У Расіі працуюць над тым, як «прадаць» народу фактычную паразу ў вайне з Украінай

Крэмль рыхтуе глебу для заканчэння вайны ва Украіне, спрабуючы пераканаць расіян у «перамозе» на фоне краху эканомікі і незадаволенасці грамадства, піша Цэнтр «Дасье». Аднак пакуль РФ высоўвае нерэалістычныя патрабаванні да Украіны. У той жа час ЕС плануе ўласныя перамовы з Масквой — калі яна пагодзіцца, канешне. Ідуць 1535-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493326174_1031554275824317_4137598423673026939_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 208 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян у раёнах Біліцкага, Нікіфараўкі, Радзінскага, Пакроўску, Новапаўлаўкі, Тарэцка, Удачнага, Маладзецкага, Грышына, Котліна і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 23 атакі расіян у раёнах Рыбнага, Дабраполля, Святапятроўкі, Прылук, Залізнічнага, Стараўкраінкі, Верхняй Тэрсы, Запарожжа, Чароўнага і Аленаканстанцінаўкі.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 13 спроб расійцаў прасунуцца ў раёнах Каваліўкі, Дробышава, Стаўкі, Дзіброва і Ліману.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 10 баявых сутыкненняў, на Канстанцінаўскім кірунку — дзевяць атак.

* * *

8 траўня ў расійскім Яраслаўлі прагрымелі выбухі, узнік пажар на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода «Яраслаўнафтааргсінтэз».

У ноч на 8 траўня ў Растове зафіксавалі серыю выбухаў, якія выклікалі маштабны пажар. Горад, верагодна, падвергся ракетнай атацы. Як вынікае з OSINT-аналізу ASTRA, у Растове-на-Доне пажар узнік у раёне завода лакафарбавых матэрыялаў «Эмпілс» і філіяла навукова-тэхнічнага цэнтра «Радар». Мясцовыя жыхары мяркуюць, што ўдар мог прыйсціся і па заводзе «Аграпрамзапчастка». У сацыяльных сетках з’явіліся відэа, на якіх відаць густы дым і полымя ў раёне паражэння.

* * * 

689495004_1327712226208519_6467098917236243595_n.jfif

* * *

Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца падчас запланаванага візіту ў Маскву можа перадаць расійскаму кіраўніку Уладзіміру Пуціну пасланне ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, заявіў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Славакіі Расціслаў Хованец падчас пасяджэння Камітэта Еўрапарламента па замежных справах, піша Marker.

«Фіца таксама можа атрымаць каштоўную інфармацыю ад расійскага прэзідэнта пра тое, як той бачыць намаганні па спыненні вайны», — заявіў прадстаўнік МЗС Славакіі.

Хованец падкрэсліў, што Еўропа павінна быць актыўным удзельнікам у любых патэнцыйных мірных перамовах паміж Украінай і Расіяй. «Я думаю, што цяпер неабходна камунікаваць з усімі задзейнічанымі бакамі, і еўрапейскія палітыкі павінны быць за сталом перамоў, дзе будзе заключана мірнае пагадненне», — дадаў Хованец.

* * *

У Крамлі «не бачаць сэнсу» ў чарговым раўндзе трохбаковых перамоў паміж Масквой, Вашынгтонам і Кіевам, заявіў памочнік кіраўніка РФ Юрый Ушакоў. Паводле яго заявы, для далейшага прагрэсу Кіеў «павінен вывесці свае войскі з Данбаса».

«Усе разумеюць, у тым ліку, я б сказаў, і ўкраінскія перамоўшчыкі, што цяпер Кіеву трэба зрабіць толькі адзін сур’ёзны крок, пасля якога, па-першае, прыпыняцца ваенныя дзеянні, а, па-другое, адкрыюцца перспектывы для сур’ёзнага абмеркавання перспектыў далейшага доўгатэрміновага ўрэгулявання» — заявіў Ушакоў журналістам, адказваючы на пытанне аб аднаўленні перамоў.

Абмеркаванне да выканання ўмовы ён назваў «стратай часу», і дадаў, што ў Маскве цяпер чакаюць адпаведнага кроку ад Зяленскага.

Спікер МЗС Украіны Георгій Ціхі, каментуючы заяву Ушакова, адзначыў, што той у сваёй прамове запатрабаваў ад Украіны вывесці войскі з Данецкай вобласці, «каб баявыя дзеянні "прыпыніліся", а не "спыніліся"». Гэта «відавочнае прызнанне» ў тым, што Масква хоча перадыху, а не міру, падкрэсліў украінскі дыпламат.

* * *

Еўрапейскі Саюз разглядае магчымасць наладжвання прамога канала перамоў з Крамлём, каб пазбегнуць ізаляцыі ад мірнага працэсу, які цяпер узначальваюць ЗША, заявіў прэзідэнт Еўрапейскага Савета Антоніу Кошта, піша Financial Times.

Паводле слоў Кошты, ЕС мае патэнцыял для самастойных перамоў з Пуціным. Еўрапейскія сталіцы расчараваныя перамовамі аб спыненні вайны ва Украіне, якія ўзначальвае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён адзначыў, што блок атрымаў падтрымку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага для падрыхтоўкі «станоўчага ўкладу» ў перамоўны працэс.

Цяпер Кошта праводзіць кансультацыі з лідарамі ўсіх 27 краін ЕС, каб вызначыць фармат узаемадзеяння з Расіяй. Галоўнай мэтай з’яўляецца недапушчэнне сітуацыі, пры якой Еўропу прымусяць прыняць мірнае пагадненне без яе ўдзелу і згоды.

Пры гэтым у ЕС прызнаюць адсутнасць сігналаў з боку Масквы аб жаданні весці дыялог. Кошта адзначыў, што пакуль Расія не дэманструе намераў удзельнічаць у сур’ёзных перамовах.

* * *

Крэмль рыхтуе глебу для завяршэння вайны ва Украіне, спрабуючы пераканаць расіян у «перамозе» на фоне эканамічнага крызісу і стомленасці грамадства, пішаЦэнтр «Дасье».

Паводле інфармацыі Цэнтра «Дасье», адміністрацыя Пуціна яшчэ ў лютым 2026 года пачала працаваць над так званым «вобразам перамогі» для апраўдання будучага мірнага пагаднення з Украінай. Паліттэхнолагі плануюць прымусіць радыкальных Z-блогераў змяніць рыторыку і пераконваць аўдыторыю, што працяг баявых дзеянняў стаў бы «піравай перамогай».

Галоўны тэзіс прапаганды будзе грунтавацца на сцвярджэнні, што Пуцін нібыта змог «прагнуць Захад» і сарваць планы ворагаў. Крамлёўскія куратары прапануюць абвясціць сімвалічную «дэнацыфікацыю» завершанай і акцэнтаваць увагу на тэрытарыяльных дасягненнях і стварэнні сухапутнага шляху ў Крым.

«Працяг канфлікту — гэта рызыка ўсеагульнай мабілізацыі, павышэння падаткаў і ўдараў углыб краіны», — гаворыцца ў дакументах распрацоўшчыкаў стратэгіі. У адміністрацыі Пуціна асцерагаюцца, што далейшая агрэсія пагражае сацыяльным выбухам з-за знясілення рэсурсаў і дэмаграфічнага крызісу.

У расследаванні пазначана, што ў дакументах апісаны магчымы варыянт фіксацыі завяршэння канфлікту па бягучай лініі фронту, які прадугледжвае кантроль РФ над Данецкай і Луганскай абласцямі. У Херсонскай і Запарожскай абласцях мяжа будзе пралягаць па фактычным размяшчэнні войскаў, а з тэрыторый Сумскай і Харкаўскай абласцей расійскія сілы павінны быць цалкам выведзены.

Для грамадства рыхтуюць праграму «кантраляванай адлігі» ў культуры і вяртання палітычнага гумару на экраны. «Трэба стварыць ілюзію вяртання да нармальнага жыцця пасля дасягнення мэтаў», — адзначаюць аўтары плана.