Трамп: Злучаныя Штаты дадуць Украіне права вырабляць Patriot

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Анкары сказаў, што Злучаныя Штаты дадуць Украіне ліцэнзіі на выраб Patriot — але не ўдакладніў, цалкам сістэм СПА, ці толькі ракет да іх. А вось замежныя крылатыя ракеты Кіеву могуць і не спатрэбіцца — у іх будзе свой, лепшы варыянт. Ідуць 1597-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

Ракета РАС-3 Patriot. Фота з science.howstuffworks.com

Ракета РАС-3 Patriot. Фота з science.howstuffworks.com

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 268 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 атак расіян у раёнах Тарэцкага, Пакроўска, Радзінскага і Біліцкага, а таксама ў кірунку Паўлаўкі, Вольнага, Шаўчэнкі, Грышына, Маладзецкага, Дарожнага, Ніканараўкі, Новага Данбаса, Котліна, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 30 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Гуляйпольскага, Навасёлаўкі, Верхняй Тэрсы, і ў кірунках Горкага, Рыбнага, Дабраполля, Уздвіжаўкі і і ншых.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 29 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і Іванаполля, а таксама ў кірунку Сцяпанаўкі і Аляксандра-Шульціна.

На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 28 штурмавых дзеянняў у раёнах Крывой Лукі, Закітнага і Рызнікаўкі, а таксама ў кірунку Рай-Аляксандраўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 15 разоў атакавалі ў раёнах Ставак, Дробышава і Лімана, а таксама ў кірунках Дружалюбўкі, Шыйкаўкі, Навасёлаўкі і Ямпаля.

* * *

Сілы абароны Украіны вярнулі пад свой кантроль пасёлак Навахацкае Данецкай вобласці, паведамляе 37-я асобная брыгада марской пяхоты Украіны.

«Навахацкае — пад кантролем Узброеных Сіл Украіны! Сумеснымі і зладжанымі намаганнямі воінаў 37-й асобнай брыгады марской пяхоты і пабрацімаў з 79-й асобнай дэсантна-штурмавой Таўрычаскай брыгады пасёлак Навахацкае Данецкай вобласці поўнасцю ачышчаны ад расійскіх акупантаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Вызваленне Навахацкага пацвярджае аналітычны праект DeepState.

* * *

8 ліпеня расійскія войскі скінулі авіябомбу на Дружкоўку Данецкай вобласці. Яна трапіла ў прыватны дом: тры чалавекі загінулі, яшчэ двое атрымалі раненні.

Расійскія войскі вечарам 8 ліпеня нанеслі ўдар па Адэсе. У выніку атакі загінулі чатыры чалавекі, яшчэ шасцёра паранены. Пацярпелых шпіталізавалі.

У ноч на 9 ліпеня ў расійскіх гарадах Цвер і Міхайлаўск Стаўрапольскага края беспілотнікі атакавалі базы па захоўванні нафтапрадуктаў. У выніку ўдараў на абодвух аб’ектах успыхнулі пажары.

У горадзе Міхайлаўску Шпакоўскай акругі Стаўрапольскага края пад удар беспілотнікаў патрапіла нафтабаза «ЛУКОЙЛ-Югнафтапрадукт».

Таксама беспілотнікі атакавалі нафтабазу «Цвернафтапрадукт» у горадзе Цвер, размешчаным на поўнач ад Масквы.

* * * 

741475038_897122720127189_7605899055800937056_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Анкары ў рамках саміту NATO заявіў, што Злучаныя Штаты дадуць Украіне права вырабляць Patriot. Ён не ўдакладніў, ідзе гаворка пра комплексы ў цэлым ці пра ракеты да іх.

«Адна з рэчаў, пра якія мы з ім гаварылі, — сказаў Трамп, паказваючы на Зяленскага. — Адна птушачка мне нашаптала пра тое, што мы дадзім ім права вырабляць Patriot. Мы пакажам ім, што гэта — вельмі складана, насамрэч».

«Але вы ўмееце рабіць складанае хутка», — дадаў Трамп.

«Таму мы гаварылі пра тое, што дадзім вам ліцэнзіі на вытворчасць Patriot», — паўтарыў Трамп.

* * *

Украіна здольная наладзіць уласную вытворчасць ракет для зенітных ракетных комплексаў Patriot пасля атрымання адпаведнай ліцэнзіі. Аднак галоўнай складанасцю стане не тэхналогія, а час, неабходны для запуску поўнага вытворчага цыкла, заявіў саветнік міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў.

«Не слухайце песімістаў. Вытворчасць ракет для Patriot ва Украіне магчымая», — заявіў «Флэш».

Па яго словах, разам з ліцэнзіяй перадаюцца ўсе тэхналагічныя карты вытворчых працэсаў, праводзіцца навучанне спецыялістаў, даюцца кантакты пастаўшчыкоў, а таксама накіроўваюцца кансультанты, якія дапамагаюць арганізаваць вытворчасць.

Пры гэтым галоўнай перашкодай Бескрэстнаў назваў тэрміны рэалізацыі праекта. «Адзіная праблема — час. Усё гэта можа зацягнуцца на год і больш. Назваць тэрміны нават прыблізна немагчыма, паколькі мы не ведаем, напрыклад, колькі часу спатрэбіцца субпадрадчыкам на выраб розных вузлоў», — сказаў эксперт.

У той жа час кіраўніца абароннага напрамку Bloomberg Economics Бэка Васер лічыць, што запуск вытворчасці ракет Patriot ва Украіне запатрабуе значна больш часу. Па яе словах, поспех Украіны ў хуткім нарошчванні вытворчасці беспілотнікаў і іншых ракет не азначае, што аналагічныя тэмпы ўдасца захаваць пры выпуску Patriot. «На стварэнне ракеты Patriot патрабуюцца гады, а гэта азначае, што вытворчасць гэтых ракет ва Украіне не пачнецца ў найбліжэйшай перспектыве», — адзначыла Бэка Васер.

* * *

Украінскі вытворца дронаў і ракет FirePoint завяршыў распрацоўку ўласнага турбарэактыўнага рухавіка для крылатых ракет FP-5 «Фламінга», расказаў саўладальнік кампаніі Дзяніс Штылерман у інтэрв’ю LIGAnet.

Цяпер кампанія збірае першыя 10 тэставых узораў рухавікоў, якія павінны прайсці выпрабаванні. «Потым мы паступова пяройдзем на ўласны рухавік», — сказаў Штылерман.

«Самае галоўнае — ён адразу праектуецца для палёту на нізкіх вышынях. Тыя рухавікі, якія выкарыстоўваем цяпер, яны прымяняліся раней у цывільнай авіяцыі: у іх кропка эфектыўнасці ад 6 да 10 тысяч метраў. Яны не вельмі эфектыўныя на ўзроўні, але ўсё адно яны значна больш эфектыўныя, чым аднаконтурныя рухавікі, якія стаяць на звычайных крылатых ракетах», — патлумачыў Дзяніс Штылерман.

* * *

Расійская армія губляе ініцыятыву на полі бою, паколькі Украіна мае тэхналагічныя рашэнні, якія апярэджваюць РФ, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Анкары 8 ліпеня.

«Я не ведаю, якія ўмовы цяпер патрабуе Пуцін для міру. Думаю, што яны так ці інакш змяняюцца, бо ў пачатку поўнамаштабнай вайны ён быў мацнейшы. А цяпер, на маё меркаванне, ён губляе ініцыятыву на полі бою, прынамсі яго армія. Дзякуючы тэхналогіям, бо цяпер пытанне не ў колькасці людзей», — сказаў кіраўнік Украіны.

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна мае цяпер лепшыя тэхналагічныя рашэнні, якія апярэджваюць расійскія.

«Магчыма, мы дзейнічаем хутчэй, таму што яны таксама вырабляюць шмат розных рэчаў, якія з’яўляюцца моцнымі і магутнымі супраць нас, але мы хутчэйшыя. І таму я лічу, што цяпер ініцыятыва перайшла да нас. Не поўнасцю, але перайшла», — заявіў Зяленскі.