У Расіі зноў загаварылі пра рэферэндумы аб далучэнні захопленых тэрыторый Украіны

Расійскія СМІ зноў падымаюць тэму рэферэндумаў аб далучэнні захопленых тэрыторый Украіны. Гэтым разам у эфіры «Расія 24» выказаўся кіраўнік калабарацыянісцкай адміністрацыі Запарожскай вобласці Уладзімір Баліцкі. Паводле яго слоў, рэферэндум аб уваходжанні ў склад РФ можна правесці восенню.

photo_1633270100217_f07fe4d92fa2.jpeg


«Я лічу, што гэта бліжэйшыя некалькі месяцаў мы можам падрыхтавацца да гэтага. Маё глыбокае перакананне, што можна зрабіць восенню», — сказаў ён.

Заявы аб правядзенні рэферэндумаў аб далучэнні Херсонскай і Запарожскай абласцей, а таксама ЛНР і ДНР з'яўляюцца дастаткова рэгулярна. Раней выказвалася меркаванне, што іх могуць правесці 11 верасня, у адзіны дзень галасавання ў Расіі. Пры гэтым тады гаварылася аб магчымым правядзенні такога апытання нават у Беларусі, адзначае REFORM.by.

Потым кіраўнік фракцыі ЛДПР у Дзярждуме Леанід Слуцкі заяўляў, што рэферэндумы могуць прайсці ледзь не ў ліпені. Цяпер зноў гаворка ідзе аб пачатку восені.

У Крамлі дастаткова стрымана выказваюцца з нагоды гэтых заяў. У прыватнасці, тыдзень таму прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што рэферэндумы не могуць праводзіцца ва ўмовах баявых дзеянняў.