Украіна адмаўляе атаку на аўтобус з беларускімі дзецьмі і гатовая ўдзельнічаць у расследаванні

Амбудсмен Украіны звязаўся з беларускім бокам і заявіў, што Украіна недатычная да атакі аўтобуса з дзецьмі ў Бранскай вобласці. Генштаб УСУ паведаміў, што не праводзіў аперацый з выкарыстаннем БПЛА ў той момант у тым раёне. Эксперты ISW адзначаюць дзівоцтвы ў інфармацыі пра інцыдэнт. Ідуць 1576-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота пашкоджанага аўтобуса, распаўсюджанае расійскім бокам

Фота пашкоджанага аўтобуса, распаўсюджанае расійскім бокам

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 259 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 штурмы расіян у раёнах Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкаша, Радзінскага, Сафіеўкі і ў бок Біліцкага, Дарожнага, Новага Данбасу, Шаўчэнка, Сяргееўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у раёнах Дабраполля, Прылук, Злагоды і ў бок Гуляйпольскага, Гіркага, Уздвіжаўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ 22 разы спрабавала уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Дзерылава, Зарэчнага, Новаміхайлаўкі, Навасёлаўкі і ў бок Дробышава, Азёрнага, Шыйкаўкі, Лімана, Дзібровы.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Сцяпанаўкі і ў бок Навапаўлаўкі.

На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 11 разоў у бок Рай-Аляксандраўкі, Крывой Лукі і ў раёне Закітнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана 10 атак каля Ліману, Ваўчанску і ў бок Ізбіцкага, Ахрымаўкі, Адраднага.

* * *

У ноч на 18 чэрвеня Расія атакавала Украіну 7 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М»/С-400 і 239 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 216 мэтаў — 4 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-400 і 212 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Адзін чалавек пацярпеў, пашкоджаны энергетычны аб’ект, прамысловае і прыватнае прадпрыемствы ў выніку расійскіх удараў па Палтаўскай вобласці ноччу 18 чэрвеня.

Позна вечарам 17 чэрвеня расійскія войскі атакавалі Сумы з дапамогай беспілотнікаў. У выніку трапляння ў жылы дом загінуў 56-гадовы мужчына, таксама пад ударам апынулася аўтазаправачная станцыя.

Украінскія беспілотнікі зноў паразілі Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод у Капотні. На прадпрыемстве ўзнік маштабны пажар, над горадам падымаюцца слупы густога чорнага дыму, якія відаць з розных раёнаў Масквы.

Завод размешчаны ў 15 кіламетрах ад Крамля і з’яўляецца крытычна важным аб’ектам паліўнай інфраструктуры расійскай сталіцы. Ён забяспечвае каля 40% патрэб Маскоўскага рэгіёна ў бензіне і 50% — у дызельным паліве, а таксама пастаўляе авіяцыйнае паліва для ваенных патрэб.

У ноч на 18 чэрвеня беспілотнікі атакавалі аб’екты ў Растоўскай і Белгародскай абласцях Расіі, у выніку чаго ўспыхнулі пажары на нафтабазе ў горадзе Гукава (Растоўская вобл.) і на меркаваным ваенным складзе каля Шабекіна (Белгародская вобл.).

* * * 

725767648_973468912195535_913204591327624836_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас выступу на саміце G7 заявіў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну неабходна пагаварыць.

«Здаецца, што там вельмі шмат салдат губляюць абодва бакі. Расія губляе больш, таму што яны нападаюць. Калі вы нападаеце ў вайне, наступаеце ў вайне, вы губляеце больш людзей», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

Трамп заявіў, што размовы з прэзідэнтамі абедзвюх краін былі «вельмі ўдалымі», і выказаў перакананне, што ім трэба сустрэцца. «Ім трэба пагаварыць, але яны проста не ведаюць, як гэта зрабіць. Яны проста не ведаюць, як ім перагаварыць паміж сабой», — сказаў ён.

Пры гэтым Трамп адзначыў, што ўкраінцы «добра спраўляюцца» на фронце, і справы ва Украіне «ідуць нядрэнна». «Расія — вялікая краіна, з велізарнымі, як вы ведаеце, значна большымі ўзброенымі сіламі, але ў іх (у ўкраінцаў) справы ідуць нядрэнна. Яны трымаюцца», — заявіў амерыканскі лідар.

Украіна мае выдатнае ўзбраенне, у прыватнасці, дзякуючы ЗША, і яна «спраўляецца даволі добра», дадаў прэзідэнт ЗША, перадае Clash Report.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго адміністрацыя вывучыць магчымасць надання амерыканскім абаронным кампаніям дазволаў на вытворчасць зброі па ліцэнзіі ў Еўропе і Украіне, піша Bloomberg са спасылкай на чыноўнікаў, дасведчаных аб ходзе абмеркаванняў.

Паведамляецца, што Трамп плануе звярнуцца да амерыканскіх абаронных кампаній з просьбай надаць ліцэнзіі на вытворчасць узбраення еўрапейскім і ўкраінскім прадпрыемствам, каб вырашыць праблему дэфіцыту ракет-перахватчыкаў для сістэм супрацьпаветранай абароны, якія неабходныя Украіне для збівання расійскіх балістычных ракет. «Яны хацелі б гэта зрабіць, мы разгледзім гэтае пытанне», – сказаў Трамп журналістам.

Паколькі запасы ЗША значна знясіліліся падчас вайны з Іранам, а нарошчванне ўласнай вытворчасці патрабуе значнага часу, прэзідэнт ЗША разглядае выдачу ліцэнзій як хуткі спосаб умацаваць пазіцыі саюзнікаў.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц пацвердзіў, што «пытанне канкрэтных ліцэнзій будзе падрабязна абмеркавана паміж краінамі-ўдзельніцамі». Па яго словах, гэта прадугледжвае наданне комплексных ліцэнзій кампаніям, што валодаюць неабходнымі тэхнічнымі магутнасцямі. «Сярод іх ёсць як еўрапейскія, так і ўкраінскія кампаніі», – заявіў Мерц.

Традыцыйна ЗША вельмі старанна ахоўваюць свае тэхналогіі і ліцэнзіі з-за асцярог за інтэлектуальную ўласнасць і бяспеку ланцужкоў паставак. Аднак некаторыя віды ўзбраенняў, напрыклад, ракеты Patriot, ужо вырабляюцца ў Германіі.

* * *

У сувязі з распаўсюджваннем інфармацыі аб атацы на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці РФ упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец тэрмінова звязаўся з беларускім бокам. Амбудсмен паведаміў, што атрымаў першапачатковую інфармацыю аб гэтым інцыдэнце, і ў ходзе гутаркі асабліва падкрэсліў: Украіна не мае ніякага дачынення да гэтай падзеі.

Ён адзначыў, што Сілы абароны Украіны не наносяць удары па грамадзянскіх аб’ектах і грамадзянскім насельніцтве на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: ўкраінскія ваенныя паражаюць выключна ваенныя мэты. Ён не выключыў, што гаворка ідзе пра чарговую правакацыю ці інфармацыйную аперацыю, выгадную перш за ўсё Расіі.

«Як упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека гатовы далучыцца да празрыстага і бесстаронняга ўстанаўлення ўсіх фактаў і абставін гэтай падзеі», — адзначыў Лубінец.

Нагадаем, што в.а. губернатара Бранскай вобласці РФ Ягор Кавальчук 17 чэрвеня заявіў, што нібыта ўкраінскі беспілотнік атакаваў аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі. Па яго словах, каманда з Гомеля ехала на адпачынак у Геленджык. Як сцвярджае губернатар, у выніку ўдару загінула жанчына, якая суправаджала каманду, грамадзянка Беларусі. Яшчэ шэсць чалавек атрымалі раненні, у тым ліку чацвёра дзяцей.

Следчы камітэт РФ узбудзіў крымінальную справу па факце «тэракта». Здарэнне назвалі «тэрактам» і ў Крамлі. У МЗС Беларусі заявілі, што лічаць гэты ўдар «актам тэрарызму супраць мірнага насельніцтва» і запатрабавалі ад Кіева «вычарпальных тлумачэнняў».

Украінскі бок афіцыйна абверг заявы аб «нападзе ўкраінскага дрона». Генштаб УСУ падкрэсліў, што ў названы перыяд Сілы абароны Украіны не прымянялі БпЛА па мэтах на тэрыторыі Бранскай вобласці РФ. «Не маючы магчымасці дасягнуць заяўленых мэт на полі бою і несучы значныя страты, Расійская Федэрацыя ўсё часцей звяртаецца да інфармацыйных маніпуляцый і фабрыкацыі абвінавачванняў супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве Генштаба Украіны.

* * *

Расія і Беларусь абвінавацілі Украіну ў нанясенні ўдару па аўтобусе з дзіцячай футбольнай камандай з яўнай мэтай, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Эксперты адзначаюць, што ISW не можа незалежна праверыць факт нанясення ўдару. Але Расія выкарыстала гэты інцыдэнт, каб наратыўна ўцягнуць Беларусь у свае інфармацыйныя аперацыі. Мэта — апраўдаць маштабныя ўдары па Украіне, прадстаўляючы іх як адказ на нібыта атакі УСУ супраць грамадзянскага насельніцтва.

У ISW адзначаюць, што беларуская рыторыка цалкам супала з расійскай: Мінск таксама абвінаваціў Украіну і заявіў, што яна нібыта спрабуе правакаваць «жорсткі» адказ Беларусі і эскалаваць вайну.

Як адзначае ISW, падобныя заявы з’яўляюцца ўжо некалькі тыдняў запар. Расія рэгулярна сцвярджае, што яе маштабныя ўдары па Украіне з’яўляюцца «апраўданым адказам» на нібыта атакі УСУ супраць мірнага насельніцтва.