У МЗС Украіны пракаментавалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Афіцыйна апублікаваныя вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі не выклікаюць даверу ў беларускім грамадстве, заявілі ў МЗС Украіны. Паведамленне апублікавана на сайце ведамства.
![download__3__3.jpg download__3__3.jpg](/img/v1/images/download__3__3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы падзяляем пазіцыю, выказаную Еўрапейскім Саюзам адносна выбараў у Беларусі. Украіна надзвычай занепакоеная выпадкамі неабгрунтаванай жорсткасці праваахоўнікаў у дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, прадстаўнікоў СМІ і замежнікаў.
Разлічваем, што вызваленне з-пад варты часткі затрыманых стане пачаткам дыялогу ўлады з грамадзянскай супольнасцю ў мэтах пошуку кампрамісаў», — сказана ў паведамленні.
МЗС Украіны заклікае кіраўніцтва Беларусі не дапусціць далейшых пераследаў па палітычных матывах сваіх апанентаў і тых беларусаў, якія выйшлі на вуліцы гарадоў прадэманстраваць сваю пазіцыю, а таксама старанна расследаваць ўсе факты неправамернага прымянення сілы супраць мірных пратэстуючых.
«Украіна лічыць Беларусь асабліва блізкай краінай і гатовая прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы ёй прайсці гэты складаны этап без паслаблення суверэнітэту, ўрэгуляваць крызіс з захаваннем асноўных правоў і свабод грамадзян», — заявілі ў МЗС Украіны.
tut.by