СБУ ў Чарнігаўскай вобласці затрымала чалавека, які працаваў на спецслужбы Беларусі
Служба бяспекі Украіны паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што сабрала неабвержныя доказы віны яшчэ аднаго варожага агента, які збіраў разведданыя аб сілах абароны ў прыгранічных раёнах на поўначы Украіны.
Ім аказаўся жыхар Чарнігаўшчыны, які арганізаваў канал нелегальнай перапраўкі за мяжу ўкраінскіх грамадзян прызыўнога ўзросту. Але падчас дасудовага расследавання былі выкрыты новыя факты злачыннай дзейнасці затрыманага. «Перш за ўсё ўстаноўлена, што ён праводзіў разведвальна-падрыўную дзейнасць у рэгіёне на карысць спецслужбаў Беларусі. Менавіта для іх зламыснік збіраў інфармацыю аб дыслакацыі і перамяшчэнні падраздзяленняў сіл абароны на тэрыторыі вобласці», — паведамляе СБУ.
Згодна з паведамленнем, асаблівую ўвагу шпіён звяртаў на месцы жыхарства каманднага саставу ўкраінскіх войскаў. Атрыманыя звесткі спрабаваў перадаць у Расію праз аднаго з ухілістаў, якога ён збіраўся пераправіць праз мяжу па-за кантрольна-прапускнымі пунктамі.
На падставе сабраных доказаў следчыя Службы бяспекі паведамілі беларускаму агенту аб падазрэнні па:
— арт. 111 («Дзяржаўная здрада»);
— арт. 263 («Незаконнае абарачэнне зброі, баявых прыпасаў або выбуховых рэчываў»);
— ч. 3 арт. 332 («Арганізацыя незаконнай перапраўкі асоб праз дзяржаўную мяжу Украіны») Крымінальнага кодэкса Украіны.
«Працягваюцца следча-аператыўныя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх абставін злачынстваў і прыцягнення вінаватых да адказнасці», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
Расследаванне праводзілі супрацоўнікі СБУ Чарнігаўскай вобласці пад працэсуальным кіраўніцтвам абласной пракуратуры.