Трамп лічыць, што ў выкраданні Пуціна не будзе неабходнасці

Пасля захопу Нікаласа Мадура ў свеце існуе чаканне: а ці не зробіць Трамп тое ж у дачыненні да іншых дыктатараў. Але, прынамсі, да Пуціна кіраўнік ЗША такіх планаў не мае. Але спадзяецца атрымаць станоўчы адказ на мірны план. Ідуць 1417-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

38659839_6.jpg

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Разіна, Шахава, Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 27 разоў абавалі прасунуццаўу раёнах Салодкага, Гуляйполя, Варвараўкі і Зяленага.

На Канстанцінаўскім і Аляксандраўскім кірунках армія РФ здзейсніла па 20 атак на кожным.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў, намагаючыся ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Нававадзянага, Новаягораўкі, Калодзежаў, Дробышава і Мірнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у раёнах Прыліпкі, Старыцы, Ваўчанску і Зяленага.

* * *

Сітуацыя ў Гуляйполі застаецца адной з самых складаных на фронце. У горадзе працягваюцца баі, паведаміў спікер Сіл абароны поўдня Украіны Уладзіслаў Валошын.

Паводле яго, расійская армія, нягледзячы на вялікія страты, працягвае актыўныя штурмавыя дзеянні. Паводле слоў Валошына, штодня яны там губляюць прыкладна 250–300 чалавек.

«За апошні месяц года (снежань 2025) на поўдні ў цэлым праціўнік страціў больш за 10 тысяч чалавек, і з іх каля 70% — менавіта на Гуляйполі», — адзначыў ён.

«Штодня мы фіксуем прыкладна 20–25 баявых сутыкненняў у самім Гуляйполі і яшчэ да дзясятка ці двух дзясяткаў — на ўскраінах», — сказаў спікер Сіл абароны поўдня, дадаўшы, што ў асобныя дні было зафіксавана баявых сутыкненняў больш, чым на Пакроўскім кірунку.

Расіяне заходзяць у паўночна-заходнюю і ў паўднёва-заходнюю часткі горада. Украінскія сілы працуюць ва ўсіх частках горада, спрабуючы абрэзаць варожую лагістыку і не даць арміі РФ падвесці групы замацавання.

Расійцы ўжо двойчы мянялі склад сіл і сродкаў брыгад і падраздзяленняў, якія штурмуюць Гуляйполе. Для гэтага здымалі падраздзяленні з іншых кірункаў, каб правесці замацаванне.

«Праціўнік прымяняе тактыку "малых груп", але хваля за хваляй, каб не даць нам падцягнуць папаўненне і боепрыпасы. Таму часам даводзіцца адыходзіць з асобных пазіцый», — дадаў спікер.

* * *

У ноч на 10 студзеня ў Дняпры адбыліся выбухі на фоне пагрозы расійскіх ударных дронаў. Паветраныя сілы папярэджвалі аб руху БпЛА ў кірунку горада, ёсць інфармацыя пра перабоі са святлом і водазабеспячэннем у шэрагу раёнаў Дняпра.

Паветраныя сілы ўвечары 9 студзеня і пасля поўначы 10 студзеня паведамілі аб руху ударных расійскіх беспілотнікаў у кірунку Крывога Рога. Мясцовыя ўлады і СМІ інфармавалі аб выбухах у горадзе. Пацярпелі два чалавекі.

У Кіеве двойчы за ноч абвяшчалі паветраную трывогу на фоне папярэджанняў Паветраных сіл УСУ аб імавернасці прымянення балістычнага ўзбраення.

У Валгаградскай вобласці РФ пасля атакі дронаў адбыўся пажар на нафтабазе.

* * *

614195229_1233004949012581_4770462951731421178_n.jpg

* * *

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі спадзяецца атрымаць адказ ад Расіі на 20-пунктны мірны план ужо да канца гэтага месяца, піша Bloomberg.

Адзначаецца, што лідар Украіны спадзяецца на адказ ад Расіі да таго, як ён канчаткова ўзгодніць з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам гарантыі бяспекі і план аднаўлення.

Зяленскі дадаў, што Украіна надала свае водгукі адносна тэрытарыяльных прапаноў прадстаўнікам ЗША — яны перададуць іх расійскаму боку.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з кіраўнікамі нафтавай і газавай галіны заявіў, што ў выкраданні расійскага лідара Уладзіміра Пуціна па прынцыпе прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура не будзе неабходнасці.

У прэзідэнта ЗША спыталі, ці аддасць ён калі-небудзь загад аб захопе Пуціна. «Я не думаю, што ў гэтым будзе неабходнасць. У нас з ім заўсёды былі цудоўныя адносіны. Я вельмі расчараваны... За апошні месяц на вайне (ва Украіне) загінула 31 тысяча чалавек, многія з іх — расійскія салдаты. І расійская эканоміка знаходзіцца ў дрэнным стане. Я думаю, мы ў выніку ўсё наладзім, хоць шкада, што не зрабілі гэтага хутчэй», — адказаў Трамп.

* * *

Украіна і ЗША могуць падпісаць «пагадненне аб працвітанні» для аднаўлення краіны на сустрэчы сусветных лідараў у Давосе, якое прадугледжвае прыцягненне 800 млрд долараў, піша The Telegraph са спасылкай на заходніх чыноўнікаў.

Як паведамляе выданне, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі меў намер паехаць у Белы дом на наступным тыдні, каб падпісаць як план эканамічнага працвітання, так і пагадненне аб пасляваенных гарантыях бяспекі. Аднак яго еўрапейскія саюзнікі з «кааліцыі рашучых» адгаварылі яго ад гэтай ідэі, прапанаваўшы Сусветны эканамічны форум як найлепшую пляцоўку для сустрэчы з Трампам.

«Пагадненне аб працвітанні» прадугледжвае прыцягненне 800 млрд долараў у рэканструкцыю Украіны на працягу 10 гадоў.

«Лічыцца, што гэта адкрые шлях для шэрага крэдытаў, грантаў і інвестыцыйных магчымасцей ад прыватных кампаній для прадастаўлення сродкаў. Кіеў спадзяецца, што прапанова Вашынгтона прыняць удзел у пасляваенным аднаўленні, асабліва ў праектах, да якіх Трамп можа быць прыхільным, павысіць гатоўнасць прэзідэнта ЗША даць надзейныя гарантыі бяспекі», — піша The Telegraph.

Паводле інфармацыі выдання, дамова распрацавана на аснове пагаднення аб карысных выкапнях, падпісанага ў мінулым годзе, якое дало амерыканскім інвестарам прэферэнцыйны доступ да будучых праектаў у сферы здабычы ва Украіне.