У Расіі не хочуць бачыць прадстаўнікоў ЕС у найбліжэйшых перамовах па заканчэнні вайны ва Украіне
Расія не ўзгадняе ўдзел прадстаўнікоў ЕС на мірных перамовах па Украіне, насуперак дамоўленасцям з прадстаўнікамі Трампа. У той жа час армія РФ атрымлівае балістыку з Паўночнай Карэі. У сувязі з гэтым Зяленскі прапанаваў саюзнікам даць Украіне дальнабойнае ўзбраенне і дазвол выкарыстоўваць яго па тэрыторыі РФ. Ідуць 1728-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 135 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 лістапада.
На Пакроўскім кірунку адбылося 13 атак непадалёк населеных пунктаў Тарэцкае, Вольнае, Дабраполле, Светлае, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Грузскае, Мірнае, Сяргееўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне шэсць разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Цернаватае, Далінка і Ягораўка.
На Ліманскім, Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па чатыры атакі на кожным.
* * *
У ноч на 17 лістапада Расія двойчы атакавала балістычнымі ракетамі масты ў Кіеве. Зафіксаваны пападанні ў Паўночны і Паўднёвы масты. У некаторых раёнах зафіксаваны перабоі з вода- і цеплазабеспячэннем.
У ноч на 17 лістапада, расійская армія нанесла балістычны ўдар па Смеле Чаркаскай вобласці, па папярэдняй інфармацыі трое чалавек атрымалі траўмы.
Прадпрыемства Газпрам нафтахім Салават у Рэспубліцы Башкартастан у РФ атакавана ў ноч на 17 лістапада. На тэрыторыі завода ўспыхнуў маштабны пажар, паведамляе маніторынгавы Telegram-канал Exilenova+.
У ноч на 17 лістапада акупацыйныя ўлады Крыма заявілі пра паўторны ўдар па Крымскім мосце і абмежаванне руху транспарту па ім.
Па даных Telegram-канала Astra, у расійскім Курску пасля атакі гарыць электрападстанцыя, якая забяспечвае электраэнергіяй 400 тысяч жыхароў.
* * *
Расія штомесяц атрымлівае ад Паўночнай Карэі дзясяткі балістычных ракет. Украіна заклікае партнёраў узмацніць пастаўкі адпаведнага ўзбраення, каб дабіцца парытэту, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі адзначыў, што Расія не толькі плануе павялічыць аб'ёмы вытворчасці балістыкі і крылатых ракет, але і «атрымлівае больш балістыкі ад Паўночнай Карэі: гаворка ідзе пра дзясяткі ракет у месяц. І гэта вельмі небяспечна не толькі для Украіны».
Калі ў Расіі ёсць такі саюзнік, які перадае балістыку, то патрэбны выразны парытэт і для Украіны, каб яна магла на роўных адказваць на расійскую пагрозу, заклікаў Зяленскі партнёраў. Ён адзначыў, што люстраныя адказы краіне-агрэсару абсалютна справядлівыя.
«Трэба вярнуцца і да размовы пра знішчэнне пускавых установак балістыкі з Расіі. Тэхналогіі для гэтага ёсць у заходняга свету, і каб хутчэй схіліць Расію да міру, каб больш надзейна забяспечыць бяспеку, павінны быць такія тэхналогіі ў нас, ва Украіне», — кажа ён.
* * *
* * *
Прадстаўнікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер плануюць сустрэцца на гэтым тыдні з украінскімі і еўрапейскімі чыноўнікамі, каб абмеркаваць пытанні гарантый бяспекі і плана пасляваеннага эканамічнага аднаўлення Украіны, піша Axios са спасылкай на прадстаўніка ўрада ЗША.
У публікацыі адзначаецца, што сустрэча ў Берліне, якая адбудзецца ў чацвер, пройдзе праз тыдзень пасля таго, як Уіткаф і Кушнер заклікалі Расію прапанаваць пасляваенную сістэму бяспекі для Еўропы — паралельную ініцыятыву, якая, як яны спадзяюцца, дапаможа пакласці канец вайне.
У той жа дзень Трампсустрэнецца ў Кітаі з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным і лідарам Кітая Сі Цзіньпінам. У панядзелак Трамп заявіў, што плануе абмеркаваць вайну ва Украіне.
Па словах крыніцы Axios, мэта сустрэчы ў Берліне — распрацаваць гарантыі бяспекі, каб прадухіліць будучыя расійскія атакі на Украіну, а таксама планы аднаўлення яе эканомікі.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, размаўляючы з журналістамі ў Вашынгтоне, заявіў, што Расія «адступае» ва Украіне.
У адказ на пытанне пра тое, што трэба, каб Уладзімір Пуцін адступіў ва Украіне, Трамп адказаў, што расійскі кіраўнік нібыта «ўжо адступае». «Думаю, ён крыху адступае. Думаю, ён мог бы быць больш жорсткім. Шчыра кажучы, думаю, ён мог бы быць значна больш жорсткім», – заявіў Трамп і дадаў, што Пуцін «хацеў бы, каб гэта скончылася».
Таксама ў Трампа спыталі, чаму Украіна зноў адчувае абмежаванні ў працы Starlink. «Я не ведаю, ці сапраўды гэта так. Я пра гэта не чуў», – адказаў амерыканскі прэзідэнт.
* * *
У Расіі не хочуць бачыць прадстаўнікоў Еўропы на найбліжэйшых перамовах па заканчэнні вайны ва Украіне. Памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што ўдзел прадстаўнікоў ЕС у наступным раўндзе перамоваў яшчэ не ўзгоднены Крамлём.
Гэта супярэчыць каментарам спецпрадстаўнікоў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера пасля візіту ў Маскву. Тады яны заявілі, што еўрапейцы будуць прысутнічаць на чарговых перамовах.
«У цяперашні час абмяркоўваецца правядзенне наступнага раўнду ў трохбаковым фармаце. Было дамоўлена, што яны працягнуцца. Дата яшчэ не ўзгоднена, як і пашырэнне фармату: некаторыя людзі пра гэта кажуць, але з намі гэта не ўзгоднена», — заявіў Ушакоў.
Ушакоў лічыць, што для таго, каб Еўропа ўдзельнічала ў перамовах, магчыма, спатрэбіцца яшчэ адзін раўнд або нават больш за адзін раўнд трохбаковых перамоваў. Па яго думцы, удзел прадстаўнікоў ЕС у перамовах залежыць ад таго, ці атрымае Расія «выразны сігнал ад еўрапейцаў пра тое, чаго яны хочуць і які канструктыўны, істотны ўклад яны могуць унесці для паспяховага ўрэгулявання ва Украіне».
* * *
Лідарка французскай ультраправай партыі Нацыянальнае аб'яднанне Марын Ле Пэн заявіла, што Францыя працягне аказваць Украіне дапамогу, калі яна пераможа на прэзідэнцкіх выбарах вясной 2027 года, піша Reuters.
Ле Пэн сказала, што Парыж будзе надаваць матэрыяльную і гуманітарную дапамогу Кіеву, але Францыя больш не мае магчымасцей для далейшай фінансавай падтрымкі. Ле Пэн падкрэсліла, што стан французскіх дзяржаўных фінансаў не дазваляе краіне даваць Украіне дадатковую фінансавую дапамогу.
Тым не менш, сказала яна, Францыя мае намер выконваць ужо ўзятыя на сябе абавязацельствы: гаворка ідзе пра ўдзел Парыжа ў сумесным крэдыце ЕС для Кіева на суму 90 млрд. еўра.