Расійскія Z-каналы: Украіна цалкам вызваліла Днепрапятроўскую вобласць
Расійскія ваенныя блогеры пішуць пра маштабны правал арміі РФ на фронце ва Украіне. Паводле іх даных, Сілы абароны Украіны выціснулі расійскія войскі за адміністрацыйныя межы Днепрапятроўскай вобласці. Але ўлады РФ, нягледзячы ні на што, працягваюць вайну. Ідуць 1634-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак зафіксавана 233 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 жніўня.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 34 атакі. Расійцы вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Тарэцкага, Сафіеўкі і ў бок Сцяпанаўкі, Доўгай Балкі, Кучарава Яру.
На Пакроўскім кірунку расіяне здзейснілі 29 атак, намагаліся прасунуцца ў раёнах Дарожнага, Котліна, Удачнага і ў бок Светлага, Новага Данбаса, Мураўкі, Біліцкага, Шаўчэнкі.
На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі 23 штурмы ў раёнах Рэзнікоўкі, Закатнага, Крывой Лукі і ў бок Рай-Аляксандраўкі, Азёрнага і Мікалаеўкі.
На Купянскім кірунку адбылося 14 атак арміі РФ у бок Пятра-Іванаўкі і ў раёне Галубаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 12 атак РФу раёне Старыцы, Ваўчанска і ў бок Ізбіцкага, Вільчаы, Ліману, Шырокага.
* * *
У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку атакі расійскіх дронаў загінуў 3-месячны хлопчык, 11 чалавек атрымалі раненні, сярод іх — дзеці ва ўзросце 5 і 12 гадоў. Як паведаміў начальнік Днепрапятроўскай АДА Аляксандр Ганжа, расіяне нанеслі ўдар беспілотнікамі па шматпавярховым доме.
Расіяне нанеслі ўдар беспілотнікамі па гандлёвым цэнтры і прамысловым прадпрыемстве ў Запарожжы. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У сацсетках паведамляюць аб выбухах і трапляннях у выніку атакі ў расійскай Самары, пад удар мог трапіць ракетна-касмічны цэнтр «Прагрэс». Недалёка ад «Прагрэса» размешчаны завод «Авіякор», які займаецца рамонтам і мадэрнізацыяй расійскіх самалётаў. Мяркуючы па ўсім, агонь мог ахапіць корпус №106 — ключавы цэх, дзе збіраюць самалёты.
Ва ўкраінскай кампаніі Fire Point пацвердзілі, што іх ракеты «Фламінга» уразілі «ключавое ракетнае прадпрыемства» РФ.
Таксама пасля выбухаў адбыўся пажар у Ніжагародскай вобласці, а менавіта ў раёне аэрадрома «Саваслейка», дзе базуюцца МіГ-31К.
* * *
* * *
Расійскія ваенныя блогеры паведамляюць аб адыходзе падраздзяленняў РФ з Днепрапятроўскай вобласці.
Генеральны штаб УСУ на момант публікацыі афіцыйна не пацвярджаў вызваленне рэгіёна.
У той жа час адзін з расійскіх праваенных Telegram-каналаў заявіў аб «часовым выхадзе» падраздзяленняў РФ з Днепрапятроўскай вобласці. Аўтары канала ўсклалі адказнасць за сітуацыю на камандаванне Генштаба УС РФ і групоўку войскаў «Усход».
Па іх версіі, расійскае камандаванне перакінула на іншыя ўчасткі фронту даступныя рэзервы, у тым ліку для наступальных дзеянняў у Данецкай вобласці. З-за гэтага на кірунку нібыта не засталося дастаткова сіл для ўтрымання пазіцый.
Расійскія каналы паскардзіліся на скарачэнне тэмпаў набору ваеннаслужачых па кантракце, што, на іх думку, ускладняе фарміраванне і перакіданне рэзерваў. У Z-пабліках сцвярджаюць, што групоўка «Усход» не змагла своечасова перайсці да абароны з-за нястаячы асабовага складу.
* * *
Банкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза ўзмацняюць умовы працы з расійскімі рублямі на фоне значнага лішку рублёў, паведамляе The Moscow Times.
Самыя жорсткія абмежаванні ўвялі беларускія банкі. У прыватнасці, Неа Банк Азія ўсталяваў камісію ў 20% за ўнясенне наяўных расійскіх рублёў на рахункі фізічных асоб. Іншыя буйныя банкі Беларусі паднялі камісію для нерэзідэнтаў да 15%, хоць раней яна складала 2-5%.
У Казахстане Банк Цэнтр Крэдыт павялічыў камісію за ўнясенне наяўных рублёў з 5% да 10%. Турэцкі Halyk Bank, які працуе і ў Грузіі, падняў камісію да 15% для фізічных асоб і да 10% для бізнесу. У Кыргызстане Экаісламбанк падвоіў камісію за ўнясенне рублёў для ажыццяўлення пераводаў праз сістэмы грашовых пераводаў і SWIFT — да 10%.
Узмацняць жорсткасць умоў банкі краін ЕАЭС пачалі яшчэ з чэрвеня. У жніўні новыя тарыфы ўвялі таксама асобныя банкі Казахстана і Беларусі. Прычынай называюць лішак наяўных расійскіх рублёў. Банкі сутыкаюцца з выдаткамі на захоўванне, транспарціроўку і праверку валюты, тады як попыт на рубель за межамі Расіі застаецца абмежаваным.
Расійскі валютны рынак завяршыў чэрвень з самым моцным месячным падзеннем рубля амаль за чатыры гады.
* * *
Нягледзячы ні на што, Крэмль паслядоўна працягвае адпрэчваць любыя значныя мірныя прапановы, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 14 жніўня падкрэсліў, што Расія не гатовая прыняць спыненне агню, якое замарозіць цяперашнюю лінію фронту, і пацвердзіў, што Расія будзе працягваць вайну да таго часу, пакуль не зможа дабіцца «доўгатэрміновага, надзейнага і ўстойлівага» ўрэгулявання на сваіх умовах. Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў таксама заявіў, што Расія прыпыніць ці спыніць вайну ва Украіне «выключна» на сваіх умовах.
«Крэмль упарта адпрэчвае канцэпцыю перагавораў, каб аб'яднаць расійскую грамадскасць вакол праваеннай платформы напярэдадні выбараў у Дзяржаўную Думу 18-20 верасня 2026 года», — лічаць аналітыкі.
У ISW падкрэсліваюць, што рэгулярнае адхіленне Крамлём усіх украінскіх прапаноў аб спыненні агню і мірным урэгуляванні сведчыць пра нежаданне кіраўніцтва Расіі спыніць вайну ва Украіне на любых умовах, якія не прадугледжваюць задавальнення максімалісцкіх патрабаванняў Расіі.
Пры гэтым Расія адхіліла прапановы Турцыі і Украіны аб мараторыі на ўдары па марскіх мэтах у Чорным моры, і гэта толькі падкрэслівае, што Масква сістэматычна адмаўляецца нават ад самых абмежаваных дыпламатычных прапаноў Украіны і трэціх краін.