Новыя кіраўнікі Мінабароны, МУС і СБУ ва Украіне

Пра кадравыя змены напісаў кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія.

Кірыл Буданаў

Кірыл Буданаў

Чакаецца, што Аляксей Рэзнікаў пакіне пасаду міністра абароны.
Паводле слоў Давіда Арахамія, цяпер Аляксею Рэзнікаву прапануюць стаць міністрам па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці. Міністрам абароны будзе кіраўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення генерал-маёр Кірыл Буданаў.
Кіраўніком МУС стане Ігар Кліменка, які ўзначальвае Нацыянальную паліцыю.
СБУ мусіць узначаліць Васіль Малюк, які раней быў выконваючым абавязкі на гэтай пасадзе.
«Сілавыя ведамствы на дадзеным этапе мусяць узначаліць не палітыкі, а кадравыя сілавікі», — падкрэсліў Арахамія.

Аляксей Рэзнікаў

Аляксей Рэзнікаў

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заяўляе, што ўпершыню чуе аб такой прапанове, і калі б яму прапанавалі ўзначаліць Міністэрства па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Украіны, то ён адмовіўся б.
Аб гэтым ён сказаў у каментарыі для «Фактаў ICTV»: «Я магу пракаментаваць, што гэта для мяне навіна. Са мной ніякай размовы аб Міністэрстве па пытаннях стратэгічнай прамысловасці не вялося з прэзідэнтам Украіны, вярхоўным галоўнакамандуючым».
Акрамя таго Рэзнікаў падкрэсліў, што Украіна не будзе выкарыстоўваць заходнюю зброю для нанясення ўдараў па тэрыторыі РФ. «Яна нам патрэбна выключна для самаабароны», — сцвярджае кіраўнік міністэрства абароны.
Журналісцкія расследаванні аб кантрактах міністэрства абароны выклікалі шырокі грамадскі рэзананс, і прэзідэнту Зяленскаму відавочна прыйшлося на гэта адрэагаваць.
Пры гэтым сам Рэзнікаў падчас прэс-канферэнцыі адказаў на пытанні журналістаў аб абвінавачваннях у злоўжываннях пры набыцці харчавання і іншага забеспячэння для войска. Міністр заявіў, што пакуль чыноўнікі міністэрства абароны не атрымалі ніводнага дакумента аб падазрэнні ў сувязі з кантрактамі на харчаванне вайскоўцаў. Ён таксама параіў адрасаваць усе падазрэнні аўдытарам, праваахоўным органам і судам.
Калі адстаўка Рэзнікава сапраўды адбудзецца, узнікне пытанне аб перадачы ўлады ў ваенным ведамстве — а гэта вялікі аб'ём кантрактаў, перамоў і рознага роду дамоўленасцей аб пастаўках заходняй зброі, абсталявання і забеспячэння для ўкраінскага войска. Падчас прэс-канферэнцыі Рэзнікаў запэўніў, што гатовы перадаць усё гэта свайму пераемніку.