Топ-7 памылак пуцінскай Расіі

Пуцін адназначна ўвойдзе ў гісторыю. Але зусім не так, як ён марыў. Дапусціць такую колькасць памылак і пралікаў, загнаўшы сваю краіну ў крызіс — трэба ўмець. Такое не даруецца.

picturepicture_16471716719852748385111_16685.jpg


У Расіі кажуць пра радыкальны разварот ад еўраатлантычнага свету на Усход, да Кітая, Індыі ды іншых «саюзнікаў», піша budzma.org. Маўляў, нічога крызіснага тут няма — усё ідзе паводле плану. Гучыць гэта як апраўданне, бо сам разварот адбываецца на фоне катастрофы. І калі гэта толькі пачатак, то дзе гарантыя, што далей не будзе фэйлаў?

Калі Расія застанецца сам на сам з Усходам, то апынецца ў адзіноце. Бо Усход прагматычны — там няма сентыментальных і роднасных адносінаў. Для Індыі і Кітая Расія будзе субстратам для ўласнага росту, не больш. Самі ж усходнія дзяржавы будуць гандляваць і супрацоўнічаць з ЗША, будучы ўпісанымі ў глабальны свет. Нічога не згубяць.

Для Расіі ўсё гэта — шлях у краіны трэцяга свету.

Давайце ўзгадаем, у якіх момантах на гэтым шляху Пуцін пралічыўся найбольш.


1. Татальнае неразуменне Украіны

Украіна бачылася расійцам як слабая карумпаваная дзяржава, якую разрываюць канфлікты. Людзі ненавідзяць уладу, а прэзідэнт-комік збяжыць пры першым «шухеры». Разлік быў на раскол элітаў, здраду арміі ды парад на Хрэшчаціку пад маршы часоў «великой отечественной». Далей — раздача медалёў і салют.

Украіна апынулася выбудаванай на моцных гарызантальных сувязях, з абраным — сапраўды абраным — прэзідэнтам. Пры ўсіх хібах украінскага праекту, украінцы за восем год здолелі зрабіць войска, спецслужбы, раённыя і гарадскія адміністрацыі, якім хочацца давяраць.

Халадок між рускамоўнымі і ўкраінамоўнымі, «парахаботамі» і «зеленаботамі» нікуды не знік. Але ўкраніцы паспяхова здолелі часова адмовіцца ад супярэчнасцяў дзеля адной мэты — адстаяць краіну. Няздольнасць пралічыць усё гэта паказала татальнае неразуменне расійцамі Украіны. Аналітыка, якую ў Крэмль прадавалі сурковы і медзведчукі, аказалася нічога не вартай.


2. Неразуменне ўласнай вайсковай гісторыі

У Расіі заўжды атрымліваліся абарончыя войны. Гэта вельмі важна. Вайна 1812 году і Другая Сусветная — акурат такія. Вайна на сваёй зямлі дае звышматывацыю на фронце, у тыле, у партызанскім лесе. А яшчэ важна, што ў гэтых войнах Расія не была адзінаасобнай сілай, але дзейнічала ў кааліцыі з моцнымі заходнімі дзяржавамі. Лэнд-ліз Другой Сусветнай — лепшы прыклад.

А вось заваёўніцкія паходы, «маленькія перамоганосныя войны» зазвычай ставалі для Расіі катастрофамі. Крымская, Руска-яспонская, Фінская, Афганская войны... Усё гэта пачыналася з патрыятычнага шалу, але абарочвалася стратамі, якія канвертаваліся ў сацыяльную напружанасць і рэвалюцыі.


Палонныя рускія ў Савецка-фінскай вайне

Палонныя рускія ў Савецка-фінскай вайне

Так, грамадства могуць накруціць на вайну прапагандысты, але гэта да часу. Да тысяч трунаў і эканамічнага калапсу. Калі вайна абарончая, то кожны разумее кошт пытання. Гэты кошт зараз цудоўна разумеюць акурат украінцы, але не разумеюць расійцы, якія глядзяць Салаўёва пад гарэлачку. Гэта розныя фарматы патрыятызму і матываванасці.


3. Эліты — свае і чужыя

Калі глядзіш на пуцінскі палац з залатымі ёршыкамі ці залачоны вагон Медзведчука з лямпамі за тысячы еўра, то разумееш — гэта ўсё пра панты. Візантыйшчына. Дзе тут ніцшэанская «ўлада дзеля ўлады», міф пра сталінскі аскетызм — фрэнч, боты і вялікая дзяржава? Гэтага няма. Ёсць іржа, схаваная пад пазалотай.

Расійцы шчыра верылі, што ўсё купляецца і прадаецца. У самой РФ адбылася страшэнная вульгарызацыя палітыкі, а ў Крамлі лічылі што так паўсюдна. Журналістаў, вайскоўцаў, мэраў гарадоў і былых нямецкіх канцлераў... Усіх можна купіць. Каму кватэру, каму — месца ў дырэкцыі «Газпраму».

Апынулася, што купіць можна, але не ўсіх. А тыя, каго ты купіў, могуць і кідануць. Таму ў Крамлі загаварылі пра скрадзеныя 5 мільярдаў, вылучаныя на ўкраінскія справы. А яшчэ куплены чалавек не будзе за грошы ахвяраваць жыццём, бо калі цябе няма — то навошта тыя грошы?

Заходніх палітыкаў Расія разглядала як слабых і баязлівых лакеяў. Апынулася, што на захадзе ўсё ж засталіся прынцыпы, а галоўнае — інстынкт самазахавання. Усе разумеюць, што на Украіне апетыты агрэсара не спыняцца. І як тлумачыцца перад выбарцам? А ніяк. Таму нават колішнія сябры Пуціна, накшталт Орбана, занялі антырасійскую пазіцыю.


4. Глабальны рынак і гузік на джынсах

Ведаеце, колькі людзей патрэбна, каб зрабіць звычайны гузік на джынсах? Тысячы, а мо, і болей. Кожны са сваім функцыяналам, на сваёй тэрыторыі. Знайсці радовішча металу, пасля здабыць, зрабіць станкі на завод для апрацоўкі, перавезці ўсё туды-сюды, прыдумаць дызайн гузіка, яго пакрыццё, мадэль адзення пад яго, развесці ў сетку крамаў, знайсці спажыўца...

jcpk4hf3sceu1s9vxwidtreeqexwuef4.jpg


Так працуюць сусветная кааперацыя і эканоміка. Гэта мільёны ўзаемадзеянняў, пра якія мы нават не думаем. Альтэрнатыва — драўляны гузік з дзірачкай. Тут усё прасцей: сам зрабіў, сам памяняў у суседа. На селядзец. Здаецца, акурат такой бачаць будучыню расійскай эканомікі крамлёўскія стратэгі, калі смяюцца з санкцыяў.

Гісторыя з драўляным гузікам — цалкам нармальны варыянт для даіндустрыяльнага племяннога саюзу дзе-небудзь на ўскрайку свету. Але што дзяржава можа здабыць з аперацыі па абмену гузіка на селядзец? Хто ў такую дзяржаву будзе інвеставаць ці паважаць? Ніхто. І гэта — усяго толькі гузік, не кажучы пра мікрачыпы, кампутары, тэлефоны і г.д.

Таму ўсе паралелі з СССР, які заставаўся вялікай дзяржавай пад санкцыямі, недарэчныя. Гэта фантазіі на тэму эканомікі, не больш за тое. Мы жывем зусім у іншым часе.


5. Антыамерыканізм не спрацаваў

Цалкам верагодна, што будуючы СССР 2.0 у Крамлі рабілі стаўку на сусветны антыамерыканізм. Маўляў, ЗША ненавідзяць усе — ад Афрыкі да нямецкіх і вугорскіх правых. І ўсе гэтыя пакрыўджаныя нацыі і ўрады стануць на бок Расіі, прынамсі ў ААН.

Але апынулася, што з Расіяй засталіся Эрытрэя, Сірыя, Беларусь і КНДР. Пры тым, што ў Сірыі і Эрытрэі ідзе грамадзянская вайна, там сваё пекла. Нават СНД і АДКБ — ненадзейныя саюзнікі. Не тое, што войска не даюць, але і гуманітарную дапамогу падкідваюць Украіне (як Казахстан).

Чаму так? Бо Расія не ацаніла прагматызм іншых дзяржаваў, нават Венесуэлы. Свая кашуля бліжэй да цела.

Ніхто не хоча ставаць на бок агрэсара, пры тым — слабога агрэсара. А яшчэ, кожная краіна можа зрабіць інвентарызацыю ўласных замарожаных канфліктаў і прааналізаваць: ці не залезе Расія наступным разам да іх?..

Так, магчыма ЗША — «сусветны жандар». Але гэты жандар цягне адказнасць за ўвесь свет. І для свету гэта каштоўна. Усе хочуць жыць, гандляваць, дамаўляцца. А Расія не можа забяспечыць нават рэгіянальнага парадку і бяспекі.


6. «Антыфашызм» і валяр’янка для Пуціна

Яшчэ адна дзіўная канструкцыя — гэта крамлёўскі «антыфашызм». Усе гэтыя крыкі пра дэнацыфікацыю і факельныя шэсці ў Кіеве. Разлік быў на тое, каб загарнуць агрэсію ў хоць якую ідэалагічную абгортку і прадаць спажыўцу.

Не ведаю, як тое ядуць у самой Расіі, але на Захадзе — ужо не. Тым больш ва Украіне, якую яшчэ нядаўна Пуцін збіраўся «вызваляць». Жудасныя фота разбуранага Харкава, брацкіх магіл і бежанцаў выклікаюць вельмі дакладныя асацыяцыя з Другой Сусветнай, але зусім не тыя, якія хацеў бы Пуцін. І хто тут фашыст — усім зразумела.

Асабліва весела было чуць пра нейкі «сусветны антыфашысцкі форум», які Шайгу паабяцаў зладзіць у жніўні. Антыфашысты туды прыедуць з Эрытрэі і Сірыі?.. Гучыць як «міжгалактычны шахматны турнір» у Нью-Васюках ад Астапа Бэндэра. А хутчэй, гэта наўпрост валяр’янка для Пуціна, каб супакоіць сябе і блізкіх: да жніўня мы яшчэ дажывем.


7. «Царь не настоящий!»

Пуцін узяў на сябе вельмі адказную ролю: быць не проста прэзідэнтам, але правадыром Расіі, «государем». «Государю» ў Расіі шмат што можна, шмат што даруюць, абагаўляюць. Ёсць толькі адзін момант — у такога правадыра, як у важака зграі, павінна быць удача. Шчаслівая зорка. Любяць, пакуль усё атрымліваецца. Але за крытычныя памылкі той плоціць жыццём.

Рускі бунт ці руская змова — гэта не пра тое, што цар — дрэнна. Гэта пра тое, што гэты канкрэтны цар не даў рады. А значыць, толькі рабіў выгляд, што ён цар. «Царь не настоящий».

Карыкатура на Мікалая ІІ - ад любві да нянавісці адзін крок

Карыкатура на Мікалая ІІ - ад любві да нянавісці адзін крок

Цікава, колькі ў Расіі людзей штодня задумваюцца, што Пуцін — усяго толькі надзьмуты медыямі пухір, кіношны супермэн з выдуманым іміджам джэймса бонда, дайвера, дзюдаіста, стратэга і супермэна ў адной асобе?.. А насамрэч — стары, баязлівы і сквапны «самозванец», які спусціў ва ўнітаз усе іх перспектывы.

І не трэба пра рэйтынгі. Мікалая ІІ на пачатку Першай Сусветнай рускія таксама абагаўлялі. Але — ад любові да нянавісці...