Украіна і ЕС абмяркоўваюць экстранны «энергетычны» пакет дапамогі
На фоне расійскіх атак па энергетычнай інфраструктуры Украіны ЕС абмяркоўвае экстранны пакет дапамогі, у які павінны ўвайсці генератары, зарадныя станцыі і іншае энергаабсталяванне. Украіна працягвае «выбіваць» расійскую нафтаперапрацоўку, і пашкодзіла ўжо больш за палову, нягледзячы на «тэхнічныя праблемы» Starshield. Ідуць 1727-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 141 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак расіян ў раёнах населеных пунктаў Новадзмітраўка, Канстанцінаўка, Доўгая Балка, Вольнае і ў бок Малачаркі, Кандратаўкі, Мікалаеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі пяць атак, сем атак здзейснілі расійскія войскі на Пакроўскім кірунку.
* * *
У ноч на панядзелак, 16 лістапада, стала вядома пра атаку расіян на аб'ект крытычна важнай прамысловасці ў Вінніцкай вобласці. Абышлося без пацярпелых.
Сумскую грамаду атакавалі расійскія КАБы і FPV па оптавалаконнай лініі, у выніку атак зафіксаваны два пацярпелыя.
У нядзелю вечарам у Харкаве зафіксавана некалькі траплянняў расійскіх дронаў, у прыватнасці па шматпавярховым доме і будынку дзіцячай навучальнай установы.
У Запарожскай вобласці ў выніку ўдару расійскага FPV-дрона па аб'екце грамадзянскай інфраструктуры загінуў мужчына.
Па паведамленні Telegram-каналаў, у Азове Растоўскай вобласці ў выніку атакі беспілотнікаў адбыўся пажар у раёне, дзе размешчаны дзве нафтабазы.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках дакладу галоўнакамандуючага УСУ Міхаіла Драпатага заявіў, што Украіна сваімі ўдарамі спыніла ўжо больш за 55% нафтаперапрацоўчых магутнасцей РФ.
«Цалкам справядлівы наш адказ на адмову Расіі ад дээскалацыі і на іх удары па нашай энергетыцы» — адзначыў ён.
Зяленскі паведаміў, што Украіна будзе працаваць з партнёрамі над павелічэннем вытворчасці дронаў.
«Патэнцыял у нас ёсць, і прымяненне зараз на фронце эфектыўнае. За кастрычнік было больш за 50 тысяч расійскіх страт — забітых і параненых. За лістапад павінен быць аналагічны высокі паказчык. Нашы ваенныя могуць утрымліваць лінію (фронту), я ім удзячны за гэта. Трэба, каб партнёры таксама ўтрымлівалі, падтрымлівалі», – сказаў ён.
* * *
* * *
Прадстаўнікі кампаніі SpaceX паведамілі, што абмежаванне хуткасці тэрміналаў Starshield ва Украіне ўзнікла з-за тэхнічных праблем, піша ў сетцы Х журналіст Нік Шыфрын.
«Украіна абмеркавала з кампаніяй SpaceX абмежаванні хуткасці, з якімі сутыкаюцца ўкраінскія ваенныя ўздоўж лініі сутыкнення і на акупаваных украінскіх тэрыторыях. У адказ там паведамілі, што гаворка ідзе пра тэхнічную праблему», — напісаў ён, спасылаючыся на часовага паверанага ў справах Украіны ў ЗША Дзяніса Сеніка.
У той жа час Кіеў да гэтага часу не атрымаў дадатковых тлумачэнняў адносна таго, чаму абмежаванні хуткасці на акупаваных тэрыторыях дзейнічаюць ужо пяць дзён запар.
Нагадаем, 12 лістапада Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў апошнія дні ў працы Starshield на тэрыторыі Украіны назіраюцца маштабныя перабоі.
«На жаль, ужо ёсць пападанні з-за таго, што сродкі паражэння не развіваюць дастатковую хуткасць і не паспяваюць перахапіць. На жаль, гэта дапамагае расіянам забіваць больш украінцаў і наносіць па Украіне больш дакладных удараў», — сказаў Зяленскі.
* * *
Украіна і Еўрапейскі Саюз абмяркоўваюць экстранны зімовы пакет дапамогі, у які павінны ўвайсці генератары, зарадныя станцыі, аўтобусы і падтрымка аднаўлення мастоў і перапраў праз Дняпро, паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі.
Карэцкі адзначыў, што апошняя атака Расіі на лініі электраперадач і падстанцыі ў Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях пакінула без электраэнергіі сотні тысяч людзей. Ён падкрэсліў складанасць сітуацыі і неабходнасць як мага хутчэйшага паступлення дапамогі ад партнёраў.
Па словах кіраўніка ўрада Украіны, у Бруселі ён павінен абмеркаваць ключавыя дэталі пакета з прэзідэнткай Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен.
Раней Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Еўрасаюз прыменіць спецыяльны механізм для надання Украіне сродкаў на першачарговыя патрэбы ва ўмовах складанай сітуацыі з пастаўкамі электраэнергіі, вады і цяпла з-за расійскіх удараў.
* * *
Эстонія закрые ўсе пункты пропуску на граніцы з Расіяй з 1 снежня. Такое рашэнне было прынята пасля спробы дыверсіі на абаронным прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на вытворчасці беспілотнікаў, паведаміў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна ў сацыяльнай сетцы X.
Па яго словах, закрыццё граніцы павінна абмежаваць магчымасці Расіі весці варожую дзейнасць на тэрыторыі краіны і дапамагчы прадухіліць абыход санкцый. «Расія павінна зразумець, што варожыя дзеянні супраць Эстоніі цягнуць за сабой наступствы», — падкрэсліў Цахкна.
Ён таксама адзначыў, што спробы запалохаць Эстонію, дэстабілізаваць сітуацыю або падарваць бяспеку краіны не застануцца без адказу.