Прапагандысту РФ, які выступаў з чэрапам абаронца «Азоўсталі», прастрэлілі галаву

Стваральніку ПВК, які пагражаў знішчыць усіх украінцаў, прастрэлілі галаву з пісталета. Гэта здарылася ў Луганскай вобласці. Прапагандыст цяпер у шпіталі і наўрад ці яшчэ здолее калі-небудзь ваяваць.

photo_2023_02_04_21_57_20.jpg

Расійскі найміт і прапагандыст Ігар Мангушаў, які выступаў у акупаваным Данецку, як ён сам сцвярджаў, з чэрапам абаронцы «Азоўсталі», быў паранены ў патыліцу ў Луганскай вобласці, піша «Люстэрка».

Падазраюць, што стрэліць у яго маглі “свае”. Інфармацыя аб гэтым распаўсюджваецца ў тэлеграм-каналах.

Удзень 4 лютага адзін з прарасійскіх тэлеграм-каналаў апублікаваў інфармацыю аб тым, што ў палову першай ночы «капітан 4-й брыгады 2-га армейскага корпуса 8 арміі УС РФ, камандзір узвода антыБПЛА Ігар „Бераг“ Мангушаў быў дастаўлены ў нейрахірургію горада Стаханаў (Луганскай вобласці. — заўв. рэд.) са сляпым агнястрэльнай кулявым раненнем у галаву».

Паводле папярэдняй інфармацыі, раненне «зроблена з кароткаствольнай зброі, куля меркавана 9 мм, з блізкай адлегласці, патылічна-цемянная вобласць, раневы канал ззаду ўніз пад 45 градусаў». Калі казаць прасцей, то Мангушаву стрэлілі ў патыліцу з пісталета.


Стан Мангушава лекары ацэньваюць як стабільна цяжкі, з негатыўнай тэндэнцыяй.

Нагадаем, Ігар «Бераг» Мангушаў — расійскі прапагандыст, “крыху піяршчык, крыху паліттэхнолаг, крыху вайсковец, аферыст і найміт”. Як раней пісаў The Insider, Мангушаў з'яўляецца лідарам ПВК E.N.O.T. Corp. («Енот»), якая была створана на базе нацыяналістычнага руху «Светлая Русь» і асацыяцыі ваенна-патрыятычных клубаў «Рэзерв». Яго ўдзельнікі займаліся аблавамі на «нелегальных мігрантаў».

«Яноты» ўдзельнічалі таксама ў вайсковых кампаніях на ўсходзе Украіны і ў Сірыі, а таксама пры анексіі Крыма.

СМІ называлі Мангушава адным з аўтараў ідэі выкарыстання літары «Z» як сімвала расійскага ўварвання ў Украіну. Так, расійская «Медуза» пісала, што паліттэхнолаг і ягоныя «паплечнікі» пачалі выкарыстоўваць сімвал яшчэ да пачатку «спецаперацыі». Магнушаў, аўтар тэлеграм-канала «Запіскі падарожніка», сцвярджаў у размове з журналістамі, што ідэя належыць яму і яго аднадумцам, а ўлады РФ проста ўзялі яе на ўзбраенне.

Імя Мангушава такскама было ва ўцечцы аб дзейнасці «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» — «фабрыкі троляў», якую звязваюць з Яўгенам Прыгожыным. Сапраўднасць перапіскі пацвярджаў сам паліттэхнолаг. Мангушаў заявіў, што ідэя выкарыстання літары Z прыйшла яму разам з «паплечнікамі» — «людзьмі творчых прафесій, якія ў 2014 годзе і пазней, у сілу шэрагу абставінаў узялі ў рукі зброю».

У пацверджанне сваіх слоў Мангушаў паказаў скрыншоты перапіскі ў тэлеграме. Удзельнікі прапаноўвалі паставіць на аватары сваіх каналаў лагатып з літарай Z «менавіта белай фарбай, нанесенай тыпу пэндзлем, трохі нядбайна, але ва ўсіх аднолькавую». Гэта выява стала з'яўляцца ў некалькіх тэлеграм-каналах, якія падтрымліваюць «народныя рэспублікі» на ўсходзе Украіны 20-21 лютага — яшчэ да пачатку «спецаперацыі».

Мангушаў заявіў, што карцінкі ўбачыў «хтосьці з людзей, якія маюць дачыненне да дзяржпрапаганды, і сказаў: “Крутая тэма, бяром у працу».

175843_900.jpg

У жніўні 2022 года Мангушаў правёў у Данецку стэндап з чэрапам. Са сцэны ён заявіў, што гэта чэрап украінскага салдата, забітага ў Марыупалі на Азоўсталі, і прыгразіў «знішчэннем» усім, «хто лічыць сябе ўкраінцамі». Ён адкрыта пісаў, што “дэнацыфікацыя Украіны”, якая вызначалася расійскай уладай нібыта як мэта “спецаперацыі” — “гэта знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці”.

Паводле Люстэрка, tjournal.ru, УНІАН