Расія мае намер працягваць вайну ўсімі сродкамі

Пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Нябензя пад час пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН заявіў, што Расія не збіраецца спыняць вайну ва Украіне, а Уладзімір Пуцін паведаміў, што аддаў загад атакаваць украінскую энергетыку. РФ эскаліруе сітуацыю. Ідуць 1652-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

545152978_1135432058769871_2643402395610085003_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 верасня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 28 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Іллінаўка, Навасёлаўка, Сцяпанаўка, Софіяўка і ў бок Навапаўлаўкі й Вільнага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 атак у бок населеных пунктаў Новы Донбас, Сяргееўка, Навападгорнае, Навапаўлаўка і ў раёнах населеных пунктаў Удачнае, Мураўка, Маладзецкае, Гарыхавае.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 13 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Ваздвіжаўка, Раждзянка, Верхняя Тэрса і Чароўнае.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі дзевяць разоў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — сем разоў

* * *

Расійскія войскі ў ноч на 2 верасня нанеслі ўдары па Адэсе, ёсць параненыя, пашкоджаны аб'екты інфраструктуры і жылыя дамы. Ёсць трое пацярпелых, сярод іх дзіця.

Расіяне ударам дрона разбурылі два таунхаусы ў Вішнёвым Кіеўскай вобласці. Папярэдне загінулых не выяўлена.

Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі пасля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку 1 верасня заявіў, што аддаў загад расійскім войскам масіравана наносіць удары па ўкраінскай энергетыцы. Лідар Крамля паскардзіўся, што Украіна працягвае наносіць удары па паліўна-энергетычным комплексе РФ і заявіў, што ён аддаў загад аб падрыхтоўцы і нанясенні масіраваных удараў па аб'ектах энергетыкі Украіны.

* * * 

791998674_1046775898262720_8340659553031872458_n.jfif

* * *

Міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Дабрындт заявіў, што Расія нясе адказнасць за інцыдэнт з дронам з выбухоўкай паблізу ўкраінскага грузавога самалёта ў аэрапорце «Лейпцыг/Галле» ў мінулым месяцы.

Нагадаем, 4 жніўня ў аэрапорце «Лейпцыг/Галле» выявілі беспілотнік з выбухоўкай паблізу ўкраінскага грузавога самалёта «Антонаў», які выкарыстоўваўся для перавозкі ваенных грузаў. Дабрындт заявіў, што падчас інцыдэнту ў Лейпцыгу былі прыменены метады, якія выкарыстоўваліся і ў іншых расійскіх атаках.

«Федэральны ўрад прыходзіць да высновы, што Расія нясе адказнасць за гібрыдную атаку, якая адбылася 4 жніўня ў Лейпцыгу. Мы не знаходзімся ў стане вайны. Але мы штодня з'яўляемся мішэнню гібрыднай вайны», — падкрэсліў Дабрындт.

Міністр замежных спраў Германіі Ёхан Вадэфуль заявіў, што ў адказ на гэта Генеральнае консульства Расіі ў Бонне і «Рускі дом» у Берліне будуць зачыненыя, а ў санкцыйныя спісы ЕС будуць дададзены новыя асобы. У сувязі з гэтым расійскага пасла выклічуць на сустрэчу.

Па даных крыніц ва ўрадавых колах Берліна, ужо ў верасні Украіна атрымае дадатковыя зенітныя ракеты для сістэм IRIS-T, а ў бліжэйшы час — некалькі тысяч ударных дронаў. Акрамя ўзбраення, Берлін узмоцніць і супрацоўніцтва разведак з Кіевам.

* * *

Расійская паветраная прастора становіцца небяспечнай для грамадзянскай авіяцыі з-за масавай прысутнасці дронаў. Украіна папярэджвае міжнародныя авіякампаніі і страхаўнікоў аб неабходнасці ўлічваць гэтыя рызыкі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік Украіны звярнуўся да ўсіх авіякампаній, якія выкарыстоўваюць расійскую паветраную прастору, а таксама страхаўнікоў, якія карыстаюцца ключавымі аэрапортамі РФ, аб тым, што «расійскае неба становіцца цалкам небяспечным».

«Украіна не пагражае грамадзянскай авіяцыі як такой — ніводнаму грамадзянскаму самалёту. Проста дроны ў небе Расіі будуць, так што трэба гэта ўлічваць. Хаця расійскія ўлады аб гэтым не паведамляюць, як належыць, але расійскае неба дэ-факта будзе зачыняцца: вайна, развязаная Расіяй, закрывае яе неба», — гаворыцца ў заяве Зяленскага.

Па даных Маскоўскай біржы пасля заявы каціроўкі «Аэрофлота» ўпалі на 5,11%, дасягнуўшы мінімуму ў 30,36 рубля за акцыю.

* * *

Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін падчас выступлення перад прэсай пасля саміту ШАС у Кыргызстане абверг, што ў Расіі будзе мабілізацыя пасля выбараў у Дзярждуму. Адна з журналістаў згадала, што цяпер з'яўляецца ўсё больш інфармацыі аб тым, што пасля выбараў у Дзярждуму Расіі ў краіне пачнецца новая хваля мабілізацыі. Пуцін, не чакаючы поўнага пытання, перабіў прадстаўніцу СМІ і сказаў наступную фразу: «Гэта лухта сабачая. Гэта інфармацыйная атака на Расію».

* * *

Расія заявіла, што працягне вайну супраць Украіны ваенным шляхам, калі Кіеў не згодзіцца на ўмовы Масквы. Сярод іх Крэмль называе прызнанне так званых «рэалій на месцах», заявіў пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Нябензя пад час пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН.

Па словах Нябензі, без згоды Украіны на расійскія патрабаванні Масква не бачыць магчымасці для заканчэння вайны дыпламатычным шляхам. «Без прызнання сфармаваўшыхся рэалій на месцах мірнага ўрэгулявання канфлікту ў Украіне не будзе», — сцвярджае ён.

Нябензя таксама сказаў, што Расія працягне дамагацца сваіх мэт ваенным шляхам. У той жа час прадстаўнік РФ заявіў, што кантакты Расіі з заходнімі дзяржавамі з нагоды вайны супраць Украіны практычна спыніліся.