Пуцін загадаў «Велікоднае перамір'е». Зяленскі кажа, што адкажа люстэркава

Ва Украіне можа усталявацца спыненне агню на паўтары дні — Пуцін аддаў загад сваім генералам пра «Велікоднае перамір'е». Уладзімір Зяленскі ў адказ заявіў, што Масква можа перастаць страляць і пасля яго заканчэння. Украіна адкажа на перамір'е люстэркава. Ідуць 1507-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552568773_1147543330892077_3242277326420834683_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 163 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Іванаўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Шаўчэнка, Грышына, Пакроўску, Удачнага, Новамікалаеўкі, Маладзецкага, Мірнага, Котліна і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Сцяпанаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Іванаполля і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак у раёнах Залізнічнага, Гуляйполя, Варвараўкі, Гіркага, Гуляйпільскага, Стараўкраінкі і Дабраполля.

На Купянскім кірунку армія РФ атакавала дзевяць разоў, на Аляксандраўскім кірунку адбылося восем боесутыкненняў.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін адважыўся на перамір’е з Украінай на Вялікдзень. Яно пачнецца ўвечары 11 красавіка, паведаміла прэс-служба Крамля.

«У сувязі з надыходзячым праваслаўным святам Вялікадня абвяшчаецца перамір’е з 16:00 11 красавіка да канца дня 12 красавіка 2026 года», — сказана ў паведамленні. Свайму міністру абароны Андрэю Белавусаву, начальніку генштаба Валерыю Герасімаву кіраўнік Крамля ўжо аддаў загады «спыніць баявыя дзеянні на ўсіх напрамках» на гэты перыяд.

Як дадалі ў Крамлі, Масква «зыходзіць з таго, што Украіна рушыць прыкладу РФ».

Нагадаем, яшчэ ў канцы сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ён гатовы да перамір’я з Расіяй на Велікодныя святы. Паводле яго, за 2-3 дні спынення агню Расія не зможа ўмацаваць свае пазіцыі на фронце, таму на баі такая ініцыятыва не паўплывае.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна гатовая да люстраных крокаў у адказ на абвешчанае Расіяй Велікоднае перамір’е. Ён адзначыў, што Украіна неаднаразова прапаноўвала спыненне агню на час Велікодных святаў і цяпер будзе дзейнічаць адпаведна.

«Людзям патрэбны Вялікдзень без пагроз і рэальны рух да міру, і ў Расіі ёсць шанец не вяртацца да ўдараў і пасля Вялікадня», — заявіў прэзідэнт Украіны.

* * *

Украінская армія атрымала адчувальную перавагу над войскамі РФ у выкарыстанні беспілотнікаў, што ўжо ўплывае на ход баявых дзеянняў. Гэта прызнаюць нават у Расіі, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Як адзначаюць аналітыкі, Украіна значна ўзмацніла сваю ўдарную кампанію сярэдняй далёкасці супраць расійскай лагістыкі, ваеннай тэхнікі і жывой сілы з канца 2025 года і асабліва ў пачатку 2026 года, што перашкаджала прасоўванню Расіі па ўсім тэатры ваенных дзеянняў і таксама замінае расійскаму наступу вясны-лета 2026 года. ISW атрымала геалакацыйныя доказы таго, што ўкраінскія войскі нанеслі 41 удар сярэдняй далёкасці ў студзені 2026 года, 61 у лютым 2026 года і 115 у сакавіку 2026 года.

Гэтыя ўкраінскія ўдары былі ў асноўным накіраваныя супраць расійскіх сіл і сродкаў на ўсходзе і поўдні Украіны, што пагоршыла падрыхтоўку Расіі да наступальных аперацый у апошнія тыдні і месяцы.

Нават у расійскай інфармацыйнай прасторы пачалі прызнаваць змены на полі бою. Прапагандысцкія крыніцы РФ паведамляюць пра рост уплыву ўкраінскіх тэхналогій і тактыкі, уключаючы элементы паветранага падушэння з дапамогай дронаў. Эксперты ISW пішуць, што, паводле інфармацыі расійскага ваеннага блогера, міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў паведаміў Пуціну, што Украіна мае «значную» тэхналагічную перавагу ў вайне беспілотнікаў на перадавой.

«Белавусаў нібыта заявіў, што сітуацыя з’яўляецца "крытычнай" для расійскіх сіл, паколькі Украіна мае як колькасную перавагу ў беспілотніках, так і распрацавала новае "пакаленне абсталявання". Белавусаў нібыта сказаў Пуціну, што Украіна выкарыстоўвае "больш складаныя сістэмы", якім расійскія сілы "ў значнай ступені не гатовыя" супрацьстаяць», — гаворыцца ў справаздачы.

Дакладнасць гэтых заяў немагчыма незалежна пацвердзіць, «аднак відавочна, што тэхналагічная перавага Украіны становіцца адным з ключавых фактараў вайны, змяняючы баланс сіл і ўскладняючы далейшыя наступальныя планы Расіі», адзначаюць аналітыкі.

* * *

У ноч на 10 красавіка Расія  атакавала Украіну 128 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 113 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі ноччу масіравана атакавалі ўдарнымі дронамі Адэсу і вобласць. У выніку атакі ёсць пашкоджанні інфраструктуры і абясточванне, атрымалі пашкоджанні пустыя рэзервуары і абсталяванне порта, але абышлося без пацярпелых.

Мэр Канатопа Сумскай вобласці Арцём Семяніхін паведаміў пра атаку беспілотнікаў, у выніку якой узніклі пажары ў адміністрацыйным будынку і жылым доме. «Папярэдне без ахвяр», — адзначыў ён.

У ноч на 10 красавіка ў некалькіх расійскіх гарадах, у прыватнасці ў Казані, Саранску, Гукаве і Валгаградзе, прагрымелі выбухі і спрацавалі сістэмы СПА. У Казані (сталіца Татарстана) упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ўключылі паветраную трывогу. Адлегласць ад украінскай мяжы да Казані складае прыкладна 1200-1500 кіламетраў.

* * * 

668980475_1305548768424865_1947689240437832052_n.jpg

* * *

Паводле даных агенцтва Reuters, пасланнік кіраўніка Расіі Кірыл Дзмітрыеў цяпер знаходзіцца ў Штатах і абмяркоўвае з членамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа мірнае пагадненне па Украіне і эканамічнае супрацоўніцтва паміж ЗША і Расіяй.

Reuters адзначае, што візіт Дзмітрыева адбываецца перад рашэннем ЗША аб працягу тэрміну змякчэння санкцый на расійскую нафту, дзеянне якіх заканчваецца 11 красавіка, і гэтае пытанне таксама можа быць на парадку дня.

* * *

У Еўропе асцерагаюцца, што Дональд Трамп запатрабуе ад Кіева адмовы ад тэрыторый дзеля хуткай «перамогі». Еўрапейскія дыпламаты сур’ёзна занепакоеныя зменай рыторыкі Вашынгтона. Адміністрацыя Дональда Трампа можа ўзмацніць ціск на Украіну ўжо гэтай восенню, піша The Guardian.

Восенню ў ЗША адбудуцца прамежкавыя выбары ў Кангрэс і Трампу патрэбны хуткі вынік. Еўрапейскія чыноўнікі бачаць у гэтым пагрозу суверэнітэту Украіны, бо Вашынгтон можа пачаць дзейнічаць больш агрэсіўна. «Вы можаце бачыць, што ў Трампа заканчваецца цярпенне і ён хоча хуткага рашэння», — заявіў на ўмовах ананімнасці адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў.

Выданне акцэнтуе, што ў гэтым месяцы ў Кіеў могуць прыбыць спецпасланнік Белага дома Стыў Уіткаф і зяць прэзідэнта Джарэд Кушнер. Чакаецца, што яны паспрабуюць «перазагрузіць» дыялог. Аднак у Еўропе гэты візіт успрымаюць насцярожана: існуе рызыка, што Кіеў будуць прымушаць да несправядлівага міру.

Расце занепакоенасць тым, што Трамп, жадаючы дабіцца перамогі перад прамежкавымі выбарамі, можа ўзмацніць ціск на Кіеў, каб той адмовіўся ад прэтэнзій на Данбас.

* * *

Заходнія партнёры звярталіся да Украіны з просьбай спыніць удары па расійскіх нафтавых тэрміналах, аднак Кіеў працягвае дзейнічаць ва ўласных нацыянальных інтарэсах, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў падчас брыфінгу на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад.

Паводле яго слоў, галоўнай прычынай занепакоенасці партнёраў з’яўляецца пытанне сусветнага цэнаўтварэння на энерганосьбіты.

«Магу толькі ў агульных рысах сказаць: так, такое існуе. Чаму гэта адбываецца? Вы таксама можаце зразумець — гэта пытанне фарміравання цаны. Але ў нас свая вайна», — падкрэсліў Буданаў.

Украінскі бок, нягледзячы на ціск, не плануе адмаўляцца ад стратэгіі разбурэння варожай інфраструктуры, якая забяспечвае расійскую армію і бюджэт.

«Іх можна зразумець, гэта іх праўда, але ёсць яшчэ наша праўда і наш нацыянальны інтарэс. І ён менавіта тaкi, які ёсць. Мы не спыняем», — падвёў вынік кіраўнік Офіса Прэзідэнта.