Папа Рымскі: дапамагаць Украіне зброяй — маральна прымальна
Папа Рымскі Францыск назваў «маральна прымальным» для краінаў Захаду забяспечыць Украіну зброяй. Цяпер Украіна змагаецца за сваю зямлю з поўнамаштабным уварваннем Расіі, і зброя патрэбна для мэтаў самаабароны.
Пра гэта Францыск заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў чацвер, калі вяртаўся з рэлігійнага саміту ў Казахстане.
«Гэта — палітычнае рашэнне, якое можа быць маральным, маральна прымальным, калі яно прымаецца ва ўмовах маральнасці», — так Папа Рымскі адказаў на пытанне пра тое, як ён ацэньвае пастаўкі заходняй зброі ва Украіну.
Папа сказаў, што, згодна з прынцыпамі справядлівай вайны, Касцёл дапускае выкарыстанне смяротнай зброі для абароны ад нацыі-агрэсара.
«Самаабарона — не толькі законная, але і выказванне любові да Радзімы. Той, хто сябе не абараняе, хто не абараняе нічога, — той не любіць гэта. Той, хто абараняе, — любіць», — дадаў Папа.
Пантыфік дадаў, што амаральным рашэнне аб пастаўках зброі можа стаць тады, калі яго «намер — правакаваць яшчэ больш вайны або прадаць зброю або пазбавіцца ад зброі, якая больш не трэба».
«Матывацыя — гэта тое, што ў значнай ступені вызначае маральнасць гэтага дзеяння», — дадаў Папа Рымскі.
Наконт перамоваў з РФ, Папа выказаўся, што дыялог весці цяжка, але «адкідваць яго не варта».
«Я б не выключаў дыялог з любой дзяржавай, якая знаходзіцца ў стане вайны, нават калі гэта агрэсар... часам даводзіцца весці і такі дыялог. Даводзіцца, нават калі не хочацца», — сказаў ён.
Паводле www.eurointegration.com.ua, news.liga.net