Ноч на вайне. Што адбылося, пакуль вы спалі
173 дзень вайны. Нават за адну кароткую ноч адбылося шмат.
На вайне загінуў адзін з лепшых ваенных лётчыкаў Украіны. За некалькі дзён да гібелі яго адзначылі ордэнам за мужнасць 3-й ступені. У 2019 годзе яго прызналі найлепшым лётчыкам Паветраных Сіл Узброеных сіл Украіны. Таксама ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на ўсходзе краіны.
Расійскія акупанты ў ноч на панядзелак, 15 жніўня, абстралялі горад Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Аб новым варожым абстрэле ў Telegram паведаміў кіраўнік Нікапальскай раённай ваеннай адміністрацыі Яўген Еўтушэнка.
«З РСЗА абстраляны горад Нікопаль... Гарады, вёскі, пасёлкі берагавой лініі — заставайцеся ў хованках, на процілеглым беразе працуе ствольная артылерыя», — дадаў чыноўнік.
У Харкаве ўначы былі чуваць выбухі, паведаміў мясцовы Telegram-канал.
На Данбасе вайскоўцы адбілі наступы расійцаў на чатырох кірунках.
На Славянскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Краматорскім кірунках украінскія вайскоўцы стрымалі варожыя штурмы і прымусілі суперніка адысці.
Пра гэта гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.
На Славянскім кірунку расійцы стралялі з артылерыі розных тыпаў непадалёк ад Вялікай Камышувахі, Бражоўкі, Залімана, Вернаполля, Мазанаўкі і Багародзічнага.
«На Краматорскім кірунку праціўнік спрабуе весці наступальныя дзеянні. Актыўна задзейнічае штурмавую і армейскую авіяцыю. Зафіксаваны абстрэлы непадалёк Белагораўкі, Грыгараўкі, Старадубаўкі, Вясёлага, Фёдараўкі і Северска», — дадалі ў ведамстве.
«На Аўдзееўскім кірунку зафіксаваны абстрэлы паблізу Сярэбранага, Краснагораўкі, Вопытнага, Першамайскага, Новабахмутоўкі і Мар'інкі, а таксама авіяўдар каля Краснагораўкі. З мэтай паляпшэння тактычнага становішча акупанты вялі наступальныя баі ў напрамку Пясок і Першамайскага, поспеху не мелі, вораг адышоў».
Як раней стала вядома, пасёлак Пяскі Пакроўскага раёна Данецкай вобласці знаходзіцца пад кантролем УСУ, але сітуацыя вельмі складаная — працягваюцца інтэнсіўныя баі.
Ужо 43 750 расійцаў загінулі на вайне, паведамляе УСУ.