня расійскі беспілотнік атакаваў украінскіх ратавальнікаў у населеным пункце Запарожскай вобласці. Удар адбыўся ў той момант, калі яны ліквідавалі пажар на тэрыторыі складскога памяшкання. У выніку атакі быў пашкоджаны пажарна-выратавальны аўтамабіль, абышлося без ахвяр.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у інтэрв'ю журналісту Fox News, што на сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалася шмат пытанняў у якіх Штаты і Расія прыйшлі да згоды.
Журналіст спытаў Трампа, ці будзе прадугледжваць мірнае пагадненне Расіі і Украіны ў прыватнасці абмены тэрыторыямі, гарантыі бяспекі і да таго падобнае. «Гэта тое, пра што мы казалі, і мы шмат у чым пагадзіліся», — сказаў Трамп.
У той жа час, журналіст нагадаў, што Трамп казаў пра «адно важнае пытанне», па якім не ўдалося прыйсці да згоды, і спытаў, ці гатовы Трамп агучыць гэтае пытанне.
«Не, я б не хацеў. Думаю, хтосьці збіраецца апублікаваць гэта. Магчыма, нехта іншы гэта зробіць, але я б палічыў за лепшае спачатку паспрабаваць вырашыць яго. Я хачу паглядзець, ці зможам мы гэта зрабіць. Ведаеце, гэта яшчэ зусім не завершанае пагадненне. І Украіна павінна пагадзіцца. Прэзідэнт Зяленскі павінен пагадзіцца», — сказаў Трамп.
Варта заўважыць, што ў гэтым інтэрв'ю Трамп заявіў, што абмяркоўваў з Пуціным як тэрыторыі, так і гарантыі для Украіны. Хоць напярэдадні Трамп запэўніў еўрапейскіх лідараў, што на сустрэчы з Пуціным не будзе абмяркоўваць тэрыторыі і запатрабуе яго перамоваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ацаніў сваю сустрэчу з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на «10 балаў з 10». Таксама Трамп заявіў, што сустрэча з Пуціным была «на дзясятку» таму, што яны «выдатна паладзілі».
«І гэта важна, калі дзве вялікія дзяржавы знаходзяць агульную мову, асабліва калі гаворка ідзе пра ядзерныя дзяржавы. Мы нумар адзін, яны нумар два ў свеце, і гэта сапраўды мае значэнне», — дадаў ён.
Расійскія СМІ заяўляюць, што Пуцін ацаніў свой дыялог з Трампам як «вельмі добры». Да гэтага ён заявіў, што не пачаў бы вайну супраць Украіны, калі б у 2022 годзе прэзідэнтам ЗША быў Дональд Трамп.
З ягоных слоў, Расія зацікаўленая ў тым, каб скончыць вайну, але «павінны быць ліквідаваныя ўсе першапрычыны крызісу».
Раней Трамп заяўляў, што не будзе задаволены, калі на сустрэчы не дамовяцца аб спыненні агню: «Я хачу бачыць перамір'е. Я хачу, каб забойствы спыніліся». Аднак перамір'я дасягнута не было.
* * *
Сенатар ЗША Ліндсі Грэм у эфіры Fox News заявіў, што трохбаковая сустрэча можа завяршыць вайну да Каляд. Без перамоваў ЗША могуць узмацніць ціск на РФ і краіны.
Грэм выказаў асцярожны аптымізм адносна магчымага завяршэння вайны ва Украіне, калі адбудзецца трохбаковая сустрэча паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Па словах Грэма, у выпадку такой сустрэчы канфлікт можа скончыцца задоўга да Каляд.
У той жа час сенатар падкрэсліў, што калі перамоваў не будзе, Трамп можа ўжыць сур'ёзныя наступствы супраць Пуціна і краін, якія працягваюць купляць расійскую нафту і газ.
* * *
Карэспандэнту выдання The Economist стала вядома з крыніц, што на сустрэчы лідараў РФ і ЗША нібыта дасягнулі папярэдняй дамоўленасці аб часовым «перамір'і ў паветры».
«Мне кажуць, што ёсць папярэдняя дамоўленасць аб "перамір'і ў паветры" — да таго часу, калі адбудзецца трохбаковая сустрэча лідараў», — адзначыў карэспандэнт Олівер Кэрал.
«Мы лічым, што "неба" пакажа сігналы аб папярэдніх выніках гэтых перамоваў. Наступны тыдзень будзе цікавым», — працытаваў ён сваіх ананімных суразмоўцаў.
Дагэтуль ніякіх афіцыйных заяў аб такой дамоўленасці не было.
Нагадаем, пасля сустрэчы двух лідараў на Алясцы Трамп заявіў, што пра нешта дамовіўся з Пуціным, і «Зяленскі павінен гэта прыняць».
Таксама ён анансаваў новыя перамовы з кіраўніком Крамля і сказаў, што будзе ўдзельнічаць у сустрэчы Зяленскага і Пуціна, калі такая адбудзецца.
* * *
Вялікабрытанія плануе адправіць свае войскі ва Украіну ўжо на працягу першага тыдня пасля абвяшчэння перамір'я, піша The Telegraph.
Паводле звестак выдання, гаворка ідзе пра брытанскіх вайсковых інструктараў і інжынераў, якія будуць дапамагаць аднаўляць украінскія ўзброеныя сілы ў выпадку паўзы ў баявых дзеяннях.
Прэм'ер-міністр Кір Стармер таксама ўхваліў выкарыстанне знішчальнікаў Каралеўскіх паветраных сіл для патрулявання ўкраінскага неба разам з хаўруснікамі, каб прадухіліць парушэнні перамір'я з боку Расіі.