Рэха вайны: беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраванню беспілотнікамі, якія забароненыя ў РБ

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай паведаміў, што беспілотныя лятальныя апараты і тактычная медыцына ўключаны ў новую праграму для дзесяцікласнікаў у Беларусі. Пры гэтым прыватным асобам у РБ забаронена валодаць дронамі. Да чаго рыхтуюць беларусаў? Ідуць 1633-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

729480418_2867033316964828_2721811155140396646_n.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 222 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 жніўня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 29 атак. Расійцы вялі штурмы ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і Іванаполля, а таксама ў кірунках Русіна Яру і Сцяпанаўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 атак у раёнах Радзінскага і Сяргееўкі, а таксама ў кірунках Новага Донбаса, Ганнаўкі, Шаўчэнкі, Навагрышынага, Васільеўкі, Мірнага, Удачнага і Мураўкі.

На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі 17 штурмаў у раёнах Крывой Лукі, Закітнага і Рэзнікоўкі, а таксама ў кірунку Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 15 атак у раёнах Старыцы і Лімана.

На Гуляйпольскім кірунку армія РФ 12 разоў атакавала ў кірунках Уздвіжаўкі, Цвятковага, Стараукраінкі, Данілаўкі і Чароўнага.

На Ліманскім кірунку  расіяне 10 разоў атакавалі ў раёне Зарэчнага і ў кірунках Навасёлаўкі, Шыйкаўкі і Дробышава.

* * *

У ноч на 14 жніўня Расія атакавала Украіну 112 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», баражуючымі баепрыпасамі «Бандэроль» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 90 БпЛА, атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА. Паветраныя сілы Украіны заклікаюць выконваць правілы бяспекі!

Ноччу на 14 жніўня расійскі дрон са шрапнеллю патрапіў у шматпавярховік у Смеле Чаркаскай вобласці. Жыхароў кватэры, якая апынулася ў эпіцэнтры, на момант удару дома не было, але ў выніку атакі пацярпелі суседзі — пяць чалавек. Брыгады «хуткай дапамогі» аказалі ім дапамогу, але ад шпіталізацыі ўсе адмовіліся.

У Латвіі ў ноч на 14 жніўня была абвешчана паветраная трывога і збіты беспілотны апарат, які парушыў паветраную прастору краіны — верагодна, украінскі дрон, які адхіліўся ад курсу.

У ноч на 14 жніўня і раніцай гэтага дня Масква і Ленінградская вобласць падвергліся атацы дронаў. У выніку абстрэлаў зафіксавана пашкоджанні і пажар у раёне аднаго з портаў у Ленінградскай вобласці.

У Цвярской вобласці Расіі дрон пашкодзіў склад Wildberries.

* * * 

770831600_1028272969977392_9138449543073548109_n.jfif

* * *

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай паведаміў, што беспілотныя лятальныя апараты і тактычная медыцына ўключаны ў новую праграму для дзесяцікласнікаў у Беларусі.

«Мы ўзмацнілі практычы складнік. Для дзесяцікласнікаў праграма ўключае 10-гадзінны курс па вывучэнні і асваенні навыкаў кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Для дзяўчат значна пашыраны практычны блок медыцынскай падрыхтоўкі — уведзены элементы тактычнай медыцыны. Мы ссунулі баланс у бок практычных заняткаў і павялічылі іх аб'ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах», — сказаў Кадлубай.

Чыноўнік асабліва адзначыў супрацоўніцтва з мінскай вайсковай часткай №5448, дзе размешчана міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў.

«Мы бачым сваю задачу ў тым, каб максімальна распаўсюдзіць гэты вопыт на ўсю Беларусь», — заявіў Кадлубай.

Пры гэтым варта адзначыць, што прыватным асобам забаронена валодаць беспілотнікамі, а ўсе падобныя прылады павінны быць зарэгістраваны ў адпаведных органах.

* * *

Украіна і Польшча завяршаюць перамовы аб перадачы старых савецкіх знішчальнікаў МіГ-29 у абмен на партыю беспілотнікаў і найноўшыя тэхналогіі іх вытворчасці – самалёты могуць адправіць ужо ў бліжэйшыя тыдні, піша Wirtualna Polska са спасылкай на крыніцы ва Узброеных сілах і Міністэрстве абароны Польшчы.

Па даных выдання, пасля працяглага тупіка бакі дасягнулі значнага прагрэсу. Дамоўленасць прадугледжвае пастаўку Украіне знішчальнікаў МіГ-29 у абмен на вялікую колькасць БПЛА розных мадыфікацый і перадачу ўкраінскага баявога ноў-хаў.

Польшча перадае састарэлыя самалёты савецкага вытворчасці з практычна вычарпаным эксплуатацыйным рэсурсам, якія польская армія выводзіць са складу Ваенна-паветраных сіл. Раней Польшча разглядала магчымасць адпраўкі самалётаў на металалом.

Кіраўнік палітычнага кабінета міністра абароны Польшчы Януш Сеймей адзначаў, што Варшава разлічвала на супрацоўніцтва ў сферы беспілотнікаў яшчэ з пачатку года. Кіеў некаторы час неахвотна згаджаўся на ўмовы Варшавы. Цяпер кампанія Fire Point прапануе паставіць Польшчы 1500 дальнабойных БПЛА, а таксама такую ж партыю ў выпадку пачатку вайны.

* * *

Расійскія атакі амаль спынілі экспарт аграрнай прадукцыі з украінскіх чарнаморскіх портаў. У першыя дзве тыдні жніўня экспарт зерня ўпаў на 75% у гадавым вылічэнні, піша Reuters.

У ліпені і пачатку жніўня Расія здзейсніла больш за 70 атак на партовую інфраструктуру Украіны і 62 удары па судах, паведаміла ўкраінская портавая адміністрацыя. З-за назапашвання зерня ўнутраныя цэны ва Украіне абрынуліся. Па ацэнках аналітыкаў, па цяперашніх цэнах фермеры могуць атрымаць прыбытак толькі ад экспарту пшаніцы, тады як па іншых збожжавых не змогуць пакрыць вытворчыя выдаткі. Гэта стварае рызыкі для наступнай пасяўной, паколькі аграрыі губляюць сродкі на закупку гаручага, выплату заробкаў і падрыхтоўку да пасеву азімых культур.

Reuters нагадвае – Украіна чакае ў гэтым годзе ўраджай збожжавых на ўзроўні каля 60 млн тон. Дэфіцыт магутнасцей для захоўвання зерня можа складаць 11 млн тон.

Па ацэнцы НБУ, з-за блакады Украіна можа страціць каля 2,5 млрд долараў валютнай выручкі да канца года. Усеўкраінскі аграрны савет ацэньвае страты фермераў у 3 млрд долараў.

* * *

Захад знайшоў нечаканага пасрэдніка для перагавораў з Масквой. Краіны Захаду звяртаюцца для арганізацыі дыялогу з Расіяй у Бразіліі, якая захоўвае пазіцыю нейтралітэту ў вайне ва Украіне, заявіў спецыяльны дарадца прэзідэнта Бразіліі па міжнародных пытаннях Селсу Аморым, паведамляе Toda Palavra.

Выступаючы на камісіі па знешніх адносінах і нацыянальнай абароне (CREDN), Селсу Аморым паясніў, што Бразілія абараняе шматпалярны сусветны парадак і не прымае аўтаматычнага далучэння да якой-небудзь з бакоў.

«Бразілія займае пазіцыю нейтралітэту і выступае за паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва без умяшання, захоўваючы нацыянальны суверэнітэт», — сказаў ён.

«Да мяне асабіста звярталіся ў некаторых выпадках прэзідэнты, у іншых выпадках іншыя чыноўнікі, паслы і міністры з заходнееўрапейскіх краін. Яны просяць нашага дыялогу з Расіяй, таму што кажуць, што Бразілія — адна з нямногіх краін, якая вядзе дыялог як з Захадам, так і з Расіяй», — падкрэсліў Аморым.