Стала вядома, навошта расіяне збіраюць ва Украіне пралкі і лядоўні

Расіяне вымушаныя выкарыстоўваць у некаторай вайсковай тэхніцы камп'ютарныя чыпы ад посудамыйных машын і лядоўняў. Бо праз санкцыі ЗША яны не могуць атрымаць іх законным шляхам.

czypy_1205.jpg


Гэтыя словы міністра гандлю ЗША Джыны Раймонда прыводзіць Washington Post.

«У нас ёсць паведамленні ад украінцаў, што калі яны знаходзяць расійскую вайсковую тэхніку на зямлі, яна запоўненая паўправаднікамі, якія яны дасталі з посудамыйных машын і лядоўняў», — кажа Раймонда.

Па яе словах, экспарт тэхналогій з ЗША ў Расію скараціўся амаль на 70% з моманту ўвядзення санкцый напрыканцы лютага. Аналагічныя забароны на экспарт, якія таксама распаўсюджваюцца на Беларусь, прынялі тры дзясяткі краін.

«Наш падыход заключаўся ў тым, каб пазбавіць Расію тэхналогій, што падарвала б яе здольнасць працягваць вайну. І гэта менавіта тое, што мы робім», – адзначыла Раймонда.

Прэс-сакратар Міністэрства гандлю ЗША Робін Патэрсан дадаў, што колькасць паставак з ЗША ў РФ, уключаючы тавары, якія падпадаюць пад дзеянне новых правілаў (паўправаднікі, тэлекамунікацыйнае абсталяванне, лазеры, авіёніка і марскія тэхналогіі) скарацілася на 85%.

Камп'ютарныя паўправаднікі кіруюць большасцю сучаснай электронікі. Расія пераважна імпартуе іх з азіяцкіх і заходніх кампаній.

Раймонда звярнула ўвагу на нядаўнія паведамленні, што два расійскія вытворцы танкаў былі вымушаныя прыпыніць вытворчасць праз недахоп кампанентаў.