Расія пачынае схаваную мабілізацыю, але спадзяецца не на салдат, а на ракеты

Расія фактычна прыступіла да правядзення дадатковай мабілізацыі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Па меркаванні Украіны, мабілізаваных будуць кідаць на вайну без належнай падрыхтоўкі. У той жа час, па меркаванні ISW, Пуцін робіць стаўку на маштабныя дальнабойныя ракетна-дронавыя ўдары зімой 2026-2027 гадоў. Ідуць 1679-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

526956466_1103809331932144_104446985257611649_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 верасня.

На Ліманскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў раёнах населеных пунктаў Рэдкадуб, Навасёлаўка, Дробышава, Ліман і Дзіброва.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Доўгай Балкі, Вольнага і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Залаты Калодзеж.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у раёнах населеных пунктаў Светлае, Маладзецкае і ў бок Дабраполля, Навагрышынага, Сяргееўкі і Навапаўлаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі восем атак арміі РФ.

* * *

У ноч на 29 верасня Расія атакавала Украіну супрацькарабельнай ракетай Цыркон/Онікс, двума балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/С-400, 152 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (82 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 109 мэтаў: супрацькарабельная ракета Цыркон/Онікс; 2 балістычныя ракеты Іскандэр-М/С-400; 106 БпЛА.

У ноч на аўторак, 29 верасня, у Кіеве і шэрагу абласцей абвясцілі паветраную трывогу з-за пагрозы балістыкі, у сталіцы былі выбухі і пажары.

28 верасня ў Кіеве 26 чалавек пацярпелі, два чалавекі загінулі ў выніку расійскіх атак. Беспілотнік трапіў у будынак Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

У выніку расійскай атакі БпЛА ноччу 29 верасня ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці пацярпелі два чалавекі, узнік пажар у прыватным доме.

За суткі расійскія войскі абстралялі 24 населеныя пункты Сумскай вобласці, у выніку атак пацярпелі чатыры чалавекі, таксама пашкоджаны лакаматыў і чыгуначныя шляхі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што цяпер агульны працэнт збіваемых дронаў складае 70%, а рэактыўных беспілотнікаў — 57%. Па яго словах, новыя перахопнікі актыўна праходзяць выпрабаванні.

Па словах Зяленскага, ёсць частка баявых груп, якія выкарыстоўваюць перахопнікі, але «трэба яшчэ дапрацаваць некаторыя дэталі, каб забямпечыць дастатковую эфектыўнасць і маштабнасць».

* * *

828280540_1513311534228133_5613972336519371378_n.jfif

* * *

Расія фактычна прыступіла да правядзення дадатковай мабілізацыі. Крэмль павялічвае колькасць людзей, якіх набірае ў армію рознымі метадамі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце.

«Фактычна расіяне ўжо пачалі дадатковую мабілізацыю — яны павялічваюць колькасць людзей, якіх набіраюць рознымі метадамі. Плануюць павялічваць і прыцягненне замежнікаў», — сказаў ён.

«У нас ёсць і новыя даныя па прыцягненні ў Расію ваенных з Паўночнай Карэі: цяпер на расійскай тэрыторыі знаходзяцца больш за 8 тысяч паўночнакарэйскіх ваенных. Дадаткова рыхтуецца разгортванне кантынгенту яшчэ плюс 10 тысяч — іх адбіраюць для праходжання падрыхтоўкі і наступнага перакідання ў Расію», — паведаміў кіраўнік Украіны.

Зяленскі адзначыў важнасць таго, каб урады краін, з якіх РФ вярбуе салдат, супрацьстаялі гэтаму. Украіна праінфармуе пра гэта кожную краіну.

* * *

Расія плануе мабілізаваць 300 тысяч чалавек да канца года і значна павялічыць колькасць жывой сілы на фронце. Іх будуць кідаць на вайну без належнай падрыхтоўкі, сказаў камандуючы Сіл беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі ў інтэрв'ю The Telegraph.

Па яго словах, Пуцін паспрабуе дзейнічаць максімальна хутка. Калі раней армія РФ прыцягвала пераважна кантрактнікаў за грошы, то цяпер схаваная мабілізацыя пераходзіць у легальную і адкрытую фазу. Ён лічыць, што ў Расіі начнецца прымусовая «ўпакоўка ў вагоны» непадрыхтаваных расіян для адпраўкі на фронт.

«Мы чакаем істотнае павелічэнне жывой сілы на паласе праціўніка на фронце ўжо пачынаючы з наступнага месяца», — сказаў Броўдзі.

* * *

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін змяніў «тэорыю перамогі» ў вайне супраць Украіны і робіць стаўку на маштабныя дальнабойныя ракетна-дранавыя ўдары зімой 2026 — 2027 гадоў, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што новая канцэпцыя Крамля шмат у чым залежыць ад здольнасці Расіі запускаць танныя рэактыўныя дроны тыпу Герань у вялікіх колькасцях і з высокай доляй пранікнення праз украінскую СПА. Па ацэнцы ISW, Расія можа разлічваць на тое, што такая кампанія дазволіць прымусіць Украіну капітуляваць да вясны 2027 года.

ISW звязвае змяненне падыходу з ацэнкамі расійскіх праваенных блогераў і іншымі публічнымі сігналамі. На думку аналітыкаў, Крэмль не разглядае такую кампанію як неабмежаваную ў часе і імкнецца дабіцца пералому менавіта ў зімовы перыяд.

У той жа час украінская праграма дронаў-перахопнікаў накіравана менавіта на супрацьдзеянне рэактыўным Герням. ISW адзначае, што здольнасць Украіны маштабаваць гэтую праграму можа паўплываць на рэалізацыю расійскай задумы.

* * *

Савет Еўрапейскага Саюза прыняў новыя санкцыі, якія тычацца датычных да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію. Эканамічныя абмежаванні атрымалі як фізічныя, так і юрыдычныя асобы.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да яшчэ 10 чалавек і 17 арганізацый, адказных за дзеянні, якія падрываюць або ўяўляюць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. Рашэнне накіравана супраць асоб, датычных да сістэматычнай незаконнай дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, а таксама за іх прымусовую асіміляцыю, у прыватнасці, ідэалагічную апрацоўку і мітарызаваную адукацыю.

У санкцыйны пакет увайшоў Songdowon International Children's Camp — дзяржаўная ўстанова КНДР, якая ўдзельнічае ў арганізаваных праграмах з украінскімі дзецьмі.