Пчолы супраць мёду. У Дзярждуме Расіі заклікаюць арыштаваць прапагандыста

Следчы камітэт РФ праверыць заклік прапагандыста Антона Красоўскага «тапіць» ці «спальваць жыўцом» украінскіх дзяцей, а дэпутат Дзярждумы запатрабаваў яго затрымаць.

krasouski.jpg

Следчы камітэт Расіі зоймецца праверкай выказвання журналіста RT Антона Красоўскага, які прапанаваў у інтэрв'ю з фантастам Лук'яненкам «тапіць» ці «спальваць жыўцом» украінскіх дзяцей.
Прапагандыст ужо папрасіў прабачэння за свае словы, аднак тэлеканал прыпыніў супрацоўніцтва з ім, а дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» запатрабаваў яго затрымаць і пакараць «у найкарацейшыя тэрміны».
Нагадаем, падчас інтэрв'ю з фантастам Сяргеем Лук'яненкам Антон Красоўскі прапанаваў тапіць і паліць украінскіх дзяцей, якія размаўляюць на рускай мове і лічаць, што тэрыторыя краіны акупавана Расіяй. Ён таксама заявіў, што Украіны «наогул не павінна існаваць».
Пазней Лук'яненка асудзіў словы Красоўскага, назваўшы іх правакатыўнымі. Раскрытыкавала іх і галоўрэд RT Маргарыта Сімоньян: яна заявіла, што выказванне журналіста «дзікае і агіднае», і выказала меркаванне, што яно было выклікана «часовым вар'яцтвам».


Яна таксама заявіла, што прыпыняе супрацоўніцтва тэлеканала з вядучым, «бо ні я, ні астатні калектыў RT не можам дазволіць, каб мільганула нават думка аб тым, што нехта з нас здольны падзяляць падобную дзічыну».
Сам прапагандыст папрасіў прабачэння за свае словы, прызнаўшыся, што яму «па-сапраўднаму ніякавата», і патлумачыўшы, што ён «неяк не ўбачыў гэтай мяжы»:
— Ну бывае так: сядзіш у эфіры, цябе нясе. І ты не можаш спыніцца. Я прашу прабачэння ва ўсіх, хто ачмурэў ад гэтага, — напісаў Красоўскі ў сацсетках.
Заява журналіста выклікала рэзкую рэакцыю і ў некаторых расейскіх палітыкаў. Дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Савельеў заявіў, што вядоўца павінен неадкладна атрымаць пакаранне па ўсёй строгасці закона.
— Выказванне Антона Красоўскага — гэта жахлівая правакацыя, гэта словы ворага Расіі, які ненавідзіць усё жывое. На мой погляд, кожны гук гэтага выказвання — злачынства. Чалавек, які здзейсніў падобнае, па сваёй разбуральнасці мала з чым параўнальнае дзеянне, павінен быць неадкладна затрыманы і ў найкароткія тэрміны асуджаны па максімальнай строгасці закона, — напісаў ён на сваёй старонцы ў ВК.
Па словах дэпутата, «чалавек, які вымавіў такія словы, як «тапіць дзяцей», «забіваць у хату і спаліць», здрадзіў Радзіме». Таксама Савельеў абвінаваціў Красоўскага ў тым, што той «паднёс у дар ворагу сапраўдную інфармацыйную ядзерную бомбу».
— І такое трэба караць неадкладна і вельмі жорстка, — заявіў дэпутат.
Тым часам кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба размясціў відэа з выказваннем Красоўскага ў сябе ў сацсетках і заклікаў урады краін, дзе да гэтага часу працягваецца вяшчанне RT, забараніць яго.
Антон Красоўскі — расійскі прапагандыст, зараз дырэктар вяшчання прапагандысцкага канала RT. Падтрымлівае вайну ва Ўкраіне, не раз выказваўся аб тым, што краіна не павінна існаваць. 10 кастрычніка, калі Расія абстраляла ўкраінскія гарады ракетамі і калі загінулі каля 20 чалавек, Красоўскі выклаў відэа, дзе ў піжаме з надпісам «Армія Расіі» танчыць на балконе: «Сказаць, што я шчаслівы — гэта наогул нічога не сказаць», — напісаў ён у адказ на падзеі ва Украіне.