Расіяне разбамбілі шпіталь на тэрыторыі «Азоўсталі», ёсць загінулыя
Расійскія войскі ноччу 28 красавіка наносілі ўдары па ваенным палявым шпіталі на тэрыторыі завода "Азоўсталь" у Марыупалі — ёсць загінулыя і параненыя.
!["Азоўцы" раскопваюць завалы пасля расійскіх бамбаванняў. Скрыншот з відэа "Азоўцы" раскопваюць завалы пасля расійскіх бамбаванняў. Скрыншот з відэа](/img/v1/images/bambavanne_azov.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Азоўцы" раскопваюць завалы пасля расійскіх бамбаванняў. Скрыншот з відэа
Жэнеўская канвенцыя гарантуе абарону стацыянарных і перасоўных медыцынскіх устаноў — на іх не павінна быць нападаў. Таксама абаронай павінны карыстацца параненыя і хворыя, незалежна ад таго, цывільныя гэта або ваенныя. Але расійскія войскі падчас нападу на Украіну неаднаразова знішчалі бальніцы.
Даслоўна "Азоў": "Усю ноч на ваенны палявы шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі завода "Азоўсталь" у Марыўпалі, дзе знаходзяцца параненыя абаронцы, расійскія войскі масава скідалі шматтонныя авіябомбы, здольныя прабіць любыя бетонныя ахоўныя збудаванні. Затым, ужо разбурыўшы памяшканне, працягвалі бязлітасна абстрэльваць руіны з карабельнай артылерыі. Сярод параненых вайскоўцаў ёсць загінулыя, зноў параненыя і кантужаныя", — паведамілі у тэлеграм-канале "Азова".
Па словах украінскіх абаронцаў Марыупаля, з-за варожай атакі частка памяшкання абвалілася — у прыватнасці, там, дзе была аперацыйная.
"Азоўцы" таксама апублікавалі відэа, знятае адразу пасля абстрэлу. На кадрах відаць, як адкопваюць загінулых пад заваламі вайскоўцаў, якія ляжалі ў шпіталі з цяжкімі раненнямі, і аказваюць першую дапамогу пацярпелым.
Паводле www.pravda.com.ua