У Расіі яшчэ ракет на тры гады — разведка Украіны

Расійскае войска цяпер беражэ ракеты «Іскандэр» і «Калібр», у асноўным Украіну бамбяць састарэлымі С-300.

Ілюстрацыйнае фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Ілюстрацыйнае фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Ваенныя аналітыкі неаднаразова казалі, што ў РФ заканчваюцца ракеты. Але на справе не ўсё так аптымістычна. У Расіі яшчэ дастаткова ракет для нанясення удараў па Украіне на працягу трох гадоў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі выданню «Украінская праўда».

«У іх дэфіцыт «Іскандэраў»,  іх засталося менш за 200 — гэта рэальнасць. «Іскандэр» зараз прымяняецца вельмі рэдка. У апошні раз літаральна ў жніўні, калі яны закідваліся ў раён Кіева з тэрыторыі Беларусі. Колькасць ракет залежыць ад таго, што цяпер выкарыстоўвае РФ. Мы палічылі: С-300 — гэта ракеты, якія знаходзяцца на захоўванні ўжо больш за 30 гадоў, а большасць з іх гадоў 35–40. Гэта на самой справе ракета, якую трэба выводзіць з баявога складу. Яе перапрацоўваюць. Іх каля 7 тысяч», — распавёў ён.

Скібіцкі адзначыў, што Расіі прасцей выпусціць гэтыя ракеты па Украіне замест утылізацыі.

«Калі палічыць, колькі яны іх выкарыстоўваюць, то ім хопіць гэтых ракет яшчэ на 3 гады. Сістэм «Калібр», паводле падлікаў, яны маглі вырабляць у год 150-180 ракет. І той запас, які ў іх ёсць, яны ўжо захоўваюць, таму што каля 70% камплектуючых не расійскай вытворчасці», — дадаў ён.

Супрацьпаветраная абарона Украіны збівае ад 50 да 70 працэнтаў расійскіх ракет. Ва УСУ адзначаюць, што складана збіваць ракеты, якія ляцяць з хуткасцю звыш трох тысяч кіламетраў у гадзіну.

Паводле korrespondent.netwww.pravda.com.ua