Пяць найбуйнейшых паражэнняў Расіі з пачатку вайны

У Пуціна сёння, 1 сакавіка, пятае буйное паражэнне з пачатку вайны, заявіў Дзмітрый Кулеба, кіраўнік МЗС Украіны. І Еўрасаюз не замёрз без газу з РФ, нягледзячы на «маскоўскі рогат».

_belarus_leta_zniven_radzima_ranica_slaneczniki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg

Кіраўнік МЗС Украіны ў сваім Facebook заявіў, што краіна выстаяла і перамагла зімовы тэрор расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Дзмітрый Кулеба таксама прапанаваў Расіі, якая напала на Украіну, задыхнуцца ад свайго газу і задушыцца сваімі ракетамі.

«1 сакавіка 2023 года Пуцін пацярпеў пятае буйное паражэнне з дня поўнамаштабнага ўварвання — Украіна перамагла ягоны зімовы тэрор. Мы выстаялі самую цяжкую ў сваёй гісторыі зіму. Нам было холадна і цёмна, але мы былі нязломныя», – адзначыў Кулеба.

Перамог і ЕС, які насуперак маскоўскім кпінам і чаканням таксама не замёрз без расійскага газу, адзначыў Кулеба.



Са слоў кіраўніка МЗС Украіны Кулебы, першае паражэнне ў агрэсара было тады, калі Украіна з першых хвілін наступу не дала Пуціну паралізаваць сябе страхам.

«Другое — калі мы сарвалі план расійскага бліцкрыгу. Украіна не пала ні за тры дні, ні за сем, ні праз месяц, ні праз год. І ніколі не падзе», — заявіў міністр.

Трэцяе паражэнне было нанесена РФ на дыпламатычным фронце, падкрэсліў кіраўнік МЗС Украіны, а чацвёртае — страта Расіяй вялікай колькасці акупаваных тэрыторый Украіны з прычыны эфектыўных дзеянняў і контрнаступленняў УСУ і сіл абароны.

«Да канчатковай перамогі яшчэ цяжкі шлях. Але мы з вамі ўжо ведаем, як перамагаць. Павінны кожны дзень працаваць для яе і верыць ва Украіну», — рэзюмаваў Кулеба.

Паводле сацсетак, korrespondent.net, www.unian.net