Паглядзіце, як выглядае галоўная ёлка Украіны. Яе ўжо ўсталявалі ў Кіеве (фота)
Сёлета галоўная ёлка Украіны будзе штучная, яе ўпрыгожаць энергазберагальнымі гірляндамі і шарыкамі ў колерах украінскага сцяга.
На Сафійскай плошчы ў цэнтры Кіева ўжо практычна змантавалі
і пачынаюць упрыгожваць сімвалічную ёлку нязломнасці, піша unian.net.
Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, сёлета галоўная ёлка
краіны будзе штучная, вышынёй 12 метраў. Яе ўпрыгожаць энергазберагальнымі гірляндамі,
якія будуць свяціцца ад генератара, а падсвятленне ёлкі, хутчэй за ўсё, будзе
адбывацца ў пэўныя гадзіны.
Паводле яго слоў, сёлета навагодняе дрэва ўпрыгожаць цацкамі
мінулых гадоў, выкарыстаўшы каля тысячы шарыкаў сініх і жоўтых колераў і белых
галубоў. Верхавіну галоўнай ёлкі будзе вянчаць герб Украіны. Ніжняя частка ёлкі
будзе аформлена стэндамі са сцягамі краін, якія дапамагаюць Кіеву справіцца з
выклікамі і наступствамі вайны.
Таксама побач з елачным генератарам сталічныя ўлады плануюць
уладкаваць кропкі для падзарадкі гаджэтаў.
«Нагадаю, што ў гэтым годзе ёлку ўсталёўваем і ўпрыгожваем за кошт мецэнатаў і бізнесу, генератар таксама далі дабрачынцы.
Горад сродкаў не марнуе. Масавых забаўляльных мерапрыемстваў, фудкортаў,
кірмашоў і атракцыёнаў на Сафійскай плошчы ў гэтым годзе не будзе», — дадаў мэр сталіцы.
На пачатку лістапада 2022 года мэр Кіева Віталь Клічко
распавёў, што масавых гулянняў на навагоднія святы ў сталіцы не будзе, аднак адзначыў магчымасць ўстаноўкі елкі. Пазней стала вядома, што калі елку
ўсталююць, яе ўпрыгожаць у колерах нацыянальнага сцяга, а на верхавіне замест
зоркі будзе трызубец.
Пасля на сайце Офіса прэзідэнта з'явілася петыцыя з
прапановай не ўсталёўваць у гэтым годзе ёлку ў цэнтры Кіева, таму што ва ўмовах
рэгулярных адключэнняў святла і ракетных удараў Расіі гэта святкаванне
з'яўляецца недарэчным. Пасля гэтага на сайце Кіеўскай рады з'явілася петыцыя з
прапановай усё ж усталяваць галоўную навагоднюю ёлку ў Кіеве, але за сродкі
мецэнатаў.
У рэшце рэшт, гарадскія ўлады сталіцы ад ідэі ўстаноўкі ёлкі
не адмовілася. Праўда, яе адкрыццё будзе без канцэртаў, кірмашу і традыцыйнага «гарадка» з забаўкамі.