Перад зваротам Пуціна расійцы актыўна цікавіліся, як з'ехаць з краіны
Індэкс запытаў у Google па словазлучэнні «як з'ехаць з Расіі» дасягнуў максімуму ў аўторак. Гэта адбылося на фоне навін аб будучай мабілізацыі і рэферэндумах у непрызнаных рэспубліках.

Пік запытаў прыйшоўся на 18:00, вынікае з даных Google Trends. Незадоўга да гэтага з'явіліся паведамленні аб будучым звароце Пуціна і Шайгу. Больш за ўсё пытанне эміграцыі цікавіла жыхароў Хабараўскага краю, які мяжуе з Кітаем, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

Таксама на аўторак прыйшоўся ўсплёск запытаў па тэме мабілізацыі. Але ён меншы, чым у траўні (калі гэта тэма актыўна абмяркоўвалася перад Днём Перамогі). Найбольш актыўна гэтай тэмай цікавяцца жыхары Белгарадскай вобласці.
У гэты ж дзень расійцы сталі «гугліць» тэму адтэрміновак ад войска. Пік прыйшоўся на 13:00 — пасля першых паведамленняў аб магчымай мабілізацыі.

Імаверна, сёння паток гэтых запытаў узрасце. Нагадаем, што Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю.