Рубіё: ЗША не патрабуюць ад Украіны пакінуць Данбас Расіі
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў журналістам, што ЗША не патрабавалі вываду ўкраінскіх войскаў з Данбаса ў якасці ўмоў гарантый бяспекі. Уладзімір Зяленскі ў чарговы раз выказаў гатоўнасць сустрэцца для перамоў аб міры «дзе заўгодна», акрамя Расіі і Беларусі. А ў РФ атакаваны найбуйнейшы НПЗ. Ідуць 1494-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 181 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Мірнаграду, Радзінскага, Пакроўску, Грышына, Котліна, Удачнага, Мураўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 35 атак у бок Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака ў бок Варвароўкі, Стараўкраінкі, Аленаканстанцінаўкі, Зялёнага, Залізнічнага.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі дзевяць разоў каля Новасергіеўкі, Ставак, Дробышава, Ліману.
* * *
У ноч на 28 сакавіка Расія зноў нанесла ўдар па Адэсе. З дапамогай беспілотнікаў атакавана цывільная інфраструктура горада. У Прыморскім раёне зафіксавана траплянне ў дах будынка радзільні. Таксама ў выніку атакі часткова разбурана перакрыцце паміж чацвёртым і пятым паверхамі шматпавярховага дома. У выніку атак пацярпелі 11 чалавек, двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане, сярод параненых ёсць дзіця.
Раніцай 28 сакавіка БпЛА атакавалі Крывы Рог. У выніку атакі загінулі два чалавекі.
На працягу ночы на 28 сакавіка расійскія БпЛА атакавалі Палтаўскі раён, адзін чалавек загінуў.
У ноч на суботу, 28 сакавіка, дроны нанеслі ўдар па адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі ў горадзе Яраслаўль. Па аб'екце было зафіксавана некалькі траплянняў дронаў, пасля чаго на тэрыторыі прадпрыемства ўспыхнулі пажары.
Яраслаўскі нафтаперапрацоўчы завод (таксама вядомы як Slavneft-YANOS) — адзін з найбуйнейшых і стратэгічна важных нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі. Прадпрыемства забяспечвае палівам як цывільны рынак, так і расійскую армію. Магутнасць перапрацоўкі — каля 15 млн тон нафты ў год (прыкладна 300 тыс. барэляў у суткі).
* * *
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў журналістам перад яго вылетам з Францыі, што ЗША не патрабавалі вываду ўкраінскіх войскаў з Данбаса ў якасці ўмоў гарантый бяспекі.
Дзяржсакратара спыталі пра заяву ўкраінскага прэзідэнта аб тым, што ЗША прапануюць Кіеву свае гарантыі бяспекі ў абмен на вывад ўкраінскіх войскаў з неакупаванай часткі Данецкай і Луганскай абласцей. Рубіё заявіў, што словы Зяленскага былі няпраўдай і што яму «прыкра» чуць гэтыя заявы.
Ён паведаміў, што ЗША сказалі Зяленскаму «відавочнае» — тое, што гарантыі бяспекі не могуць набыць моц, пакуль не завершацца баявыя дзеянні.
«Што такое гарантыі бяспекі? Гэта войскі, гатовыя ўмяшацца і забяспечыць бяспеку. Калі вы ўведзяце гэта зараз, гэта будзе азначаць, што вы ўмешваецеся ў вайну. Яму было вельмі ясна сказана, і ён павінен быў гэта зразумець, што гарантыі бяспекі надаюцца толькі пасля заканчэння вайны. Але гэта не было звязана з тым, што ён павінен аддаць тэрыторыю», — сцвярджае Рубіё.
Паводле слоў дзяржсакратара, ЗША нібыта проста перадалі ўкраінцам расійскія патрабаванні, але не выступалі за тэрытарыяльныя саступкі з боку Кіева.
«Мы паведамілі ўкраінскаму боку, на чым настойваюць расіяне. Мы не выступаем за гэта... Выбар застаецца за імі. Гэта не нам вырашаць за іх. Мы ніколі не казалі ім, што яны павінны пагадзіцца або адмовіцца», — заявіў ён.
Рубіё дадаў, што канчатковае рашэнне застаецца за Украінай, але калі Кіеў не будзе прымаць ніякіх рашэнняў і не пойдзе на саступкі, вайна будзе працягвацца.
«Наша роля заключалася ў тым, каб высветліць, чаго хочуць абодва бакі, і паспрабаваць знайсці кампраміс. Канчатковае рашэнне застаецца за Украінай. Калі яны не хочуць прымаць пэўныя рашэнні і ісці на пэўныя саступкі, вайна будзе працягвацца», – дадаў чыноўнік.
* * *
Прэзідэнт УКраіны Уладзімір Зяленскі ў эфіры тэлемарафону «Адзіныя навіны» заявіў, што Украіна штодня вядзе перамовы з амерыканскім бокам і працуе над арганізацыяй трохбаковых сустрэч з РФ, аднак з-за абмежаванняў па месцы правядзення перамоў складана дамовіцца аб сустрэчах.
«Мы штодня размаўляем з амерыканскім бокам. Наша перамоўная група размаўляе са сваімі візаві. Але, тым не менш, у нас ёсць гэтая складанасць — адчуванне такое, што мы медыятары ў гэтым працэсе, а не бок у вайне», — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў Украіна выступае за правядзенне трохбаковых сустрэч і гатова да перамоў у любой краіне. У той жа час амерыканскі бок можа праводзіць сустрэчы толькі ў ЗША, тады як Расія гатова сустракацца дзе заўгодна, акрамя Амерыкі.
«Мы працуем над тым, каб сустрэчы былі, каб яны з'явіліся недзе ў нас, у Еўропе, у Турцыі, у Швейцарыі, дзе заўгодна», — дадаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кая Калас на сустрэчы G7 абмяняліся рэзкімі заявамі адносна вайны Расіі супраць Украіны, піша Axios.
Паводле звестак крыніц выдання, пры абмеркаванні сітуацыі ва Украіне Калас раскрытыкавала ЗША за тое, што яны не ўзмацняюць ціск на Расію. Яна ўспомніла, як год таму Рубіё паведаміў, што ЗША будуць прымаць меры ў дачыненні да Расіі, калі яна будзе перашкаджаць намаганням Штатаў па спыненні вайны. «Прайшоў год, а Расія не зрушылася з месца. Калі ж скончыцца ваша цярпенне?», — спытала Калас.
Рубіё, паводле звестак крыніц, быў раздражнёны такім пытаннем. «Мы робім усё магчымае, каб пакласці канец вайне. Калі вы думаеце, што можаце зрабіць гэта лепш, калі ласка. Мы адыдзем у бок», — адказаў ён.
Рубіё таксама дадаў, што ЗША вядуць перамовы з абодвума бакамі, пры гэтым дапамагаючы толькі Украіне ўзбраеннем, разведданымі і іншай падтрымкай.
Пасля гэтага дыялогу некалькі еўрапейскіх міністраў умяшаліся і заявілі, што хочуць, каб ЗША працягвалі шлях дыпламатыі.
У канцы сустрэчы Рубіё і Калас ненадоўга адышлі ў бок, каб паспрабаваць супакоіць абстаноўку. А ў размове з журналістамі пасля сустрэчы G7 дзяржсакратар ЗША адмаўляў любую напружанасць або крытыку.
«Гэтыя сустрэчы часта прысвечаны выказванню ўдзячнасці Амерыцы за нашу ролю... І прызнанне пасярэдніцкай ролі, якую мы спрабавалі сыграць у гэтай вайне паміж Расіяй і Украінай. Ніхто там не крычыць, не павышае голас і не кажа нічога негатыўнага», — заявіў Рубіё.