Папа Рымскі Францыск не хоча сустракацца з Патрыярхам Кірылам

Папа Рымскі Францыск сказаў, што запланаваная на чэрвень сустрэча з Патрыярхам Кірылам не адбудзецца.

f9900084_eb6c44cb7309e6464bde3af1d3c3acd9.jpg

Меркавалася, што духоўныя лідары маглі сустрэцца 14 чэрвеня ў Ерусаліме, паведамляе ВВС. Але Папа Францыск сказаў у інтэрв'ю аргенцінскай La Nacion, што ватыканскія дыпламаты далі зразумець: падобная сустрэча ў цяперашняй сітуацыі была б занадта супярэчлівай.

Папа Рымскі неаднаразова выказваўся супраць расійскага ўварвання ва Украіну і заклікаў спыніць гэта "вар'яцтва".

У пачатку красавіка Пантыфік раскрытыкаваў "замкнёнага ў анахранічных дамаганнях нацыяналістычных інтарэсаў" чалавека, які распаліў канфлікт ва Украіне. Называць яго імя ён, зрэшты, тады не стаў.

Раней кіраўнік Каталіцкай Царквы выказваў гатоўнасць прыехаць ва Украіну.

Патрыярх Кірыл таксама нібыта прасіў спыніць кровапраліцце, але адначасова звяртаўся да вайскоўцаў з заклікам выконваць прысягу, а да вернікаў — маліцца, "памнажаючы моц нашых Узброеных Сіл".