Швецыя і Фінляндыя могуць падаць заяўкі на ўступленне ў NATO на наступным тыдні
Швецыя і Фінляндыя могуць адначасова падаць заяўкі на ўступленне ў NATO, піша найбуйнейшае фінскае выданне Helsingin Sanomat. Гэта можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.

Стакгольму і Хельсінкі трэба прайсці праз сімвалічную працэдуру падачы заяўкі. Па інфармацыі выдання, каб стварыць мацнейшы эфект, гэта вырашана зрабіць альбо адначасова, альбо з як мага меншым часовым разрывам.
Мяркуецца, што ад Фінляндыі ліст-заяўку генеральнаму сакратару NATO Енсу Столтэнбергу падасць пасол Фінляндыі ў Паўночнаатлантычным альянсе Клаўс Корханен. Па інфармацыі найбуйнешага фінскага выдання, улады Фінляндыі афіцыйна прымуць рашэнне аб падачы заяўкі ў нядзелю, 15 траўня.
У той жа дзень, як чакае газета, аб аналагічным кроку аб'явіць кіруючая Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі.
Раней прэзідэнт краіны Саўлі Нііністэ тлумачыў, што рашэнне Фінляндыі і Швецыі зрабіцца чальцамі NATO звязанае з вайной, якую Расія распачала ва Украіне. «Калі сусед паводзіць сябе такім чынам, то, вядома, на гэта непазбежна павінная быць звернутая ўвага», — казаў Нііністэ ў інтэрв'ю выданню Ilta-Sanomat.