Пуцін памілаваў арганізатара забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай дзеля яго ўдзелу ў вайне
Сяргей Хаджыкурбанаў, адзін з арганізатараў забойства журналісткі «Новай газеты» Ганны Паліткоўскай, прысуджаны да 20 гадоў калоніі, датэрмінова вызваліўся з калоніі, адправіўшыся на вайну ва Украіну, паведамляе Baza.
Паводле даных тэлеграм-канала,
Хаджыкурбанаў трапіў у зону баявых дзеянняў яшчэ ў канцы 2022 года, пачаўшы
службу на пасадзе камандзіра аддзялення разведкі. Як сцвярджае крыніца Baza, ён «неаднаразова хадзіў у тыл праціўніка,
выконваючы са сваімі байцамі спецыфічныя для выведнікаў задачы». Так
Хаджыкурбанаў даслужыўся да камандзіра батальёна.
Праз паўгода службы на вайне ва Украіне Хаджыкурбанаў падоўжыў кантракт з Мінабароны РФ, пры гэтым на які менавіта тэрмін і ў якой ён пасадзе цяпер — невядома. Цяпер ён вызвалены ад адбыцця пакарання.
Інфармацыю пра тое, што Хаджыкурбанаў датэрмінова вызваліўся з калоніі, адправіўшыся на вайну ва Украіну, пацвердзіў РБК адвакат Аляксей Міхальчык. Паводле слоў абаронцы, Хаджыкурбанаў спачатку ўклаў кантракт як зняволены, а цяпер удзельнічае ў вайне ва Украіне як «вольнанаёмны вайсковец».
Хаджыкурбанава, былога аператыўніка РУБАП, прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў 2014 годзе. Афіцыйны тэрмін яго зняволення заканчваўся ў 2034 годзе. Яго затрымалі паводле абвінавачання ў арганізацыі забойства Паліткоўскай у 2007 годзе, аднак праз два гады суд прысяжных прызнаў яго невінаватым.
Неўзабаве яго зноў затрымалі па справе аб вымагальніцтве ў яшчэ аднаго арганізатара забойства журналісткі — Дзмітрыя Паўлючэнкава — і зноў абвінавацілі ў датычнасці да арганізацыі забойства.
Хаджыкурбанаў да канца адмаўляўся даваць паказанні і заяўляў пра сваю невінаватасць, сцвярджаючы, што абвінавачанне будуецца толькі на паказаннях Паўлючэнкава, які агаварыў Хаджыкурбанава, паколькі павінен быў буйную суму грошай.
Паўлючэнкаў заключыў здзелку са следствам і быў прысуджаны да 11 гадоў калоніі, тэрмін яго зняволення скончыўся ў лютым 2023 года. Трэці арганізатар забойства Паліткоўскай — чачэнскі крымінальны аўтарытэт Лом-Алі Гайтукаеў — памёр у калоніі ў ліпені 2017 года.
Паліткоўскую забілі 7 кастрычніка 2006 года ў пад'ездзе дома на Лясной вуліцы ў Маскве, нагадвае «Новая газета. Еўропа». Забойца зрабіў чатыры стрэлы ва ўпор, у тым ліку кантрольны — у галаву.
У 2014 годзе Масгарсуд вынес рашэнне па фігурантах крымінальнай справы –Рустаму Махмудаву і Лом-Алі Гайтукаеву. Іх прысудзілі да пажыццёвага пазбаўлення волі, прызнаўшы першага выканаўцам, а другога — арганізатарам забойства. Яшчэ трое мужчын, якія былі пасярэднікамі ў арганізацыі злачынства — Сяргей Хаджыкурбанаў, Ібрагім і Джабраіл Махмудавы — былі прысуджаныя да 20, 12 і 14 гадоў калоніі адпаведна.
У адмысловым парадку была разгледжаная справа падпалкоўніка ГУУС Масквы Дзмітрыя Паўлючэнкава — аднаго з кіраўнікоў міліцэйскай «знадворкі», чые падначаленыя ў працоўны час сачылі за Паліткоўскай. У рамках здзелкі са следствам Паўлючэнкаў абавязаўся назваць заказчыкаў забойства, аднак не назваў і атрымаў мінімальны тэрмін. Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што расследаванне забойства Паліткоўскай не было эфэктыўным.
Замоўцы забойства не названыя дагэтуль. Многія доказы
і абставіны забойства вялі ў Чачню, у прыватнасці, да яе высокапастаўленых кіраўнікоў. 7
кастрычніка 2021 года скончыўся тэрмін даўнасці па гэтай справе.