Палова расіян не лічыць паспяховымі дзеянні сваёй арміі ў вайне супраць Украіны
Доля расіян, якія лічаць вайну супраць Украіны паспяховай, упала да 50%. Гэта самы нізкі паказчык з 2022 года. Гэтаму спрыяюць удары Украіны па РФ — з-за іх можа ўзнікнуць не толькі бензінавы, але і банкаўскі крызіс. А Украіне NATO вылучыць €70 млрд у гэтым годзе. Ідуць 1626-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyІmages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 233 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян у раёнах Шахава, Удачнага і ў бок Тарэцкага, Кучарава Яру, Біліцкага, Новага Данбаса, Шаўчэнкі, Мацяшава, Новападгораднага.
На Канстанцінаўскім кірунку рассіяне здзейснілі 25 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру і ў бок Доўгай Балкі, Сцяпанаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку войскі РФ 20 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Старыцы, Лімана, Ваўчанскіх Хутароў, Дварачанскага, Заходняга і ў бок Ізбіцкага, Гоптаўкі, Вільчы, Валохаўкі, Шаўлякоўкі, Хатняга.
На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 16 разоў у раёнах Закітнага, Крывой Лукі і Рэзнікоўкі і ў бок Мікалаеўкі і Рай-Аляксандраўкі.
На Гуляйпольскім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак у бок Роўнага, Гуляйпольскага, Стараўкраінкі, Чароўнага.
* * *
Расійская армія знішчыла сартавальнае дэпо і кропку базавання перасоўных аддзяленняў «Укрпошты» ў Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці: загінулі дзве супрацоўніцы.
У Запарожжы ў выніку атакі расійскага беспілотніка ў ноч на 7 жніўня пашкоджаны офісны будынак, пасля чаго там узнік пажар. Па папярэдніх даных, абышлося без пацярпелых.
У Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці ў выніку расійскай атакі на грамадзянскую інфраструктуру пацярпеў 16-гадовы хлопец: яго з аскепкавым раненнем даставілі ў бальніцу.
* * *
* * *
Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заклікаў абмеркаваць магчымасць перахопу расійскіх ракет яшчэ над тэрыторыяй Украіны, не чакаючы іх магчымага ўваходу ў польскую паветраную прастору, паведамляе PAP.
«Ці можам мы быць упэўненыя, што лепш было б збіваць гэтыя расійскія ракеты над Украінай, а не, магчыма, пазней над Польшчай? Гэта тэма для вельмі сур'ёзнага абмеркавання, якая не павінна станавіцца закладнікам партыйнага саперніцтва», — заявіў польскі міністр.
Сікорскі адзначыў, што Украіна некалькі дзён запар падвяргаецца масіраваным ударам расійскімі балістычнымі ракетамі, ад якіх пакуль няма дастатковай абароны, а колькасць ахвяр сярод грамадзянскіх расце.
Нагадаем, пасля начной атакі Расіі па Украіне 30 ліпеня ў Люблінскім ваяводстве Польшчы выявілі кратар і абломкі расійскай крылатай ракеты Х-101. СПА Польшчы не змагла перахапіць гэтую ракету.
* * *
Краіны-члены NATO дадуць Украіне €70 млрд на ваеннае абсталяванне, дапамогу і навучанне ў 2026 годзе. Прынамсі такую ж суму плануюць вылучыць у 2027-м, паведаміў Генеральны штаб УСУ.
Каардынаваць ваенную падтрымку дапамагае Ініцыятыва NATO па бяспецы дапамогі і навучання для Украіны (NSATU). У яе межах дзясяткі тысяч украінскіх ваеннаслужачых прайшлі падрыхтоўку па розных напрамках — ад тактыкі вядзення бою і медыцыны да супрацьпаветрэнай абароны.
«Цяпер Украіна мае адзіны каардынацыйны механізм падтрымкі. У нас ёсць неабходныя магчымасці, у нас ёсць экспертыза. Навучанне, тэхнічнае абслугоўванне, забеспячэнне абсталяваннем. І, вядома, дапамога ўкраінскім сілам дзякуючы наданню ім падтрымкі, каб яны маглі засяродзіцца на непасрэдных баявых дзеяннях», — падкрэсліў намеснік камандуючага NSATU генерал-маёр Майк Келер.
* * *
За шэсць тыдняў да парламенцкіх выбараў у Расіі крамлёўскі дыктатар Уладзімір Пуцін апынуўся перад складанай дылемай: аб'яўляць новую хвалю мабілізацыі для папаўнення страт арміі або і далей хаваць маштабы вайны ад расійскага грамадства, піша Newsweek.
Па даных выдання, украінскія ўдары па ваеннай, энергетычнай і лагістычнай інфраструктуры РФ ствараюць для Масквы ўсё больш палітычных і эканамічных праблем. А новая маштабная мабілізацыя напярэдадні выбараў можа выклікаць незадавальненне расіян. Пасля папярэдняй мабілізацыі восенню 2022 года дзясяткі тысяч грамадзян РФ з'ехалі з краіны, спрабуючы пазбегнуць прызыву.
Крэмль публічна адмаўляе неабходнасць новай мабілізацыі і замест гэтага робіць стаўку на кантрактны набор. Расійская ўлада павялічвае аднаразовыя выплаты ваеннаслужачым, пашырае кампаніі па вярбоўцы і спрашчае заключэнне кантрактаў для асобных катэгорый асуджаных.
Аднак дэфіцыт паліва, рост цэн і падаткаў усё больш адбіваюцца на паўсядзённым жыцці расіян. Па даных Newsweek, адміністрацыя прэзідэнта РФ ужо знізіла ўнутраныя мэтавыя паказчыкі падтрымкі «Адзінай Расіі» на будучых выбарах. Гэта можа сведчыць пра турботу Крамля з нагоды настрояў насельніцтва.
* * *
Найбуйнейшыя дзяржаўныя банкі Расіі — «Сбер» і «ВТБ» — дэманструюць пагаршэнне якасці крэдытных партфеляў з-за росту праблемнай запазычанасці і павелічэння рэзерваў, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.
Доля праблемных крэдытаў трэцяй стадыі «Сбера» за квартал вырасла з 4,8% да 5,5%. Пры агульным крэдытным партфелі банка аб'ёмам 658,7 млрд долараў гэта адпавядае прыкладна 36,3 млрд долараў праблемных пазык.
Адначасова «Сбер» павялічыў рэзервы пад магчымыя страты на 8,6%. Колькасць дэфолтных крэдытаў у сегменце праектнага фінансавання ўзрасла на 27,9%, у карпаратыўным сектары — на 22,6%, а пратэрмінаваная запазычанасць павялічылася на 23,7%. Асабліва прыкметным стала пагаршэнне сітуацыі ў іпатэчным партфелі — пратэрмінаваныя плацяжы там выраслі амаль на 50%.
Кіраўнік праўлення «Сбера» Герман Грэф прызнаў, што работа крэдытнага камітэта банка цяпер усё больш звязана з рэструктурызацыяй даўгоў, а не з выдачай новых пазык.
Асобнай рызыкай для банка сталі кампаніі электроннай камерцыі. У «Сберы» паведамляюць аб росце праблем сярод кліентаў маркетплейсаў, у прыватнасці Wildberries, дзе ўсё больш заёмшчыкаў звяртаюцца з нагоды рэструктурызацыі даўгоў.
Падобныя праблемы назапашваюцца і ў іншага буйнога дзяржаўнага банка Расіі — «ВТБ». Банк, які захоўвае каля 8 трлн рублёў дэпазітаў насельніцтва, абвясціў аб скарачэнні 10% работнікаў галаўнога офіса. Яго прыбытак за першае паўгоддзе зменшыўся на 20%, а ў другім квартале — на 34%.
За адзін квартал «ВТБ» павялічыў рэзервы пад праблемныя крэдыты амаль на траціну — да 66,5 млрд рублёў. Рэнтабельнасць капіталу банка скарацілася з 20,5% да 13%, а дастатковасць капіталу знізілася да 10,7% пры мінімальным патрабаванні Цэнтрабанка РФ у 10%.
Акцыі «ВТБ» ужо апусціліся да гістарычных мінімумаў на Маскоўскай біржы, у прыватнасці з-за настрояў інвестараў адносна рызык, звязаных са стратэгічным партнёрствам банка з Wildberries.
Сітуацыя ў двух найбуйнейшых дзяржаўных банках РФ дэманструе агульную тэндэнцыю ў банкаўскай сістэме РФ агулам.
* * *
Доля расіян, якія лічаць вайну супраць Украіны паспяховай, упала да 50%. Гэта самы нізкі паказчык з самога пачатку паўнамаштабнага ўварвання, паведамляе «Левада-цэнтр» са спасылкай на вынікі свайго апытання.
Па даных сацыёлагаў, у ліпені толькі 8% апытаных ацанілі ход ваенных дзеянняў як «вельмі паспяховы», а яшчэ 42% — як «хутчэй паспяховы». Агулам за апошні год сумарная доля тых, хто лічыць уварванне паспяховым, скарацілася на 19 працэнтных пунктаў.
Папярэдні антырэкорд фіксавалі восенню 2022 года на фоне аб'яўлення мабілізацыі ў РФ. Тады паспяховым уварванне лічылі 53% рэспандентаў.