Расія рыхтуе «новы Гляйвіц» у дачыненні да краін NATO і спрабуе ўцягнуць у вайну Беларусь

Кіраўнік МЗС Польшчы папярэдзіў пра падрыхтоўку Расіяй правакацыі «пад фальшывым сцягам» у дачыненні да краін NATO. Спробы ўцягнуць Беларусь у актыўную вайну таксама не спыняюцца, хоць Пуцін і загаварыў пра новыя мірныя перамовы. Ідуць 1582-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 251 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 чэрвеня.

Найбольшая колькасць штурмавых дзеянняў зафіксавана на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 44 атакі паблізу Біліцкага, Ніканаўкі, Дабраполля, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Сяргееўкі, Котліна і іншых.

На Гуляйпільскім кірунку расійцы 24 разы атакавалі паблізу Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага, Рыбнага, Дабраполля, Гуляйполя і Залізнічнага.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 20 атак у раёнах Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Канстанцінаўкі і Русінага Яру.

На Славянскім і Ліманскім кірунках расійцы здзейснілі па 16 штурмавых дзеянняў на кожным.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак паблізу Казачай Лапані, Ізбіцкага, Старыцы, Ахрымаўкі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося дзевяць баявых сутыкненняў.

* * *

Расія пачала новую наступальную кампанію ва Украіне: адбываецца рэзкае ажыўленне баявой актыўнасці на шэрагу кірункаў, паведаміў прадстаўнік Групоўкі аб’яднаных сіл Украіны Віктар Трэгубаў у тэлеэфіры 23 чэрвеня.

«Па сукупнасці нашых кірункаў, за якія мы адказваем, моцнае ажыўленне. Яно тычыцца і Ліманскага кірунку, але і іншых таксама: гэта і Купянскі, Паўднёва-Слабажанскі і Паўночна-Слабажанскі кірункі. Там расіяне спрабуюць дзейнічаць больш актыўна», — расказаў ён.

Пра рост інтэнсіўнасці баявых дзеянняў сведчыць павелічэнне колькасці баявых сутыкненняў і страт расійскіх войскаў. За суткі ў зоне адказнасці Групоўкі аб’яднаных сіл можа адбывацца да 37 баявых сутыкненняў, з якіх каля 20 прыпадае толькі на Ліманскі кірунак, а сутачныя страты расійскай арміі на ўсіх кірунках у зоне адказнасці групоўкі дасягаюць каля 300 ваеннаслужачых.

Па ацэнцы Трэгубава, цяперашні ўзровень актыўнасці сведчыць аб ужо разгорнутай наступальнай кампаніі РФ. «Гэта і ёсць маштабная наступальная кампанія зараз. Яна потым так ці інакш пойдзе на спад», — заявіў ён.

* * *

У ноч на 24 чэрвеня расійскія войскі нанеслі ўдары па жылых дамах у горадзе Балаклея Харкаўскай вобласці, у выніку чаго адна жанчына загінула, а яшчэ адна пацярпела.

Так званы «губернатар» часова акупаванага Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што ў выніку начной атакі беспілотнікаў на энергетычную інфраструктуру ў ноч на 24 чэрвеня горад поўнасцю застаўся без электразабеспячэння.

Акрамя гэтага, зафіксаваны пажар каля вёскі Шафраннае, размешчанага на захад ад ваеннага аэрадрома «Гвардзейскае». Гэта месца вядома як адзін з пунктаў, які расійскія войскі выкарыстоўваюць для запуску ўдарных БпЛА тыпу «Шахед»/«Герань».

Каля 4:20 раніцы стала вядома пра дакладнае траплянне ў Бахчысарай: паразілі склады 133-й асобнай брыгады матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Чарнаморскага флоту РФ (в/ч 73998). Гэта брыгада адказвае за тылавое забеспячэнне акупантаў, пастаўку харчавання, паліва, боепрыпасаў і рамонт пашкоджанай тэхнікі.

* * * 

730498102_1021577900404086_8625256206727575748_n.jfif

* * *

Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія гатова да перамоваў, але на аснове нявыгадных для Украіны палажэнняў, якія былі агучаны ў Стамбуле яшчэ ў 2022 годзе.

«Расія гатова да мірных перамоваў з Украінай. Гатова на аснове дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя яшчэ ў Стамбуле, і, нагадаю, тады былі парафіраваны ўкраінскай дэлегацыяй. Значыць, іх усё задавальняла. Не бачу падстаў адыходзіць ад гэтых дамоўленасцяў з нашага боку.

На аснове дамоўленасцяў, дасягнутых у Стамбуле, на аснове ўмоў, якія абмяркоўваліся ў Анкорыджы, і, што самае галоўнае, — рэалій на месцах. А таксама прынцыпаў, выкладзеных мной некалькі гадоў таму падчас выступлення ў Міністэрстве замежных спраў», — сказаў Пуцін на аператыўнай нарадзе з членамі ўрада.

Ён заявіў, што «кіеўскі рэжым» спрабуе стварыць уражанне моцных пазіцый на патэнцыйных перамовах. У той жа час кіраўнік Крамля лічыць, што ва Украіны няма моцных пазіцый, а яна толькі стварае такое ўражанне. На яго думку, «рэаліі на полі бою выглядаюць зусім інакш».

Па даных СМІ, расіяне ў Стамбуле патрабавалі, каб на перамовах не было прадстаўнікоў ЗША, Украіна адмовілася ад сваіх тэрыторый і прэтэнзій на рэпарацыі, зрабіла рускую мову другой дзяржаўнай, абмежавала армію і іншыя непрымальныя ўмовы. Кіраўнік расійскай дэлегацыі ў Стамбуле Уладзімір Мядзінскі заявіў на перамовах, што РФ гатова да бясконцай вайны супраць Украіны, і пагражаў захапіць таксама Сумскую і Харкаўскую вобласці. «Мы ваявалі са Швецыяй 21 год. Колькі вы гатовы ваяваць?», – спытаў Мядзінскі ўкраінскі бок.

* * *

Памочнік расійскага дыктатара Юрый Ушакоў і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў абвінавацілі Злучаныя Штаты ў здрадзе так званага «духу Анкорыджа» — канцэпцыі, якой Масква абазначала свае надзеі на здачу Украіны, піша Reuters.

На працягу апошніх трох дзён адразу трое расійскіх высокапастаўленых чыноўнікаў заявілі, што ЗША адмовіліся ад абавязацельстваў, узятых падчас сустрэчы Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы ў жніўні мінулага года.

Фармулёўка «дух Анкорыджа» (або «дамоўленасці Анкорыджа») доўгі час служыла для расійскай дыпламатыі і прапаганды ключавым інструментам. Гэтым азначэннем Крэмль абазначаў сваю ўпэўненасць у тым, што Трамп падтрымлівае галоўнае патрабаванне РФ — перадачу пад кантроль Масквы ўсёй тэрыторыі Данбаса ў абмен на часовае замарожванне лініі фронту. Хоць ЗША ніколі афіцыйна не пацвярджалі існаванне такіх дамоўленасцяў, Расія актыўна выкарыстоўвала гэтую фармулёўку для стварэння ілюзіі згоды Вашынгтона.

Цяпер у Крамлі прызналі, што канцэпцыя «духу Анкорыджа» канчаткова правалілася. Памочнік расійскага лідара Юрый Ушакоў заявіў, што толькі РФ засталася вернай «дамоўленасцям», і сказаў, што Масква больш не чакае выканання гэтых умоў, а імкнецца выключна да ўласнай «перамогі».

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў пайшоў далей і назваў сустрэчу на Алясцы амерыканскім «хітрыкам», прызначаным выйграць час для пераўзбраення ўкраінскай арміі. Яго намеснік Сяргей Рабкоў таксама канстатаваў адыход ЗША ад «фундаментальных дамоўленасцей».

«Мы бачым, што курс Вашынгтона ўсё больш набліжаецца да самай лютай антырасійскай палітыкі, якую праводзяць бліжэйшыя еўрапейскія саюзнікі ЗША — у прыватнасці, Вялікабрытанія і Францыя», — заявіў Рабкоў.

Аналітык Міжнароднай крызіснай групы Алег Ігнатаў адзначае, што за гэтымі пакрыўджанымі фармулёўкамі хаваецца глыбокае расчараванне Крамля. Расія разлічвала, што ЗША выступяць пасрэднікам і дапамогуць завяршыць вайну на выгадных для РФ умовах, аднак з лютага ўвага Трампа змясцілася на супрацьстаянне з Іранам.

* * *

Масква рыхтуе інсцэнаваную правакацыю «пад фальшывым сцягам» для апраўдання далейшай эскалацыі, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сацсетцы X, параўнаўшы дзеянні Крамля з падрыхтоўкай Трэцяга Рэйху да нападу на Польшчу ў 1939 годзе.

«Гэта гучыць як анонс правакацыі. Я чакаю нападу на тэрыторыю Расіі пад фальшывым сцягам, на які Пуцін "адкажа". Нагадваю, што ў жніўні 1939 года Абвер інсцэніраваў "польскую" атаку на радыёстанцыю ў Гляйвіцы, каб даць сабе падставу для вайны», — адзначыў глава МЗС Польшчы.

Падставай для турботы стала выступленне Пуціна перад выпускнікамі ваенных ВНУ. Ён заявіў, што Расія будзе наносіць удары ў адказ па краінах Еўропы, калі з іх тэрыторыі будуць фіксаваць запуск беспілотнікаў у бок расійскіх аб’ектаў.

Гэтай заяве папярэднічалі травеньскія заявы Службы знешняй разведкі РФ, якая абвінаваціла УСУ ў падрыхтоўцы запускаў БПЛА непасрэдна з пяці ваенных базаў Латвіі (Адажы, Селонія, Ліелвардзэ, Даўгаўпілс і Екабпілс), дадаўшы, што членства ў NATO Рыгу «не абароніць».

* * *

Расія ўзмацніла ціск на дыктатара Беларусі Аляксандра Лукашэнку, патрабуючы надаць тэрыторыю краіны для адкрыцця новага фронту супраць Украіны. Крэмль разглядае магчымасць выкарыстання суседняй дзяржавы для масіраваных атак дронамі і гібрыдных аперацый супраць краін NATO, піша The Wall Street Journal.

У матэрыяле адзначаецца, што ціск на Мінск працягваецца з пачатку гэтага года. Крэмль разглядае небяспечную эскалацыю з-за запаволення расійскага наступлення на Данбасе: Пуціну патрэбныя новыя пункты напружання.

Па даных афіцыйных асоб ЗША і Еўропы, у Крамля ёсць канкрэтныя мэты. Тэрыторыя Беларусі неабходная для:

  • пастаянных запускаў дронаў па ўкраінскіх аб’ектах;

  • пашырэння лініі фронту ў бок заходніх абласцей Украіны;

  • адцягнення рэзерваў УСУ ад крытычных участкаў на ўсходзе.

Беларусь могуць выкарыстоўваць і для правакацый супраць суседніх краін Альянсу. Расія хоча ўзарваць падтрымку Украіны і праверыць рэакцыю NATO. Мінулым летам расійскія беспілотнікі ўжо заляталі ў паветраную прастору Польшчы. Цяпер такія аперацыі могуць аказацца сістэмнымі.

Як адзначае выданне, у Маскве на Лукашэнку ёсць нямала рычагоў уплыву. Большасць размоў і перамоваў ад Масквы вядзе пасол Барыс Грызлоў. Галоўны аргумент Масквы — поўнае спыненне фінансавай дапамогі, а рэжым у Мінску крытычна залежыць ад гэтых уліванняў.